Прэзідэнт Польшчы ў 1995-2005 гг. Аляксандр Кваснеўскі падчас юбілейнай ХХ канферэнцыі «Польская ўсходняя палітыка» прааналізаваў вынікі двух дзесяцігоддзяў стратэгічнага курсу Варшавы на ўсход. 
Палітык адзначыў поспехі Польшчы ў падтрымцы еўраатлантычнай інтэграцыі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, асабліва краін Балтыі, але прызнаў, што палітыка адносна Беларусі стала адной з найболей балючых няўдач. На думку Кваснеўскага, у першыя гады кіравання Лукашэнкі Варшава праявіла недастатковую актыўнасць і паслядоўнасць, што дазволіла Маскве крок за крокам падпарадкаваць Мінск сваёй палітыцы. 
Нягледзячы на гэта, экс-прэзідэнт перакананы: Усходняя Еўропа мае патэнцыял, каб стаць часткай еўрапейскай супольнасці і падзяляць яе каштоўнасці.
– Пра поўны поспех гаварыць не выпадае. Акрамя таго, гэтыя дваццаць гадоў польскай усходняй палітыкі — вельмі невялікі адрэзак часу. Я не хачу ісці ў той бок, пра які піша Кісінджэр у сваіх успамінах пра размову з Чжоў Эньлаем, калі амерыканец, знаходзячыся ў Пекіне, спытаў у кітайца, што той думае пра Французскую рэвалюцыю — дзвесце гадоў пасля яе — Чжоў Эньлай адказаў: «Яшчэ занадта рана, каб даваць ацэнкі». Не, я так не думаю. Але ўсё ж дваццаць гадоў — гэта толькі невялікі ўрывак  гісторыі.
І калі паглядзець на сітуацыю ўвогуле, трэба сказаць, што ў 1989–90 гадах адбыўся вялікі пералом. Польшча зрабіла выбар на карысць свабоды: выбрала дэмакратыю, свабодны рынак і, як вынік, прыналежнасць да заходніх структур — НАТА і Еўрапейскага Саюза. Гэта, вядома, працэсы, якія цягнуцца доўга. І ў той момант, і пазней, думаю, што гэта не выклікала спрэчак, акрамя асобных групаў з нацыяналістычным ухілам. Гэта ніколі ў Польшчы не ставілася пад сумнеў. 
І была таксама ідэя, што ў гэтай новай гульні нам будзе лепш, калі мы не застанемся сам-насам, калі зможам уцягнуць у яе і іншыя краіны Усходняй Еўропы. Таму ў НАТА мы ішлі разам з чэхамі, славакамі і венграмі. Таму потым, калі ўжо я стаў прэзідэнтам, я асабіста прыклаў вялікія намаганні, каб дапамагчы краінам Балтыі далучыцца да НАТА. Тое самае датычыла і працэсу далучэння да Еўрапейскага Саюза.
Былы прэзідэнт Польшчы ўказаў на асаблівае месца Украіны ў польскай замежнай палітыцы:
— Украіна, у сваю чаргу, з 1991 года, з моманту здабыцця незалежнасці, была ахопленая шырокім польскім кансэнсусам. Мы былі першай дзяржавай, якая прызнала яе незалежнасць — гэта зрабіў міністр Скубішэўскі. Я ўжо тады меў блізкія кантакты з украінскімі палітыкамі, а калі стаў прэзідэнтам у 1995 годзе, зрабіў украінскі кірунак адным з галоўных напрамкаў сваёй дзейнасці. Было шмат сустрэч — не толькі на ўзроўні прэзідэнта  Кучмы, але і з прадстаўнікамі ўсяго сур’ёзнага палітычнага спектра Украіны. Мы дасканала ведалі тое, што  вольная Украіна азначае вольную Польшчу і большую бяспеку для нас.
Паводле Аляксандра Кваснеўскага, палітыка адносна Беларусі — адна з няўдач польскай дыпламатыі за мінулыя некалькі дзесяцігоддзяў. На думку Аляксандра Кваснеўскага, на пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі Варшава не праявіла дастатковай актыўнасці і паслядоўнасці.
– Калі гаварыць пра Беларусь, я ўжо казаў гэта калісць, і Радаслаў Сікорскі цытуе мае словы ў сваёй кнізе: я лічу, што мы, магчыма, праявілі занадта мала актыўнасці, занадта мала настойлівасці ў адносінах да Беларусі ў першы перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Потым мы ўжо спрабавалі дзейнічаць у еўрапейскім фармаце — у межах «Усходняга партнёрства». Але, на жаль, Беларусь ад нас адышла. Гэта тэма, пра якую можна гаварыць вельмі доўга. Тут істотную ролю адыгрывае постаць Лукашэнкі, але таксама моцны расійскі фактар.
Бо калі з Барысам Ельцынам яшчэ можна было спрабаваць размаўляць, фармаваць новае бачанне Усходняй Еўропы, бо сам Ельцын не быў упэўнены, у які бок усё павінна пайсці, — то ўжо з прыходам Пуціна, які стаў прэзідэнтам у 2000 годзе, усё змянілася. Я памятаю гэты першы перыяд, калі мне яшчэ даводзілася з ім размаўляць — да 2005 года. Тады Пуцін яшчэ слухаў, быў адкрыты для дыялогу. Але пазней пачалася ўжо «вялікая Расія», імперская палітыка, і Беларусь крок за крокам апынулася пад поўным кантролем Масквы.
Так што можна сказаць так: у справе Беларусі — параза. У справе Украіны — балючы, трагічны, але не завершаны працэс. Я лічу, што будучыня Украіны ўсё яшчэ можа мець еўрапейскі характар, хоць яны плацяць за гэта надзвычай высокую цану. Ёсць моманты, калі я бачу шмат падстаў для надзеі, але ёсць і такія, калі здаецца, што стомлены дэмакратычны, заходні свет амаль гатовы ахвяраваць Украінай.
Беларусь — параза. Украіна — усё яшчэ змагаецца. Краіны Балтыі — поспех. Вышаградская група — нягледзячы на палітычныя рознагалоссі — таксама поспех. Малдова — думаю, што ў цэлым рухаецца ў правільным кірунку. Але калі мы і надалей да ўсходняй палітыкі залічаем «каўказскі кірунак», то і там застаецца шмат адкрытых тэм. І ўсё гэта разам дае мне перакананне, што гэты выключна складаны гістарычна рэгіён — Усходняя Еўропа — калі мы паглядзім на апошнія сто ці нават тысячу гадоў, сапраўды няпросты рэгіён. Але тут есць усе аргументы, каб стаць часткай еўрапейскай супольнасці, прыняць тыя каштоўнасці і забяспечыць сваім дзяржавам і грамадствам стабільны ўзровень бяспекі і развіцця.
Польшча тут — выдатны прыклад. Польшча — гэта прыклад сапраўды велізарнага поспеху, вялікага прагрэсу, прыклад таго, што можна пераадолець цяжкую гісторыю, калі ёсць бачанне, адзінства і паслядоўнасць у дзеяннях.
Слухайце ўадыё!
эж