Беларуская Служба

232 гады таму ў Гродне закончыўся «нямы» Сейм – апошні ў часы існавання Рэчы Паспалітай

23.11.2025 06:03
У выніку быў зацверджаны Другі падзел Рэчы Паспалітай.
Аўдыё
  • 232 гады таму ў Гродне закончыўся «нямы» Сейм – апошні ў часы існавання Рэчы Паспалітай
  .  18- .
Гродзенскі Новы замак. Канец 18-га стагоддзя. Крыніца: commons.wikimedia.org/грамадскі набытак

232 гады таму, 23 лістапада 1793 года, закончыўся Гродзенскі сейм – апошняе сеймавае паседжанне Рэчы Паспалітай. У гістарыяграфіі яго яшчэ называюць «нямым», «маўклівым» альбо «ціхім» сеймам. І вось чаму.

Гродна здаўна быў, побач з Варшавай, месцам сеймавых сходаў шляхты. Варшава была занадта радыкальна настроена для такога мерапрыемства. Сваё прызначэнне гэты сейм мог намнога лягчэй выканаць у правінцыйным горадзе. У другой палове XVIII стагоддзя Гродна налічваў каля 4 тыс. жыхароў і ажываў толькі ў тыя дні, калі тут праходзілі паседжанні.
Апошні сейм пачаўся 17 чэрвеня і скончыўся 23 лістапада 1793 года. Ён ратыфікаваў падзел краіны ў марнай спробе прадухіліць яе наступную поўную анексію двума гадамі пазней у Трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795 года.

Сейм быў скліканы ў Гродне Расійскай імперыяй пасля таго, як польска-руская вайна 1792 года скончылася перамогай Расіі і яе польскіх саюзнікаў – Таргавіцкай канфедэрацыі, для пацверджання патрабаванняў Расіі.

23 верасня стаў асаблівым днём паседжання. Менавіта пасля гэтай даты сейм сталі зваць «ціхім» альбо «нямым».

Marcello Bacciarelli, "Stanisław August w stroju koronacyjnym", 1768-1771, Zamek Królewski w Warszawie - Muzeum Marcello Bacciarelli, "Stanisław August w stroju koronacyjnym", 1768-1771, Zamek Królewski w Warszawie - Muzeum

Расія ўвяла салдат у Новы замак, дзе адбывалася паседжанне сейма, з патрабаваннем безумоўнага падпісання дагавора. У сувязі з гэтым улады забаранілі шляхце забіраць голас, каб не абвастраць сітуацыі. Было абвешчана, што войскі не выпусцяць дэпутатаў з залы, пакуль не будуць прынятыя дакументы аб перадачы часткі зямель Рэчы Паспалітай Расіі і Прусіі.

І вось, настаў 23 верасня. Прабіла поўнач – маўчанне, тры гадзіны раніцы – маўчанне. Урэшце прагучаў голас кракаўскага дэпутата Анквіча. «Маўчанне ёсць знак згоды», – сказаў ён.

Сеймавы маршал Паніньскі, які супрацоўнічаў з расіянамі, узрадаваўся і тры разы паўтарыў пытанне: ці ўпаўнаважвае сейм камісію на безумоўнае падпісанне дамовы з Расіяй і Прусіяй? Глыбокае маўчанне. Тады Паніньскі аб'явіў, што рашэнне адбылося адзінагалосна. Гаворыць гісторык, прафесар Яцэк Сташэўскі (архіўны запіс Польскага радыё).

- У верасні было вырашана пацвердзіць падзел Польшчы на карысць Расіі, але пытанне аб прыняцці прускага падзелу заставалася адкрытым. З-за абавязацельстваў, якія Прусія ўзяла на сябе пры заключэнні саюза з Польшчай у 1790 годзе, палякі не хацелі даваць Прусіі права забраць польскія землі. Але ў верасні адбылася вядомая сесія, на якой маршал Паніньскі заявіў, што лічыць маўчанне шляхты знакам згоды, і падпісаў акт, які пацвярджае падзел польскіх зямель Прусіяй.

У выніку другі падзел Рэчы Паспалітай быў зацверджаны. Згодна з гэтым пагадненнем Расія атрымала землі да лініі Дынабург (Даўгаўпілс) – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, Падолле і Валынь. Агулам – каля 250 тыс. кв. км тэрыторыі і каля 4 млн жыхароў. У сваю чаргу пад уладу Прусіі перайшлі тэрыторыі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг (Гданьск), Торн (Торунь), Вялікапольшча (галоўны горад Познань), Куявія і Мазовія, за выключэннем Мазавецкага ваяводства.

Кароль Станіслаў Панятоўскі пад канвоем 120 расійскіх драгунаў прыбыў у Гродна пад апеку і нагляд расійскага намесніка, дзе і падпісаў акт адрачэння ад прастола Рэчы Паспалітай 25 лістапада 1795 года.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

здымак у тэксце: апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў каранацыйным адзенні

Больш на гэтую тэму: Машына часу