«Грузінская мара» перамагла дзе толькі магчыма
На мясцовых выбарах, якія адбыліся ў Грузіі 4 кастрычніка, пераканаўчую перамогу атрымала партыя «Грузінская мара» (ГМ), якая знаходзіцца ва ўладзе ўжо 13 гадоў. Фарміраванне, заснаванае мільярдэрам Бідзінай Іванішвілі і якое дагэтуль ён узначальвае (хутчэй з-за куліс, чым афіцыйна), атрымала амаль 82% галасоў па ўсёй краіне. У сталіцы, Тбілісі, гэты паказчык значна ніжэйшы — 70%, але вынік усё роўна больш чым уражлівы. Нават калі б і былі парушэнні — а апазіцыя сцвярджае, што яны былі — цяжка адмаўляць, што ГM з'яўляецца гегемонам у Грузіі.
З моманту прыходу да ўлады «Грузінская мара» перамагла паўсюль, дзе толькі было магчыма. Яна чатыры разы набірала найбольш галасоў на парламенцкіх выбарах і чатыры разы на мясцовых выбарах, а яе кандыдаты тройчы атрымлівалі перамогу на прэзідэнцкіх выбарах (хаця двое з іх, Георгій Маргвелашвілі і Саломэ Зурабішвілі, у рэшце рэшт далучыліся да апазіцыі, а Міхаіл Кавелашвілі быў абраны не шырокай грамадскасцю, а калегіяй выбаршчыкаў, у якой дамінуе «Грузінская мара»).
Напачатку апазіцыйныя фарміраванні, асабліва «Адзіны нацыянальны рух» (АНР) былога прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, змаглі весці справядлівую барацьбу з ГM — у першым туры прэзідэнцкіх выбараў 2018 года кандыдат ад АНР прайграў кандыдату ГM менш чым на адзін адсотак — і здавалася, што ў Грузіі, як і ў ЗША, узнікне двухпартыйнае кіраўніцтва, калі абедзве партыі будуць кіраваць па чарзе. Аднак з кожнымі выбарамі вынікі ГM пастаянна паляпшаліся, у той час як АНР слабеў і губляў сілы ў барацьбе як з урадам, так і з іншымі ідэалагічна арыентаванымі апазіцыйнымі групоўкамі (раздробленасць гэтага лагера нагадвае польскую палітычную сцэну 1990-х гадоў).
«Ты гуляеш гэтак жа добра, як дазваляе табе гуляць твой супернік»
Як узнікла такая сітуацыя? Сярод спартыўных каментатараў у той час была папулярная прымаўка: «Ты гуляеш гэтак жа добра, як дазваляе табе гуляць твой супернік», — і супернікі дазвалялі «Грузінскай мары» многае. Самае галоўнае, яны аддавалі яму цэлыя ўчасткі поля без бою. Ні АРН, ні якая-небудзь іншая партыя з гэтага боку палітычнай барыкады гадамі не распрацоўвала зладжанай праграмы для сельскай гаспадаркі і правінцыі ў цэлым, арыентуючыся на сталічны электарат і пераконваючы даўно перакананых «адукаваных маладых людзей». Не было вырашана і пытанне кансерватыўнага сегмента грамадства, бо забываліся пра тое, што, хоць прыблізна 80% грузінаў паслядоўна падтрымліваюць членства сваёй краіны ў ЕС, прыблізна 50% заяўляюць пра высокую рэлігійнасць, што ставіць Грузію на адно з першых месцаў у Еўропе (цікава, што праваслаўныя краіны дамінуюць у падобных рэйтынгах рэлігійнасці). Недаацэньвалі і памкненняў старэйшых людзей, якія з настальгіяй успаміналі СССР і ўспрымалі імперыялістычную палітыку Масквы як пагрозу, але ў той самы час адчувалі сімпатыю да рускіх і рускай культуры. Усе гэтыя групы паспяхова культываваліся ГМ, лідар якой нарадзіўся ў невялікай вёсцы ў даволі бедным асяроддзі (Саакашвілі нарадзіўся ў Тбілісі, у сям'і грузінскай савецкай эліты). Астатняе зрабілі грошы Іванішвілі.
Раздробленыя дэмакраты недаацанілі сітуацыі
Да апошніх парламенцкіх выбараў у кастрычніку 2024 года празаходняя апазіцыя падзялілася амаль на дзясятак партый, аб'яднаных у некалькі кааліцый. Некаторыя апытанні прарочылі ім сумесную перавагу над кіруючай партыяй, і лідары апазіцыі ўжо віншавалі адзін аднаго і дзялілі будучыя партфелі і пасады. Яны недаацанілі эфектыўнасць прапагандысцкага паслання «Грузінскай мары», якая гарантавала мір, калі іх праціўнікі ўцягнуць Грузію ў вайну. Апазіцыя ізноў не зрабіла ніякіх высноў і спробаў выйсці за межы ўласнай «бурбалкі». Урад таксама скарыстаўся стабільнай эканамічнай сітуацыяй. Калі вынікі былі абвешчаныя — незалежна ад таго, наколькі на іх паўплывалі парушэнні, пра якія паведамлялі назіральнікі, — і расчараваная частка электарату выйшла на вуліцы, апазіцыя не змагла стрымаць гэтую незадаволенасць (іншая справа, што пратэсты былі і маюць партыйны і апалітычны характар). У рэшце рэшт, апазіццыя падала ў адстаўку з парламента і, збольшага, зусім не ўдзельнічала ў мясцовых выбарах.
Час рабіць высновы
Наступныя парламенцкія выбары адбудуцца ў Грузіі ў 2028 годзе, таму ў «Грузінскай мары» ёсць тры гады, каб канчаткова «забетанаваць сістэму» — сёння практычна ўсе дзяржаўныя функцыі ў краіне займаюць вылучэнцы гэтага фармавання. Паводле заяваў палітыкаў, яны паспрабуюць забараніць вядучыя апазіцыйныя групы. Такі крок, верагодна, прывядзе да замарожвання адносін паміж Тбілісі і Захадам — адносін, якія знаходзяцца ў глыбокім крызісе ўжо некалькі месяцаў. Гэта не ідэальны сцэнар для абодвух бакоў.
Аўтар: Войцех Гурэцкі, галоўны спецыяліст аддзела Турцыі, Каўказа і Цэнтральнай Азіі ў Цэнтры Усходніх даследаванняў (Ośrodek Studiów Wschodnich). Аўтар рэпартажных кніг пра Каўказ і Цэнтральную Азію