Беларуская Служба

Польскі аналітык: Расія губляе ўплыў на Паўднёвым Каўказе

24.10.2025 16:56
Аналітык Польскага інстытута міжнародных адносін (PISM) Войцех Войтасевіч тлумачыць, як Расія губляе ўплыў на Паўднёвым Каўказе і чаму Грузія і Арменія ідуць рознымі шляхамі:
Аўдыё
  • Аналітык Польскага інстытута міжнародных адносін (PISM) Войцех Войтасевіч тлумачыць, як Расія губляе ўплыў на Паўднёвым Каўказе і чаму Грузія і Арменія ідуць рознымі шляхамі:
:        ,        .
Эксперт: Расія ўсё яшчэ мае вайсковую базу ў Арменіі, у Гюмры і кантралюе некаторыя сектары яе эканомікі.Фота: Беларуская служба Польскага радыё, https://www.polskieradio.pl/396

Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны Крэмль усё хутчэй губляе свае ўплывы на Паўднёвым Каўказе. Рэгіён шукае новыя шляхі развіцця, балансуючы паміж Захадам, Кітаем і рэгіянальнымі гульцамі. Ці здольны Еўрапейскі саюз і ЗША абмежаваць расійскую прысутнасць у рэгіёне — і чаму Тбілісі ўсё часцей згадваюць у кантэксце «другой Беларусі»?  Адказвае аналітык Польскага інстытута міжнародных адносін (PISM), які спецыялізуецца на Паўднёвым Каўказе, Войцех Войтасевіч:

— У Грузіі не перамагла прарасійская сіла ў выніку дэмакратычных выбараў,  вынікі мінулагодняга галасавання былі часткова сфальсіфікаваныя. Гэтая перамога была фактычна скрадзена «Грузінскай марай». Аднак большасць грузінаў, што пацвярджаюць незалежныя апытанні грамадскай думкі, падтрымлівае інтэграцыю сваёй краіны з Еўрапейскім Саюзам і шырока зразумелым Захадам. Дзеянні ж цяперашніх уладаў супярэчаць гэтым памкненням.

Год таму яны абвясцілі пра прыпыненне перамоваў з ЕС аб інтэграцыі. Большасць грамадства ўжо год пратэстуе на вуліцах грузінскіх гарадоў, асабліва ў Тбілісі. Але цяпер гэтыя пратэсты не такія масавыя, як летась восенню, бо ўлады робяць усё, каб іх задушыць. Уводзяцца штрафы, нядаўна зменена заканадаўства, якое цяпер дазваляе арыштоўваць удзельнікаў акцый нібыта за блакаванне вуліц. Ідзе наступ на няўрадавыя арганізацыі, незалежныя СМІ, а таксама на апазіцыю. Лідары апазіцыі знаходзяцца ў турмах, і, відавочна, што да канца года праеўрапейскія апазіцыйныя партыі могуць быць забароненыя.

— У той жа час Расія ўзмацняе эканамічнае супрацоўніцтва з Грузіяй. Нядаўна туды прыбыў транспарт нафты, каб арганізаваць вытворчасць паліва на мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе. Ці мае Еўрапейскі Саюз рэальныя інструменты ўплыву на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Грузіі ў гэтым кантэксце?

— Безумоўна, ЕС мае пэўныя інструменты. Але трэба памятаць, што Венгрыя і Славакія або пагражаюць ужыць вета, або ўжо яго выкарысталі адносна санкцый супраць РФ. Таму складана дасягнуць кампрамісу на ўзроўні ўсяго ЕС. Тым не менш, у выпадку з Украінай гэта ўдалося, таму, калі б існавала палітычная воля прымусіць Будапешт і Браціславу да кампрамісу, гэта таксама было б магчыма. Праблему можна абысці — асобныя краіны-члены могуць увесці санкцыі супраць грузінскіх уладаў самастойна, гэтак жа, як і Злучаныя Штаты. Сёлета ўвесну  ў Кангрэсе ЗША быў разгледжаны пакет санкцый супраць кіраўніцтва Грузіі, ён прайшоў Палату прадстаўнікоў, але затрымаўся ў Сенаце і не быў падпісаны прэзідэнтам Дональдам Трампам. Калі б усе гэтыя дзеянні аб’яднаць, яны мелі б рэальны эфект. Сітуацыя не зусім безнадзейная, але калі Вашынгтон і Брусэль працягнуць сваю пасіўнасць, Грузія можа ператварыцца ў другую Беларусь або Азербайджан.

