Прайшло ўжо некалькі гадоў з моманту выхаду Вялікабрытаніі з ЕС (брэксіту), і ўсё часцей у дзяржаве гучыць пытанне — ці не памыліліся брытанцы, калі вырашылі пакінуць Еўрапейскі Саюз? Асабліва, калі гаворка ідзе пра іміграцыю. Апытанне, праведзенае арганізацыяй More in Common для выдання Politico, паказала, што большасць брытанцаў цяпер настальгуюць па сістэме іміграцыйнага кантролю, якая дзейнічала да выхаду з ЕС. Каля 41 працэнта апытаных хацелі б вярнуцца да старой палітыкі, у той час як цяперашнюю падтрымліваюць толькі 19 працэнтаў. Суадносіны галасоў — два да аднаго ў карысць старой сістэмы.
Як адзначае Forsal са спасылкай на Politico, найбольш хацелі б «вярнуць час назад» выбарцы Партыі зялёных — 60% з іх падтрымліваюць ранейшыя правілы. Сярод прыхільнікаў Партыі працы — 46%, а Ліберальных дэмакратаў — амаль палова. Цікава, што нават частка еўраскептыкаў з Партыі рэформ Найджэла Фаража, якія калісьці масава галасавалі за брэксіт, сёння не задаволеныя тым, што атрымалася.
Пасля выхаду з Еўрасаюза Вялікабрытанія адмовілася ад прынцыпу свабоднага перамяшчэння людзей у межах ЕС, але адначасова лібералізавала візавую палітыку для іншых краін. У выніку колькасць мігрантаў не скарацілася — наадварот, яна вырасла. Паводле дадзеных Migration Observatory з Оксфардскага ўніверсітэта, у 2024 годзе чыстая міграцыя склала больш за 430 тысяч чалавек. Да брэксіту гэтыя паказчыкі звычайна былі ў межах 200–300 тысяч. Гэты рэзкі рост нават атрымаў неафіцыйную назву — «Boriswave», у гонар прэм’ера Барыса Джонсана, які ўвёў новы парадак.
У выніку шмат хто адчувае сябе падманутым. Пасля брэксіту брытанцы не толькі страцілі права свабодна жыць і працаваць у іншых краінах Еўропы, але і не дачакаліся зніжэння міграцыі ў сваю краіну. Іміграцыя не скарацілася, а жыццё не стала лягчэйшым — таму незадаволенасць аб’яднала выбарцаў з усіх палітычных лагераў.
У тым жа апытанні брытанцаў спыталі, якая іміграцыйная сістэма ім падабаецца найбольш. 46 працэнтаў адказалі — аўстралійская сістэма, заснаваная на балах. Але іранія ў тым, што менавіта такая мадэль дзейнічае цяпер у Вялікабрытаніі.
Кансультантка Migration Observatory, Джарджына Стэрдж тлумачыць: людзі ацэньваюць не саму сістэму, а яе асацыяцыі. Большасць проста адчувае, што «старое было лепш», хоць мала хто разумее рэальныя розніцы паміж гэтымі мадэлямі.
Карацей кажучы — пасля брэксіту Вялікабрытанія не атрымала таго, на што спадзявалася. Кантроль над межамі не вярнуўся, міграцыя не зменшылася, а настальгія па даўніх часах расце.
нг