З тых часоў у краіне не спыняюцца пратэсты. У адказ кіруючая партыя «Грузінская мара» пачала маштабныя рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыянераў ды іншадумцаў. Тысячы нязгодных былі аштрафаваныя, сотні адсядзелі суткі адміністрацыйнага арышту, а дзясяткі да гэтага часу знаходзяцца ў турме па розных крымінальных абвінавачаннях.
Больш за тое, грузінскія ўлады ўводзяць усё новыя абмежаванні. Цяпер за перакрыцце вуліцы належыць не проста штраф, а арышт - нават да года. Больш жорсткім стаў закон аб «замежных агентах». Улады пачалі ліквідацыю «антыкарупцыйнага бюро». Пададзены пазоў аб забароне шэрагу празаходніх палітычных партый.
На днях журналісты BBC адкрылі, што грузінскі спецназ падчас разгону антыўрадавых пратэстаў у 2024 годзе мог выкарыстоўваць каміт — баявое атрутнае рэчыва часоў Першай сусветнай вайны.
Пра тое, што адбываецца ў Грузіі, мы паразмаўлялі з аналітыкам Акадэмічнага цэнтру стратэгічных даследаванняў і выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэта Конрадам Заштаўтам.
— Мінуў год пратэстаў, якія пачаліся ў звязку з дзвюма падзеямі. Па-першае, у кастрычніку мінулага года адбыліся парламенцкія выбары, якія апазіцыя палічыла сфальсіфікаванымі ўрадам. Аднак тыя махлярствы не прывялі да маштабных пратэстаў у грамадстве. Апазіцыя даволі дрэнна тут згуляла, не здолеўшы прадставіць ніякіх доказаў таго, што фальсіфікацыі сапраўды мелі масавы характар. Тое, што сапраўды абурыла большасць грузінскага грамадства, — гэта выступ прэм'ер-міністра Іраклія Кабахідзэ крыху пазней, у лістападзе роўна год таму. Калі ён рэзка заявіў, што ўрад Грузіі не будзе, або прыпыніць пытанне інтэграцыі з Еўрапейскім Саюзам. Гэта мэта, якую падтрымлівае большасць грузінскага грамадства. Менавіта тады пачаліся масавыя пратэсты, і сапраўды, адбылося блакаванне галоўнага праспекта Руставелі ў Тбілісі. Масавыя пратэсты, тысячы ўдзельнікаў, на якія ўлады адказалі вельмі жорсткімі рэпрэсіямі з выкарыстаннем вадамётаў. Цяпер ёсць расследаванне BBC, якое паказвае, што вада, якая выкарыстоўвалася ў вадамётах, была з дадаткам забароненага хімічнага кампанента. Ідзецца пра кампанент, які выкарыстоўваўся ў часы Першай сусветнай вайны. Паліцыя паводзілася вельмі жорстка. Пратэсты працягваюцца дагэтуль. Магчыма, у менш агрэсіўнай форме, як з боку паліцыі, так і з боку пратэстоўцаў. Але рэпрэсіі не скончыліся. У цяперашні час яны ўключаюць у сябе ідэнтыфікацыю пратэстоўцаў уладамі. Яны арыштоўваюць іх або прысуджаюць вялікія штрафы за ўдзел у пратэстных акцыях. Грузінскія ўлады хочуць стрымаць пратэсты, але пакуль гэты курс не працуе. Грузіны абураныя палітыкай урада, і пратэсты працягваюцца.
Грузія доўгі час лічылася дэмакратычнай краінай на постсавецкай прасторы. Які курс абраў цяперашні ўрад?
— Мне здаецца, што галоўны маркер курсу не фальсіфікацыя выбараў. Часткова, выбары былі сфальсіфікаваныя ў меншых гарадах, дзе апазіцыя ў значнай ступені не мела магчымасці дакументаваць і кантраляваць галасаванне. Перш за ўсё, трэба глядзець на заканадаўства, прынятае ўрадам «Грузінскай мары». Гэта значыць, законы, падобныя да расійскіх, як закон аб замежных агентах, які ліквідаваў любыя магчымасці атрымання фінансавання для НДА з-за мяжы. Гэта заўсёды было важным пытаннем для грузінскіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, таму што без грантаў, атрыманых ад Злучаных Штатаў або багатых краін Еўропы, такія арганізацыі не могуць функцыянаваць. Інакш застануцца толькі тыя арганізацыі, якія фінансуюцца і кантралююцца ўрадам. З сярэдзіны года, з лета, існуе праблема арышту і судовых працэсаў над васьмю ключавымі лідарамі апазіцыі. Гэта ўсё дэманструе маштаб недэмакратычнага характару і аўтарытарызму ўраду «Грузінскай мары». Таму што гэта проста спроба фізічна выкрасліць ключавых лідараў апазіцыі з палітыкі, якім прад'яўлены абсурдныя абвінавачванні. Сярод іх ёсць і тыя, што ўдзельнічаюць у пратэстах, заахвочваюць іншых да ўдзелу ў іх. Ёсць яшчэ мноства іншых абвінавачванняў, але ўсе яны відавочна гучаць выключна палітычна матываванымі.
За «Грузінскую мару» прагаласавала бальшыня, чаму тады цяпер грамадства пратэстуе?
— І гэта добрае пытанне. Сапраўды, значная частка грузінскага грамадства ўсё яшчэ шчыра падтрымлівае партыю «Грузінская мара». Якія ж аргументы ў «Грузінскай мары»? Перад выбарамі яны казалі менавіта пра тое, што яны партыя стабільнасці, партыя мірнага жыцця. І яны супрацьпастаўлялі гэта патэнцыйнай апазіцыі, заяўляючы, што апаненты прывядуць да ўдзелу Грузіі ў вайне, узброеным канфлікце з Расіяй. Гэта ўлюбёны наратыў «Грузінскай мары» з 2022 года. Ідэя таго, што Захад і апазіцыйныя палітыкі імкнуцца ўцягнуць Грузію ў канфлікт з Расіяй. Я маю на ўвазе вайну ва Украіне, каб адкрыць яшчэ адзін фронт на Каўказе супраць Расіі. Урад палохае грузінаў. Важна памятаць, што грузіны насамрэч перажылі кароткую вайну, пяцідзённую вайну ў жніўні 2008 года. Сапраўды, ёсць людзі, якія не разумеюць, што ні заходнія палітыкі, ні грузінскія апазіцыйныя палітыкі не спрабуюць уцягнуць Грузію ў канфлікт. Няма ніякіх планаў адкрываць другі фронт супраць Расіі. Але людзі проста вераць у такія аргументы, што толькі «Грузінская мара» можа гарантаваць стабільнасць. І тут можна дадаць, што значная частка грамадства проста працуе ў дзяржаўным сектары, таму яны таксама фінансава залежныя ад урада і баяцца раптоўных палітычных змен.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч