Беларуская Служба

Трамп і Зяленскі заявілі пра прагрэс у перамовах, але ключавыя пытанні застаюцца адкрытымі

29.12.2025 13:56
Сустрэча не прынесла прарыву: тэрытарыяльныя спрэчкі не вырашыны,  працэдура ўхвалення пагаднення не вызначана.
.   . , , , 28  2025 .
Ул. Зяленскі і Д. Трам, Фларыда, ЗША, 28 снежня 2025 г. PAP/EPA/PRESIDENTIAL PRESS SERVICE HANDOUT

Прэзідэнты ЗША і Украіны Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі пасля трохгадзінных перамоваў у Фларыдзе заявілі, што дасягнулі значнага прагрэсу на шляху да мірнага ўрэгулявання вайны з Расіяй. Аднак галоўнае пытанне так і не было вырашана: Уладзімір Пуцін патрабуе кантролю над Данбасам, Зяленскі катэгарычна супраць, а Дональд Трамп настойвае на дасягненні дамоўленасці. Цяпер амерыканскі і ўкраінскі лідары гавораць пра некалькі тыдняў, пасля якіх параметры магчымага мірнага пагаднення павінны стаць значна больш выразнымі.

Сустрэча Трампа і Зяленскага ў Фларыдзе не стала прарывам. Перамовы наконт спынення вайны ва Украіне будуць працягнутыя. Прэзідэнт ЗША адзначыў, што размова набліжае Кіеў і Маскву да заканчэння вайны, аднак не змог назваць ні канкрэтных тэрмінаў дасягнення дамоўленасці, ні гарантаваць, што яго намаганні ўвогуле завершацца поспехам.

Мірны план узгоднены на 90%, а амерыканскія гарантыі бяспекі — на 100%. Аднак спрэчныя пункты па-ранейшаму застаюцца без вырашэння, што пацвердзіў і гаспадар сустрэчы Дональд Трамп:

— Ёсць адно або два вельмі балючыя пытанні, але я думаю, што мы з імі добра спраўляемся. Мы дасягнулі вялікага прагрэсу, хоць насамрэч ён быў зроблены цягам апошняга месяца. Гэта надзвычай складаная справа.

Сярод ключавых спрэчных пытанняў застаецца тэрытарыяльнае. Каментуючы сітуацыю вакол Данбаса, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што пазіцыя яго краіны добра вядомая:

— Мы павінны паважаць нашае права і нашых грамадзян. Мы паважаем тэрыторыю, якую кантралюем. Наша пазіцыя абсалютна ясная. У нас з расіянамі розныя погляды на гэтае пытанне.

Уладзімір Зяленскі таксама адзначыў, што прыняцце мірнага плана запатрабуе галасавання. Вызначальную ролю можа адыграць рэферэндум, падчас якога грамадзяне Украіны самі вызначыліся б адносна рэалізацыі дамоўленасцяў.

Прэзідэнты Украіны і ЗША пагадзіліся, што мірны план павінен быць ухвалены або Вярхоўнай Радай, або на рэферэндуме. Лідары адзінадушна заявілі пра наяўны прагрэс у мірных перамовах. Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што любы магчымы мірны план мусіць атрымаць падтрымку ўкраінскага грамадства:

— Найхутчэй мірны план будзе зацверджаны парламентам або на рэферэндуме. 91% грамадзян хоча заканчэння вайны. Як і ўсе астатнія, Расія таксама. Я асабіста хачу завяршыць гэтую вайну, бо не хачу, каб гінула столькі людзей.

Уладзімір Зяленскі, у сваю чаргу, зноў падкрэсліў важнасць працэдуры галасавання:

— Пытанне рэферэндуму з’яўляецца ключавым. Мы можам правесці рэферэндум па кожным пункце гэтага плана. Гэта можа быць рэферэндум, але існуе і магчымасць галасавання ў парламенце. Калі гэты план будзе складаным, нашы грамадзяне павінны будуць выбіраць і галасаваць, бо краіна належыць не аднаму чалавеку, а ўсяму народу.

Падчас сустрэчы лідары ЗША і Украіны таксама правялі тэлеканферэнцыю з кіраўнікамі еўрапейскіх дзяржаў, прадстаўнікамі Еўрапейскага Саюза і НАТА. У размовах удзельнічаў і прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі. Кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач паведаміў, што Караль Наўроцкі звярнуў увагу на неабходнасць выпрацоўкі ўстойлівага міру ва Украіне:

— Абмяркоўваўся актуальны стан перамоваў вакол патэнцыйнага мірнага пагаднення. З пункту гледжання Польшчы ключавым застаецца таксама пытанне будучых гарантый бяспекі. Для прэзідэнта Караля Наўроцкага вельмі важна, каб мір, які будзе патэнцыйна  выпрацаваны, быў трывалым і стабільным.

