Беларуская Служба

Кітай «паядае нас жыўцом». Еўропа ў цені Паднябеснай 

02.01.2026 12:15
Вытворчыя выдаткі ў КНР значна ніжэйшыя, а кошты электраэнергіі — непараўнальна меншыя, чым у ЕС. 
ІлюстрацыяPAP/EPA/ANDRES MARTINEZ CASARES

Кітай увайшоў у новую фазу геапалітычнай самаўпэўненасці і ўсё менш зацікаўлены ў кампрамісах з Еўропай. Пра гэта ў размове з Gazeta.pl заявіў намеснік кіраўніка Асяродка ўсходніх даследаванняў (OSW) доктар Якуб Якубоўскі. На яго думку, тры дзесяцігоддзі развіцця ЕС у «цяплічных умовах» скончыліся, а Пекін усё часцей навязвае ўласныя правілы гульні.

Эксперт адзначае, што Кітай пачаў успрымаць сябе роўным ЗША і дэманструе гэта, у тым ліку, праз санкцыйныя войны і абмежаванні на экспарт рэдказямельных металаў. З Вашынгтонам Пекін яшчэ гатовы дамаўляцца, разглядаючы сітуацыю як «геапалітычную нічыю», аднак у адносінах да Еўрасаюза паводзіць сябе ўсё больш жорстка і пагардліва.

Паводле Якубоўскага, Кітай «паядае Еўропу жыўцом» у шэрагу ключавых галін — ад сталі і аўтамабільнай прамысловасці да фотаэлектрыкі, ветраэнергетыкі і хіміі. Вытворчыя выдаткі ў КНР значна ніжэйшыя, а кошты электраэнергіі — непараўнальна меншыя, чым у ЕС. Еўропа ж, лічыць эксперт, прайграе з-за адсутнасці паслядоўнай прамысловай палітыкі і ператварэння зялёнага пераходу ў амаль ідэалагічную мэту.

Аналітык папярэджвае, што свеце ўзрастае рызыка буйных канфліктаў, а магчымы крызіс вакол Тайваня стаў бы выпрабаваннем надзейнасці амерыканскіх саюзаў. У гэтых умовах Еўропе, у тым ліку Польшчы, неабходна сканцэнтравацца на ўзбраенні, умацаванні абароннага патэнцыялу і аднаўленні ўласнай прамысловай базы ў стратэгічных сектарах.

эж

Прэзідэнт Тайваня: Кітай мусіць заняцца эканомікай, а не тэрытарыяльнай экспансіяй

04.12.2025 15:22
У адказ на кітайскія пагрозы Тайбэй плануе павялічыць выдаткі на абарону на 40 мільярдаў долараў і да 2030 года давесці іх да 5 % ВУП.