Памяць пра вайну была важным элементам савецкай ідэалогіі. Пра Вялікую айчынную вайну, партызанаў, падпольшчыкаў дзеці чыталі ў школе з малых гадоў. Гэтаму ж была прысвечана вялізарная частка літаратуры ды кінамастацтва ў тыя часы. Цяпер вайна вярнулася ва Усходнюю Еўропу, яе прынесла Расія, якая напала на Украіну. З абодвух бакоў змагаюцца і гінуць беларусы. Аднак цяперашняя вайна не нагадвае Вялікай айчыннай. Ніхто не бяжыць у атаку з крыкам «За Радзіму!», замест танкаў на полі бою дамінуюць дроны, кажа беларус Сяргей П., які ваяваў ва Украіне.
Да 2022-года жыхары нашага рэгіёна поўнамаштабную вайну бачылі толькі ў кіно, у першую чаргу ў савецкіх мастацкіх фільмах. Пасля расійскага нападу на Украіну мы бачым вайну ў жывую штодня. З Украіны ды Расіі прыходзяць навіны пра абстрэлы, знішчэнні, смерць людзей.
Больш за тое, ураджэнцы Беларусі не проста вонкавыя назіральнікі, ёсць сотні чалавек, які пайшлі ваяваць: адныя як даабраахвотнікі ў рамках Узброеных сіл Украіны, а другія наймітамі ў шэрагах расійскай арміі. Беларускі расследавальніцкі цэнтр не раз паведамляў пра дзясяткі такіх чалавек. Украінскі праект «Хачу жыць» на днях агучыў лічбу 314 грамадзян Беларусі, што ваявалі на баку Расіі, загінулі на вайне ва Украіне. Агулам праект раскрыў, што 1330 беларусаў ваявалі ці ваююць на баку РФ.
Што тычыцца беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца за Украіну, іх лічба дакладна не вядомая. Большасць з іх не раскрываюць імёнаў, бо лукашысты пераследуюць сваякоў добраахвотнікаў. Па падліках Радыё Свабода, у 2023-м годзе ва Украіне на баку УСУ ваявала каля 450 беларускіх добраахвотнікаў. У 2024-м годзе прадстаўнік Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Андрэй Кушняроў распавёў, што з 2014-га года 1300 беларусаў дэмабілізаваліся, а 350 чалавек працягвалі служыць у шэрагах УСУ. Нядаўна выданне «Наша Ніва» напісала, што ў складзе УСУ ваюе прыкладна столькі ж беларусаў, колькі і ў складзе расійскай арміі. Пры гэтым, у баях супраць Расіі з пачатку поўнамаштабнай вайны загінула не менш як 69 беларускіх добраахвотнікаў.
Пра тое, як выглядае сучасная вайна, наколькі моцна яна адрозніваецца а той Вялікай айчыннай, мы паразмаўлялі з беларусам Сяргеем П., які ваяваў ва Украіне як добраахвотнік.
— Вельмі моцна адрозніваецца, таму што зараз зусім іншая вайна, іншае вядзенне бою, зараз важнае значэнне мае тактыка, а раней проста ішлі ў бой, наперад. Акопнай вайны цяпер мала, у асноўным цяпер вайна вядзецца ракетамі, ракетнымі ўстаноўкамі, беспілотнікамі, FPV-дронамі. Гэта вельмі адрозніваецца ад той папярэдняй вайны.
Па літаратуры пра Вялікую айчынную вайну, мы памятаем, што вельмі важную ролю гуляла пяхота. Якую ролю цяпер мае пехацінец?
— Вельмі важную – пяхота робіць зачыстку. Аднак цяпер кожнае звяно патрэбнае. Не будзе артылерыі, не будзе дронаў, не атрымаецца проста ісці ў атаку, як расіяне часта робяць, бо хутка вычарпаюцца людскія рэсурсы. Дарэчы, у Маскве гэта таксама разумеюць. Яны, вядома, пруць масай, але ладзяць таксама масавыя абстрэлы, і толькі потым ужо запускаецца пяхота. Пацанам, якія сядзяць на пазіцыі, вельмі складана: ім трэба перажыць абстрэл, каб потым змагацца з варожай пяхотай, якая ўвесь час лезе.
Вялікую Айчынную мы памятаем таксама па танкавых рэйдах ці вялізарных танкавых бітвах, як пад Курскам. Цяпер жа на відэа з вайны не бачна танкаў. Куды яны прапалі?
— Танкі ёсць, танкі пруць, танкі - самае страшнае на вайне - гэта танкавы стрэл. Танкавы снарад спачатку прылятае, а толькі потым ідзе гук. Не так як мінамёт ці зенітную ўстаноўку, іх можна пачуць і неяк схавацца, а танка не пачуеш. Ёсць у іх тэхніка, шмат тэхнікі, на жаль.
Ці Вы думалі, што апыніцеся на вайне? З якой мэтай вы туды ішлі?
— Я разумеў, але першы час не да канца. Я вельмі шмат разважаў, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, і спачатку валанцёрыў, і бачыў боль усіх гэтых людзей. Я думаў, што я змагу працягваць займацца валанцёрствам, дапамагаць ім чым магу, але ў выніку вырашыў паехаць. Мая мэта, як і любога беларуса на гэтай вайне, - змыць першую кроў, якая пайшла з нашага боку, з боку Беларусі, калі зайшлі рускія войскі. Паказаць украінцам, хто мы насамрэч, што мы не здраднікі, а ў нас адзін толькі здраднік і ўся яго сістэма. Мы такія ж самыя людзі: любім сала, любім боршч, і мова ў нас падобная вельмі, мы не здраднікі, таму мы пайшлі абараняць вашу краіну.
Ці ўкраінцы гэта разумеюць?
— Зразумелі, калі пабачылі, як мы змагаемся, асабліва пасля таго, колькі беларусаў далучылася да Узброеных сіл Украіны. Яны пачалі інакш да нас ставіцца. Яны пачалі лепш разумець, што ў нас у краіне адбываецца. Яны не ведалі, і часта казалі, што «бацька» у вас добры. Потым самі пераканаліся ў яго «дабрыні».
Размаўляў Юры Ліхтаровіч