Слухайце размову цалкам у далучаным файле!
– Перамовы адміністрацыі Трампа з Лукашэнкам у пэўнай ступені вывелі афіцыйны Мінск з поўнай ізаляцыі палітычнай. Тут ёсць некалькі пытанняў. Першае: наколькі доўгатэрміновая, на ваш погляд, гэтая зацікаўленасць ЗША ў палітычных кантактах з Лукашэнкам?
– Цяжка адказаць на гэтае пытанне, ва ўсякім разе, мяркую, пакуль гэта зацікаўленасць захоўваецца. Калі глядзець на тое, што кажуць амерыканскія дыпламаты, і кулуарна, і афіцыйна, то цікавасць да Беларусі абумоўлена задачай замірэння ва Украіне. Беларусь мяжуе з дзвюма дзяржавамі, якія між сабой ваююць, Расіяй і Украінай. Беларусь з'яўляецца саюзнікам Расіі. У Вашынгтоне ўбачылі ролю Лукашэнкі, як дадатковы канал кантактаў з Масквой. І другое,
Лукашэнка разглядаецца як эксперт, спецыяліст па Пуціну, які можа даць нейкія парады, як лепш перамаўляцца з Пуціным. Паколькі праблема замірэння ва Украіне далёкая да завяршэння, вырашэння, то я думаю, што на гэтым этапе Вашынгтон будзе выкарыстоўваць Беларусь, як нейкі дадатковы інструмент для вырашэння праблемы спынення вайны ва Украіне.
— Як далёка, на ваш погляд, Лукашэнка гатовы будзе пайсці ў гэтых перамовах і саступках, якія просіць ці патрабуе адміністрацыя Трампа? Абмяжуецца вызваленнем і высылкай з краіны палітзняволеных, ці нават можа быць запушчаны працэс амністыі, «адліга»?
– Лукашэнка зацікаўлены ў нармалізацыі адносін не толькі з ЗША, але і з еўрапейскім звязам. Пра гэта сведчыць тая нарада, якая адбылася ў Лукашэнкі 14-га кастрычніка. Пасля нарады старшыня КДБ Церцель заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў разрадцы напружанасці з Захадам, увогуле не толькі з ЗША, але і з Еўрапейскім саюзам. Зноў жа, вядома пра кулуарныя кантакты Амбразевіча, амбасадара Беларусі ў Ватыкане, кантакты з заходнімі дыпламатамі, які спрабуе рэалізаваць тую лінію, якую абʼявіў Мінск.
Калі казаць пра тое, на што гатоў пайсці Лукашэнка ва ўнутранай палітыцы, то я мяркую, што вызваленне палітвязняў, нават усіх, і іх высылка за межы Беларусі – гэта рэальна. Бо гэтыя людзі не будуць пагражаць моцна рэжыму Лукашэнкі, калі яны будуць за мяжой.
Што датычыцца нейкай сістэмнай лібералізацыі ці адлігі, то ў гэтым у мяне ёсць вялікія сумненні, бо рэжым моцна памяняўся пасля 2020-га года, ён атрымаў вялікую траўму і без сённяшняга ўзроўню палітычных рэпрэсій мне пакуль цяжка ўявіць існаванне цяперашняга рэжыму Лукашэнкі, ва ўсякім разе, пакуль Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе.
– Польшча, Літва і Латвія – бліжэйшыя дзяржавы-суседкі Беларусі, яны ж – найбольш рэзкія крытыкі рэжыму Лукашэнкі, актыўна лабіруюць тэму санкцый і ізаляцыі. Ці ёсць, у сувязі таксама з гэтымі працэсамі, якія пачаліся, прыкметы таго, што паўстае і новы палітычны падыход у Еўропе, Еўрасаюзе, скіраваны на размарожванні гэтай сітуацыі?
– Пакуль мы бачым рытарычныя заявы, сігналы дасылаюцца ў выглядзе заяваў чыноўнікаў, прычым, дзіўна, што найперш іх агучвае нават не міністр замежных спраў, а старшыня КДБ. Але зразумела, што Еўропа і суседзі будуць рэагаваць не столькі на словы, колькі на дзеянні. Еўрапейскі саюз чакае дзеянняў. І калі казаць пра суседзяў, якія сапраўды ў значнай ступені фарміруюць палітыку Еўрасаюза адносна Беларусі, то яны чакаюць найперш вырашэння пытання з мігрантамі. І наколькі Мінск будзе гатовы гэта вырашыць, пакуль невядома. Думаю, і суседзі, і Захад чакаюць дзеянняў пасля слоў.
Разам з тым Беларусь стварае інфраструктуру для зʼяўлення расійскай ядзернай зброі. Беларусь абʼявіла тым, што да канца года тут зʼявіцца расійскі ваенны комплекс «Арэшнік». Гэта дрэнны фон для нармалізацыі адносін з Захадам. У пытаннях бяспекі Лукашэнка мае абмежаваныя магчымасці, бо вельмі вялікая залежнасць ад Расіі.
– Наколькі ўвогуле ў палітыцы дзейсны механізм кантактаў праз рэлігійныя структуры, наколькі ён дапаможа разблакаваць тое, што ёсць? Размова пра візіт кардынала Клаўдыя Гуджэроцці, які раней быў у Беларусі, і Лукашэнка з ім сустракаўся, гэта будзе выключна рэлігійны візіт, звязаны са стагоддзем пінскай дыяцэзіі ці будуць закранутыя і палітычныя пытанні, асабліва з улікам таго, што ў Беларусі ксяндзы сядзяць у турмах, асуджаныя на вялікія тэрміны?
– Я мяркую, што галоўны сэнс гэтага візіту ватыканскага кардынала ў Мінск – якраз спроба вырашыць пытанне з каталіцкімі ксяндзамі, якія сядзяць у беларускіх вязніцах.
Бачыце, мы гаворым пра тое, што Ватыкан дапаможа афіцыйнаму Мінску размарозіць адносіны з Захадам. А ў рэальнасці выглядае так, што Ватыкан не можа абараніць нават уласных ксяндзоў. Такую простую задачу ён вырашыць не можа. Таму я думаю, што гэта даволі вялікае перабольшванне пра магчымасці Ватыкана, як не тое, што лабіста Мінска, а нават як нейкага пасярэдніка.
Таму я скептычна ацэньваю гэтыя магчымасці. Калі пасля візіту кардынала будуць вызвалены ўсе тыя вязні, якіх Ватыкан лічыць сваімі, тады можна казаць, што так, працэс ідзе. Ну, а калі не, то застанецца статус-кво.
– Падсумоўваючы нашу размову, напэўна найбольш магчымае з таго, што мы абмяркоўвалі, – што могуць быць выпушчаныя і вывезеныя з краіны палітвязні. Гэта, напэўна, большае, на што здольны цяпер Лукашэнка і гатовы.
– Так, і наколькі я разумею, нейкая дарожная мапа ўжо ўзгоднена з амерыканцамі. Магчыма, да Новага года мы атрымаем добрыя навіны ў гэтым кірунку.
вх