Беларуская Служба

Польскі дыпламат: Крэмль перапісвае памяць расійкага грамадства пра адносіны з Польшчай

29.10.2025 13:12
У рамках новай палітыкі памяці з лістапада 2022 года ў Расіі было дэмантавана больш за дзясятак помнікаў і мемарыяльных дошак у памяць аб польскіх грамадзянах.
Аўдыё
  • Польскі дыпламат: Крэмль імкнецца пераканаць расіян, што ніякага добрага замежнага ўплыву ў Расіі не было
Ілюстрацыйнае фота2025. EPA/ALEXANDER KAZAKOV/ Dostawca: PAP/EPA.

Незалежныя эксперты з праекта Re:Russia звярнулі ўвагу на тое, што за апошнія два гады па ўсёй краіне сістэматычна зносяцца помнікі ахвярам рэпрэсій, у гарадах знікаюць таблічкі праекта «Апошні адрас», які ўвекавечвае памяць рэпрэсаваных па месцы іх жыхарства, разам з гэтым ідзе ўстаноўка дзясяткаў помнікаў Сталіну. Апроч таго зносяцца таксама помнікі замежным вайскоўцам, якія загінулі на тэрыторыі СССР, і мемарыялы замежным грамадзянам, ахвярам царскіх і сталінскіх рэпрэсій і дэпартацый.

Па падліках Польскага прэсавага агенцтва з лістапада 2022 года ў Расіі было дэмантавана больш за дзясятак помнікаў і мемарыяльных дошак у памяць аб польскіх грамадзянах. Прычым некаторыя з гэтых памятных знакаў знаходзіліся на могілках. З нядаўніх прыкладаў: у траўні 2025-га года ў Медным пад Цвер'ю было апаганена пахаванне палякаў, ахвяр Катынскага злачынства, дзе былі дэмантаваныя барэльефы з выявамі польскіх вайсковых узнагарод як «незаконна ўсталяваная антырасейская сімволіка»; у снежні 2024 года ў вёсцы Ёгла Наўгародскай вобласці быў апаганены помнік воінам Арміі Краёвай, якія загінулі ў савецкіх працоўных лагерах; у кастрычніку 2024 года на могілках ахвяр сталінскіх рэпрэсій, вядомых як Левашоўская пустэча пад Санкт-Пецярбургам, быў прыбраны сімвалічны макет, усталяваны на месцы раней таемна дэмантаванага польскага помніка ў форме крыжа. У канцы верасня 2023 года ўлады Якуцку дэмантавалі помнік, прысвечаны ссыльным і рэпрэсаваным палякам, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё расійскай навукі: будучы ў выгнанні яны даследавалі мясцовую культуру. Гэта былі: Вацлаў Серашэўскі, Эдвард Пякарскі, Ян Чэрскі і Аляксандр Чаканоўскі.

Якія прычыны гэтай палітыкі? Атакі на польскія помнікі з'яўляюцца часткай кампаніі па рэсталінізацыі, ці гэта праява адраснай агрэсіі супраць менавіта палякаў. Пра гэта мы паразмаўлялі з польскім дыпламатам, шматгадовым консульскім работнікам, які з 2015-га года кіраваў польскім консульствам у Санкт-Пецярбургу і ў Смаленску Анджэем Хадкевічам.

— Я думаю, што знос польскіх помнікаў праходзіць стыхійна, але паводле плану. «План» - гэта гістарычная палітыка расійскай дзяржавы, якая хоча адключыць рускае грамадства ад сувязяў з іншымі нацыямі, іншымі народамі. Мы ведаем, што гэта адбываецца па палітычных прычынах, таму што ідзе вайна ва Украіне, але не толькі. Гэта звязана з тым, што адбывалася ўжо з пачатку 2010 гадоў, калі расійскі ўрад пачаў будаваць кардон вакол Расіі – інфармацыйны бар'ер, які перарываў сувязі з іншымі краінамі, а потым гэта толькі пашыралася. Адзін з элементаў гэтага падыходу - палітыка памяці. Памяць аб тым, што ніякіх добрых замежных уплываў у Расіі не было, хаця палякі яшчэ ў XIX стагоддзі і ў пачатку XX стагоддзя зрабілі шмат для Расіі. Гэта былі і польскія будаўнікі, архітэктары і польскія інжынеры. Напрыклад, гэты вядомы нам Станіслаў Кербец, які пабудаваў першы мост у Пецярбургу. Цяпер улада хоча ўсё гэта адмяніць. Цяпер для іх палякі - гэта дрэнныя людзі, якія нібыта толькі прыходзілі ў Расію, каб зрабіць яе залежнай ад Польшчы.

Чаму менавіта палякі, Расія ваявала амаль з усімі сваімі суседзямі?

— Таму што толькі палякі былі два разы ў Крамлі. Гэты міф 1610 года, пра тое, як палякі ўвайшлі ў Маскву, што былі ў Маскве два гады, а не два месяцы, як Напалеон. Гэта вельмі важны міф у Расіі. Гэта міф аб тым, што ёсць такія ворагі, якія жадаюць нас захапіць, і гэта палякі. Калі я працаваў у Смаленску, я неаднаразова чытаў, гэта ўжо было пасля пачатку першай часткі гібрыднай вайны ў 2021 годзе, што і «сёння палякі хочуць захапіць Смаленск і забраць яго ў Расіі».

Як да гэтага ставяцца звычайныя людзі, наколькі яны вераць у гэтую прапаганду?

— Людзі ў гэта не моцна вераць. Напрыклад, у тым жа Смаленску польскія сляды бачныя, выяўляюцца ў назвах вуліц, і назвах месцаў. Людзі пра гэта не забываюцца, пра тое, які ўплыў на гісторыю гэтага горада быў у польскія часы. У Пецярбургу таксама  відаць падзел паміж тым, што людзі казалі пра сучасныя палітычныя адносіны паміж Польшчай і Расіяй, і тым, што думалі пра ўплыў палякаў, вядомых палякаў, якія працавалі ў Расіі. Ніхто не здымаў памятнай дошкі аб гэтым, што інжынер Кербедзь зрабіў першы мост у Санкт-Пецярбургу.

Вы сказалі, што раней гэтага не было. Ці ёсць надзея на тое, што цяперашняя варожасць зменіцца?

— Толькі як зменіцца ўлада ў Расіі, калі прыйдзе дэмакратычнае кіраўніцтва. Гэта пакуль зусім не бачна.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч