Беларуская Служба

Гісторык Віктар Шадурскі: Палітыка заходняга тыпу прагматычная – трэба поспех. А ў Беларусі няма поспеху, гэта «рэч у сабе»

01.11.2025 06:15
У Еўрапейскага саюза няма адзінай і паслядоўнай стратэгіі да Беларусі. Чаму так адбываецца? Разважае доктара гістарычных навук, прафесар Віктар Шадурскі.
Аўдыё
  • Гісторык Віктар Шадурскі: « Беларусь – гэта нашая справа. Галоўнае, на што трэба разлічваць, гэта на сябе і на беларускую салідарнасць. У нас адзін лёс, мы разумеем адзін аднаго, адчуваем, перажываем. Я гэта назіраю».
 .
Віктар Шадурскі.euroradio.fm

Слухайце размову ў далучаным файле!

– Да Беларусі дагэтуль не сфармулявана з боку Еўропы агульная, паслядоўная, доўгатэрміновая стратэгія. Чуму так адбываецца? Кожны раз гавораць, што Беларусь – важны гулец, суб'ект, але разам з тым мае месца такі момант.

– Бачыце, заўсёды трэба шукаць баланс. У тым ліку і ў знешняй палітыцы ці міжнароднай дзейнасці. Зразумела, Беларус – не прыярытэт. Так, яна займае нейкае сваё месца, але не першае і не другое, таму і ўвагі на яе звяртаюць менш.

Здаецца, Беларусь у геаграфічным цэнтры, але яна далёка ад цэнтру прыняцця рашэнняў у Заходняй Еўропе.

Так, пра Беларусь нешта ведаюць, веды гэтыя з часам пашыраюцца, але не настолькі, каб пра яе ўвесь час думалі. На постсавецкай прасторы было такое паняцце як далёкае і блізкае замежжа. Блізкім замежжам быў, напрыклад, Туркменістан, Казахстан, а Польшча ўжо далёкім. Так і Беларусь для Захаду – гэта далёкае замежжа. У Афрыцы былыя калоніі, можа быць, нават бліжэй для Еўропы.

– Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, вялікага медыйнага сектара ў выгнанні падкрэсліваюць, што праблема для беларускай супольнасці ў выгнанні ў тым, што яна прайграе той жа расійскай супольнасці ў эміграцыі, бо няма нема інструментаў лабізму, умення прасоўваць свае інтарэсы, сталых інстытуцый, якія такім займаліся б. На ваш погляд, гэтая праблема сапраўды мае месца быць, як яе можна вырашыць?

– Праблема, зразумела, ёсць. Зноў жа я вярнуся да першага пытання, што для Масквы Беларусь – гэта блізкае замежжа, а для Еўрасаюза – далёкае замежжа. Так адлюстроўваецца зацікаўленасць у тэрыторыі, гістарычныя сувязі. Гэта тое, што нам засталося ў спадчыну.

Беларусь заўсёды далучалася, і Украіна раней, да вектару «Расія і іншыя». Такое стэрэатыпнае мысленне, якое працягваецца стагоддзямі.

А па-другое, гэта рэсурсы. І на Беларусь, зразумела, няма вялікага бюджэту. Ведаем, што і праграмы цяпер скарачаюцца, бо гэта не першасная ліня ў бюджэце. Гэта не падабаецца дэмакратычным сілам, не падабаецца беларусам, які зʼяўляюцца праціўнікамі рэжыму. А ўладам Беларусі, думаю гэта акурат падабаецца.

Беларусь заняла такое месце. Раней была «белая пляма», маўляў, мы нічога не ведаем. Цяпер яны гэту белую пляму заштрыхавалі, і яна ўжо «чорная пляма».

Таксама, ведаеце, заходнім сістэмам увесь час патрэбныя гісторыі поспеху, парламентам, палітыкам трэба паказваць – мы ўкладаем грошы і там усё расквітнела. У прыватных размовах з экспертамі з нямецкага боку кажуць, што цяпер Германію цікавіць Цэнтральная Азія. Там ёсць краіны, які выкарыстоўваюць дэмакратычныя метады, дэманструюць развіццё, дэкларацыі робяць сімпатычныя. Ёсць інтарэс адарваць іх ад кітайскага, расійскага ўплыву. Таму і кажуць, што атрымліваецца там нечага дасягнуць, ёсць гатоўнасць укладацца туды.

А Беларусь – «стабільная краіна», дзе нічога не змяняецца. Дэмакратычныя сілы, зразумела, актыўныя, спрабуюць лабіраваць свае інтарэсы. Але першае ж пытанне: «Як вы ўплываеце на сітуацыю ў Беларусі?» «Ну, вось ёсць медыя…» Дык медыя і падтрымліваюць крыху.

Такая прагматычная палітыка заходняга тыпу – трэба поспех. А ў Беларусі няма поспеху, гэта «рэч у сабе». Сістэма трымаецца 31 год – гэта ўжо больш, чым сталінская. Гэта можа мне падабацца ці не, але так гэта працуе.

Беларусь – гэта нашая справа. Галоўнае, на што трэба разлічваць, гэта на сябе і на беларускую салідарнасць. У нас адзін лёс, мы разумеем адзін аднаго, адчуваем, перажываем. Я гэта назіраю.

– Беларусь мусіць разлічваць найперш на сябе і сама займацца вырашэннем сваіх праблем. Як мяркуеце, ці вялікі патэнцыял на перамены знутры краіны?

– Я думаю, што патэнцыял вялікі і ён не залежыць ад асоб, якімі б моцнымі яны не былі. Гэта марафонская дыстанцыя. Мы бачым, што людзі глядзяць незалежныя медыя, да 30 працэнтаў насельніцтва, нягледзячы на жорсткую палітыку, абмежаванні. І з вертыкалі ўладнай глядзяць і слухаюць, а гэта дае больш шырокі погляд для зразумення, параўнання. Прыватны бізнес развіваецца, ён займае ў эканоміцы Беларусі 30% афіцыйна. А бізнес гэта тое, што прыносіць змены.

Але гэта ціхія працэсы, невядома, як гэтая колькасць пяройдзе ў новую якасць. Гісторыя на гэта скіравана.

– У вас стрыманы аптымістычны погляд.

– Надзея ўбудаваная ў псіхалогію чалавека. Бо без надзеі няма сэнсу.

Я – гісторык, і гісторыя робіць мяне аптымістам.

Мне падабаецца размаўляць з людзьмі майго ўзросту, якія бачылі Савецкі Саюз і перабудову, прапаганду і контрпрапаганду, вывучалі гэта. І гэта ўсё скончылася. Людзі, які маюць уладу, праўда, таксама разумеюць, што не трэба ісці на саступкі, трэба спыняць гэта ўсё. Але калі будзе новая якасць, то не стрымаюць.

Віктар Шадурскі — былы дэкан і прафесар факультэта міжнародных адносін БДУ. У сакавіку 2021 года выступіў супраць жорсткага абыходжання ўладаў з супрацоўнікамі і студэнтамі ўніверсітэту. Прафесара Шадурскага прымусілі сысці ў адстаўку. Пасля гэтага ён пакінуў краіну. Цяпер Віктар Шадурскі - запрошаны прафесар Уроцлаўскага ўніверсітэту. Яго навуковы інтарэс — вывучэнне прыроды аўтарытарызму

вх