У заяве Канцылярыі прэзідэнта Польшчы таксама адзначаецца:

«Прэзідэнт Караль Наўроцкі падкрэсліў высокі ўзровень заангажаванасці прэзідэнта Трампа ў мірны працэс. Сённяшняя размова паказвае, што ўсе дамоўленасці наконт міру і бяспекі ў рэгіёне павінны прымацца з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. Рашучасць амерыканскага боку і адзінства пазіцыі еўрапейскіх дзяржаў дае рэальны шанец на завяршэнне вайны, развязанай Расійскай Федэрацыяй».

У тэлеканферэнцыі, апрача Караля Наўроцкага, удзельнічалі прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэм’ер-міністры Італіі, Нарвегіі і Фінляндыі, старшыня Еўркамісіі Урсула фон дэр Ляен, а таксама генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.

Польшча не накіруе свае войскі ва Украіну — чарговы раз запэўніў віцэ-прэм’ер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, падкрэсліўшы, што Польшча актыўна ўдзельнічае ў так званай Кааліцыі рашучых, забяспечваючы інфраструктурную і лагістычную падтрымку Украіне:

—  Польшча выразна вызначыла свае прынцыпы. Мы не накіроўваем і не плануем накіроўваць польскія войскі ва Украіну. Але мы плануем аперацыю падтрымкі на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Без Польшчы сёння няма дапамогі Украіне.

Паводле Уладзіслава Касіняка-Камыша, каля 90% усёй дапамогі Украіне праходзіць праз тэрыторыю Польшчы. У Варшаве таксама перакананыя, што без польскай лагістычнай падтрымкі, стабілізацыйная місія ва Украіне была б немагчымая.

Вызначальны голас у мірных перамовах будзе мець Расія, лічыць прафесар Мацей Мільчаноўскі з Жэшаўскага ўніверсітэта. Хуткае завяршэнне вайны ва Украіне ў тым фармаце, які прапануе Дональд Трамп, немагчымае. Эксперт таксама адзначыў, што Украіна дасягае істотных поспехаў на фронце:

— Сітуацыя тут абсалютна іншая, чым здавалася Трампу. Ён увесь час лічыў, што ўсё залежыць ад Расіі. А Расія прыняла рашэнне весці доўгатэрміновую знясільваючую вайну і, на жаль, прытрымліваецца гэтага курсу.

Былы пасол Польшчы ва Украіне Ян Пекла таксама не чакае завяршэння вайны ў 2026 годзе:

— Верагодна, гэта яшчэ зойме пэўны час. Я не бачу асаблівай гатоўнасці і веры ў тое, што Крэмль і Пуцін сапраўды хочуць міру з Украінай. Наадварот, з Крамля зараз гучаць сігналы, што яны нібыта самі «вырашаць гэтае пытанне» і захопяць увесь Данбас.

Украінскі палітолаг Ігар Рэйтаровіч звярнуў увагу на дзіўнае стаўлення Дональда Трампа да Расіі:

— Дональд Трамп чарговы раз прадэманстраваў вельмі дзіўнае стаўленне да Расійскай Федэрацыі і да тых дзеянняў, якія яна здзяйсняе. Па сутнасці, адзіным вынікам гэтай сустрэчы стала адсутнасць якіх-небудзь дэдлайнаў: праца будзе працягвацца ў рамках нейкіх рабочых груп. Хто будзе прадстаўляць Украіну і ЗША, у прынцыпе зразумела, а вось хто будзе з боку Расійскай Федэрацыі і як будуць выглядаць гэтыя групы — пытанне пакуль застаецца адкрытым.

Паводле яго , негатыўны ўплыў на пазіцыянаванне Трампа аказала і папярэдняя тэлефонная размова з Пуціным:

— Спачатку ён паразмаўляў з Пуціным, а потым адбылася сустрэча з Зяленскім. І ў той прамежак часу, пакуль прэзідэнты ЗША і Украіны не выйшлі да СМІ і не пачалі закрытыя перамовы, Расія паспела ўкінуць у інфармацыйную прастору свае ключавыя наратывы, якія сталі дамінуючымі. Гэта дакладна не згуляла на карысць прэзідэнту ЗША.

Эксперт таксама адзначыў пэўны аптымізм Трампа, але выказаў сумневы адносна яго разумення сутнасці расійскай палітыкі:

— Ён выглядаў даволі аптымістычна, але не пакідае адчуванне, што чалавек знаходзіцца ў стане кагнітыўнага дысанансу. За ўвесь час, колькі ён займаецца расійска-ўкраінскай вайной, ён так і не змог канчаткова вызначыцца, чым на самой справе з’яўляецца Расійская Федэрацыя і якая яе рэальная мэта. Таму нічога дрэннага не адбылося, але і гаварыць пра нейкі прарыў таксама не выпадае. Два ключавыя пытанні — Данбас і Запарожская атамная электрастанцыя — застаюцца абсалютна нявырашанымі.

iar/эж