Беларуская Служба

Аперацыя Агенцтва ўнутранай бяспекі. Грамадзянін Украіны дзейнічаў у Польшчы і Румыніі на расійскую разведку

21.10.2025 13:32
Прэм'ер-міністр Дональд Туск паведаміў у сацсетках, што ў апошнія дні ў розных частках Польшчы было затрымана восем чалавек. ABW падазрае, што затрыманыя рыхтавалі акты дыверсіі, паведамляе газета Rzeczpospolita.
 ABW
Афіцэры ABWAutor. Agencja Bezpieczeństwa Wewnętrznego

«Справы, пра якія напісаў прэм'ер-міністр Дональд Туск, тычацца правядзення разведкі ваенных аб'ектаў і элементаў крытычна важнай інфраструктуры, падрыхтоўкі сродкаў для ажыццяўлення актаў дыверсіі», — дадаў міністр і каардынатар спецслужбаў Томаш Семоняк.

«Гэта была падрыхтоўка да розных відаў дыверсій або збор інфармацыі аб нашай крытычна важнай інфраструктуры», — сказаў радыё ZET міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервінскі.

На пытанне, ці стаяць за гэтым расейцы, Кервінскі адказаў: «У большасці з іх».


«Мы ведаем пра гэта пасля правядзення допытаў і расследаванняў. Відавочна, што Расія ўступіла ў фазу халоднай вайны ў адносінах да ўсяго Еўрапейскага Саюза», — дадаў ён.

Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) абвясціла, што ў чацвер, 16 кастрычніка, быў затрыманы грамадзянін Украіны Даніла Г.

«Мужчына праводзіў разведвальную дзейнасць у Польшчы і Румыніі. Арышт стаў вынікам сумесных аперацый, праведзеных Агенцтвам унутранай бяспекі з румынскімі спецслужбамі. Адначасова ў Румыніі былі затрыманыя яшчэ два грамадзяне Украіны, якія цесна супрацоўнічалі з падазраваным Данілам Г.», — гаворыцца ў паведамленні.

Затрыманаму было прад'яўлена абвінавачанне ў дзеяннях ад імя расійскай разведкі супраць Польшчы шляхам падрыхтоўкі да здзяйснення дыверсій, звязаных з адпраўкай ва Украіну пасылак, якія змяшчаюць выбуховыя рэчывы і небяспечныя матэрыялы. Суд пакінуў яго пад вартай на тры месяцы.

«За апошнія месяцы супрацоўнікі ABW затрымалі 55 асоб, якія дзейнічалі на шкоду Польшчы па загаду расійскай разведкі», — сказаў Яцэк Дабжынскі, прэс-сакратар міністра і каардынатара спецслужбаў.

«Затрыманы — 21-гадовы ўкраінец, які жыў пад Варшавай і працаваў складскім рабочым. Разам з двума ўкраінскімі калегамі, ён стварыў маршрут для адпраўкі выбухоўкі праз Польшчу і Румынію ва Украіну. 21-гадовага мужчыну затрымалі пад Варшавай, а двух яго калег — румынскія спецслужбы ў Бухарэсце», — удакладніў Дабжынскі.

З 2022 года было зафіксавана 110 выпадкаў нападаў і спроб нападаў у еўрапейскіх краінах, за якімі стаяла Расія. Часцей за ўсё дыверсійныя акты адбываліся ў Польшчы і Францыі.

Паводле інфармацыі спецслужбаў, вярбоўка адбываецца на закрытых форумах у даркнэце або праз мессенджер Telegram.

яс