Хрысцін Лагард падкрэсліла, што інстытуты ЕС павінны дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам, і ЕЦБ не будзе падтрымліваць механізмы, якія парушаюць палажэнні дагавора, паведамляе Politico, на што звярнуў увагу сайт Money.pl.
Артыкул 123 Дагавора аб функцыянаванні Еўрапейскага Саюза прадугледжвае, што Еўрапейскі цэнтральны банк не можа непасрэдна фінансаваць дзяржаўныя выдаткі шляхам друку грошай.
Менавіта гэтае пытанне выклікае сумневы ў кантэксце крэдыту Украіне, які лідары ЕС мелі намер забяспечыць, выкарыстоўваючы замарожаныя расійскія актывы.
Лагард рашуча адхіліла магчымасць удзелу ЕЦБ у гарантыях крэдыту.
«Ад мяне нельга чакаць ухвалення механізму, які будзе азначаць грашовае фінансаванне», — падкрэсліла яна і папярэдзіла аб рызыках, звязаных з чаканнем ад ЕЦБ дзеянняў, якія не адпавядаюць заканадаўству ЕС.
У ноч з 18 на 19 снежня дзяржавы-члены ЕС вырашылі падтрымаць Украіну пазыкай у памеры 90 мільярдаў еўра на працягу наступных двух гадоў. Аднак замарожаныя расійскія актывы не былі выкарыстаны для гэтага.
«Гэта задаволіць тэрміновыя фінансавыя патрэбы Украіны, і Украіна пагасіць гэтую пазыку толькі пасля таго, як Расія выплаціць рэпарацыі», — было абвешчана ў ЕС.
Еўрапейская камісія працягне працу над рэпарацыйным крэдытам на аснове замарожаных расійскіх актываў.
яс