— Але на Паўднёвым Каўказе ёсць і іншы прыклад — Арменія, дзе дэмакратычныя працэсы зайшлі значна далей, і ў выніку Расія страціла там частку ўплыву. Як выглядае сітуацыя ў Арменіі цяпер, пасля падпісання мемарандума аб намеры заключыць мір паміж Арменіяй і Азребайджанам пры пасрэдніцтве Трампа, у тым ліку, паразумення адносна Зангезурскага калідора, які мае злучыць Азербайджан з Нахічэваням праз тэрыторыю Арменіі.

— Так, у Арменіі сітуацыя іншая, чым у Грузіі. Я б назваў гэта не столькі праеўрапейскім паваротам, колькі палітыкай шматвектарнасці — спробай скараціць поўную залежнасць ад Расійскай Федэрацыі і шукаць іншыя гарантыі бяспекі і новыя знешнепалітычныя кірункі супрацоўніцтва. І гаворка ідзе не толькі пра ЕС і ЗША, але таксама пра ўзмацненне кантактаў з Кітаем, арабскімі краінамі, дзяржавамі Цэнтральнай Азіі. Армянскія ўлады імкнуцца развіваць сувязі ў розных напрамках.

Ці можна гэта назваць дэмакратызацыяй? Сумняваюся. Армянская палітычная сцэна вельмі спецыфічная: ёсць кіруючая партыя «Грамадзянская дамова» і прарасійская апазіцыя, якая складаецца з прадстаўнікоў старога рэжыму. Армяне, якія страцілі давер да Расіі і ўсё больш сімпатызуюць Захаду, не маюць рэальнай альтэрнатывы і вымушаныя будуць галасаваць за Нікола Пашыняна на наступных парламенцкіх выбарах. Аднак яго ўлада далёкая ад бездакорнасці — і ў пытаннях развіцця краіны, і ў плане рэформаў, і дэмакратычных пераўтварэнняў. Але, безумоўна, сітуацыя ў Арменіі — пункт апоры для Захаду. Аднак сітуацыю ў Арменіі варта разглядаць у звязку з Грузіяй, дзе, як я ўжо адзначаў, становішча складанае.

— Немагчыма не згадаць і кітайскі ўплыў. У Тбілісі нядаўна прайшоў форум «Шаўковага шляху», у якім удзельнічаў, між іншым, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Ці сапраўды Расія губляе ўплыў на Паўднёвым Каўказе, або гэта не такі адназначны працэс?

— Безумоўна, пасля 2022 года, калі Расія пачала поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, яе ўплыў на Паўднёвым Каўказе прыкметна зменшыўся. Гэта асабліва відаць на прыкладзе армяна-азербайджанскага канфлікту вакол Нагорнага Карабаху. Расійскія войскі былі вымушаныя пакінуць гэту тэрыторыю, Азербайджан цалкам аднавіў над ёй кантроль. Масква страціла ролю самазванага пасярэдніка, якую трымала тры дзесяцігоддзі. Акрамя таго, важным знакам стала падпісанне дэкларацыі пра намер дасягнення міру паміж Баку і Ерэванам пад патранатам Вашынгтона, пра якое вы згадвалі.

Так, расійскі ўплыў у Арменіі і Азербайджане зменшыўся, але не знік цалкам. Расія ўсё яшчэ мае вайсковую базу ў Арменіі, у Гюмры і кантралюе некаторыя сектары яе эканомікі. Што да Азербайджана, то існуюць транспартныя калідоры «Поўнач–Поўдзень», а таксама ўплыў азербайджанскай дыяспары ў Расіі, супраць якой гэтым летам Масква нават распачала сапраўдную кампанію. Калі б Баку стаў на адкрыта антырасійскі курс, можна было б чакаць далейшай жорсткай рэакцыі Масквы.

Але на месцы аслабленых пазіцый Расіі ўзмацняюць свой уплыў іншыя гульцы — перадусім Кітай і арабскія краіны, якія актыўна інвестуюць у развіццё інфраструктуры. Напрыклад, у Грузіі кітайскі кансорцыум атрымаў кантракт на будаўніцтва найбуйнейшага ў краіне порта ў Анакліі. Кітай таксама зацікаўлены ў развіцці інфраструктуры ў выпадку адкрыцця межаў паміж Арменіяй і Азербайджанам, а таксама Арменіяй і Турцыяй. Гэта дазволіць яму пашырыць так званы «Цэнтральны калідор» і ўмацаваць свае гандлёвыя і транзітныя магчымасці ў рэгіёне і ў Еўропе агулам.

Слухайце аўдыё!

эж

Армянскі палітолаг: Расія супраць нас. Толькі дыверсіфікацыя і супрацоўніцтва з ЕС і ЗША ўратуюць Арменію

17.12.2024 18:39
Перад абліччам здрады Расіяй армян Карабаха, Ерэван кіруе погляд на Захад. Ці атрымаецца Арменіі развернуцца ў бок Захаду?