Беларуская Служба

107 гадоў таму было падпісанае Камп'енскае перамірʼе, якое паклала канец Першай сусветнай вайне (ВІДЭА)

11.11.2025 06:02
Першая сусветная вайна працягвалася больш за чатыры гады і мела надзвычай разбуральны характар.
Аўдыё
  • 107 гадоў таму было падпісанае Камп'енскае перамірʼе, якое паклала канец Першай сусветнай вайне
      -  .   . 11  1918 .
Французскі маршал Фердынанд Фош прымае ў вагоне-салоне нямецкую дэлегацыю. Падпісанне Камп'енскага перамір'я. 11 лістапада 1918 года. Карціна Марыса Пійара Вернёй/грамадскі набытак

107 гадоў таму, 11 лістапада 1918 года, было падпісанае Кампʼенскае перамірʼе, якое паклала канец Першай сусветнай вайне. Падпісанне дакументу мела вялікае значэнне для знясіленай баявымі дзеяннямі Еўропы, а для некаторых краін як, напрыклад, Польшча – фундаментальнае. Перамірʼе стала першым крокам да адраджэння Польшчы як дзяржавы, гэтаксама, як і іншых краін, якія зʼявіліся на геапалітычнай карце Еўропы пасля развалу імперый.

Першая сусветная вайна – адзін з самых шырокамаштабных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва. Галоўнай прычынай вайны сталі супярэчнасці паміж дзяржавамі двух буйных блокаў: Антанты (кааліцыя Расіі, Англіі і Францыі) і Траістага саюза (кааліцыя Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі).

Штуршком да пачатку вайны паслужыла забойства членамі сербскай падпольнай арганізацыі спадчынніка аўстрыйскага трона эрцгерцага Франца Фердынанда, якое адбылося 28 чэрвеня 1914 года ў Сараеве (тады Аўстра-Венгрыя). 28 ліпеня Аўстра-Венгрыя абʼявіла вайну Сербіі. Расія заявіла аб падтрымцы Сербіі і пачала мабілізацыю.

Рэгіянальны канфлікт на Балканах ператварыўся ў глабальны: 1 жніўня 1914 года Германія абʼявіла вайну Расіі, а 3 жніўня – Францыі. Германскія войскі пачалі наступленне на Заходнееўрапейскім фронце 2 жніўня 1914 года. Так пачалася вайна, у якой удзельнічалі 38 дзяржаў і многія калоніі з насельніцтвам больш за 1 млрд 500 млн. чалавек.

Першая сусветная вайна завяршылася падпісаннем перамірʼя паміж пацярпелай паражэнне Германіяй, з аднаго боку, і Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і іншымі дзяржавамі антыгерманскай кааліцыі – з другога.

11 лістапада 1918 года ў Кампʼенскім лесе каля станцыі Рэтонд у Францыі ў чыгуначным вагоне-салоне маршала Фердынанда Фоша ў 5 гадзін 10 хвілін раніцы пагадненне было падпісанае. Перамірʼе набыло моц у 11 гадзін раніцы, аб заканчэнні ваенных дзеянняў абвясціў 101 гарматны залп. І гэта былі апошнія стрэлы Першай сусветнай вайны.

Кампʼенскае перамірʼе прадугледжвала спыненне ваенных дзеянняў, неадкладны вывад германскіх войскаў з усіх акупаваных ёю на захадзе тэрыторый, здачу Германіяй вялікай часткі сухапутнага і марскога ўзбраення, ачышчэнне нямецкімі войскамі левага берага Рэйна і стварэнне дэмілітарызаванай зоны на яго правым беразе. Гаворыць кандыдат гістарычных навук Януш Асіца.

- Немцы былі вымушаныя пакінуць акупаваныя тэрыторыі Францыі, Бельгіі і Люксембурга, здаць захопленую ў 1870 годзе частку Францыі, Эльзасу і Латарынгіі, адвесці сваё войска на правы бераг Рэйна і перадаць частку ваеннай тэхнікі. На ўсходзе нямецкая армія некаторы час заставалася своеасаблівым санітарным кардонам, які аддзяляў Еўропу ад бальшавіцкай рэвалюцыі. Але ці сапраўды Кампʼенскае перамірʼе стала канцом Вялікай вайны? Адказ надзвычай відавочны.

Вядома, яно, несумненна, паклала канец працяглай крывавай бойні, у якой загінулі каля 10 млн чалавек. Але гэтае перамірʼе таксама стала пачаткам жорсткай дыпламатычнай барацьбы за кшталт пасляваеннага свету, за падзел трафеяў перамогі, бо за дыпламатычнымі сталамі падчас перамоў лініі падзелу не заўсёды адпавядалі канфігурацыям саюзаў ваенных гадоў. А вядомы вагон-салон маршала Фоша зноў адыграў сваю сімвалічную ролю, нагадаўшы нам старую ісціну пра тое, што гісторыя паўтараецца, бо 22 чэрвеня 1940 года Гітлер прадыктаваў умовы перамірʼя пераможанай і прыніжанай Францыі.

12-ы артыкул Кампʼенскага перамірʼя прадугледжваў эвакуацыю нямецкіх войскаў з Аўстра-Венгрыі, Румыніі, Турцыі і былой Расійскай Імперыі, у тым ліку з польскіх зямель. У апошнім выпадку, пасля ўмяшання, сярод іншых, польскага палітыка Рамана Дмоўскага, тэкст адносна вываду нямецкіх войскаў быў зменены на «калі саюзнікі палічаць момант эвакуацыі мэтазгодным, улічваючы ўнутраную сітуацыю ў гэтых раёнах». Гэта было зроблена для таго, каб падстрахавацца на выпадак агрэсіўных дзеянняў бальшавіцкай Расіі.

28 чэрвеня 1919 года краіны Антанты без удзелу бальшавіцкай Расіі заключылі Версальскі мірны дагавор. Аднак ён не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, незадаволенымі новым перадзелам свету, і ў будучыні паслужыў падставай для падрыхтоўкі Другой сусветнай вайны.

Першая сусветная вайна працягвалася больш за чатыры гады і мела надзвычай разбуральны характар. З амаль 74 млн чалавек, мабілізаваных з дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў вайне, загінулі каля 10 млн, былі параненыя больш за 20 млн, ад эпідэмій і голаду памерлі каля 10 млн чалавек.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу