— Вельмі цяжка ўсведамляць, колькі беларусаў усё яшчэ за кратамі. Яшчэ цяжэй думаць пра тое, колькі пустых, аднастайных гадзін яны правялі ўжо ў няволі. Так хочацца гэта спыніць! Але простага спосабу, на жаль, пакуль няма.
Напісаць ліст — гэта самае простае, што мы можам зрабіць, каб падтрымаць не толькі нашых герояў, але і саміх сябе. У Варшаве беларуская моладзь арганізавала ініцыятыву, якая займаецца напісаннем лістоў палітвязням. Сёння я гутару з валанцёрамі гэтай арганізацыі.
Калі ласка, прадстаўцеся і некалькі слоў пра сваю арганізацыю.
— Маё імя Алесь, са мной побач сядзіць Алекс. Мы прадстаўляем ініцыятыву «Напішы ліст палітвязню», якая працуе пры Беларускім моладзевым хабе з 2021 года.
— Якія мэты і задачы ставіце перад сабой?
— Галоўныя мэты нашай арганізацыі ў тым, каб падтрымліваць і дапамагаць людзям, якія апынуліся за кратамі з палітычных прычын, а таксама тым, хто ўжо выйшаў з вязніцы: дапамагаць ім, даваць магчымасць адчуць цеплыню. І, наколькі нам вядома, гэта сапраўды дзейнічае. Нядаўна да нас прыходзілі некалькі былых палітвязняў, якія выказвалі падзяку за лісты і казалі, што для іх атрымліваць іх там было надзвычай важна. І гэта нас вельмі цешыць.
— Да вас прыходзілі тыя, хто насамрэч атрымліваў вашы лісты?
— Так. Але прыходзілі і тыя, хто не атрымаў іх у вязніцы, але здолеў прачытаць пасля таго, як ужо вызваліўся.
— Як дзейнічае ваша сістэма ў такіх умовах…
— Найперш людзі, якія да нас прыходзяць, пішуць гэтыя лісты. Мы іх адпраўляем як у фізічным выглядзе праз пошту, так і захоўваем на сайце ў банку лістоў.
— Гэта была ідэя нашай ініцыятывы — захоўваць іх, бо калі людзі, якія выйшлі з вязніцы, і не атрымлівалі іх там, у іх будзе магчымасць з імі азнаёміцца.
— Ці ёсць у вас нейкая зваротная сувязь з палітвязнямі?
— Цяпер, вядома, адказаў ад іх няма. Мы не можам дакладна ведаць, колькі лістоў да іх даходзіць, але раней такая зваротная сувязь была. Гэта былі звычайныя лісты з падзякамі, што іх памятаюць. Такое звычайнае ліставанне.
— І вы казалі, што многія пасля таго, як выходзілі на волю, асабіста звярталіся да вас, каб падзякаваць…
— Так. І гэта было зусім нядаўна. Некалькі былых палітвязняў дзякавалі і казалі, што гэта вельмі важна для людзей за кратамі. Яны казалі, што напачатку атрымлівалі нашы лісты, калі былі ў СІЗА, а ўжо потым, калі траплялі ў турму альбо калонію, лісты не даходзілі.
— Колькі наогул лістоў адправілі праз вашу ініцыятыву?
— За ўвесь час працы нашай арганізацыі мы адправілі больш за шэсць тысяч лістоў. А вось пра зваротную сувязь — не магу назваць дакладных лічбаў.
— Хто праз вас дасылае лісты палітвязням?
— Кожную сераду мы збіраемся ў Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе, і да нас можа далучыцца кожны, хто жадае напісаць ліст палітвязню.
— Вы даслалі больш за шэсць тысяч лістоў — гэта многа, мала ці…
— Магчыма, гэта замала, і мы маем дасылаць болей. Але ў цэлым гэта нармальна. У той жа час мы настроеныя на большае.
— Але вось цяпер вы ведаеце, што гэтыя лісты не даходзяць да адрасатаў, то які сэнс у гэтым?
— Магчыма, і так, але нам здаецца, што некаторыя ўсё ж трапляюць у рукі палітвязняў. Але апроч гэтага, нават калі чалавек не атрымаў у вязніцы гэты ліст, пасля вызвалення ён можа яго прачытаць, бо яны захаваліся ў нашым банку. І гэта для чалавека не менш важна, бо ён бачыць, што ўвесь гэты час пра яго памяталі, яму пісалі. А яны ж там катуюць, кажуць: цябе ўсе забылі, ты нікому непатрэбны. А ў выніку — усё інакш, і на волі гэта вельмі дапамагае пачаць новае жыццё, не зламацца.
— У вас вялікая арганізацыя?
— Хутчэй невялікая. Сталых удзельнікаў каля 15 чалавек, але да нас пастаянна далучаюцца людзі, каб дапамагаць.
— А акрамя напісання лістоў, ёсць нейкая іншая дзейнасць?
— Паколькі мы колькасна невялікая арганізацыя, то не можам пашыраць дзейнасць, але заўсёды ўдзельнічаем у мерапрыемствах, якія накіраваныя на дапамогу палітвязням.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл