Беларуская Служба

Польская экспертка па ЗША: Нежаданне Амерыкі ісці на супрацьстаянне з РФ пасылае сігнал свету: з Масквой варта лічыцца

02.01.2026 14:07
«Пуцін, як сцвярджае сам прэзідэнт ЗША, — дальнабачны і моцны лідар, і нават «самая магутная асоба ў свеце», вымушаная з ім лічыцца».
           .
Уладзімір Пуцін падчас наведвання каманднага пункта расійскай арміі ў неўстаноўленым месцы. EPA/KREMLIN.RU/PAP

Ці сапраўды Захад перажывае сістэмны крызіс і чаму аўтакраты адчуваюць сябе ўсё больш упэўнена? Пра гэта ў эфіры Першага канала Польскага радыё разважала прафесарка Малгажата Захара-Шыманьская — даследчыца міжнародных адносін Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве.

Шматлікія каментатары як у Польшчы, так і ў свеце сцвярджаюць, што ЗША ўсё больш канцэнтруюцца на Паўднёвай Амерыцы, а пытанне Украіны, і Уяходняй Еўропы, НАТА з пункту гледжання Вашынгтона, павінна вырашацца самастойна Еўропай. Прафесарка Малгажата Захара-Шыманьская не пагаджаецца з такім сцвярджэннем:

— Я не лічу, што Амерыка пакідае Захад. Пра гэта мы чуем ужо больш за дзесяць гадоў. У амерыканскіх стратэгічных дакументах даўно зафіксавана, што галоўным стратэгічным супернікам Злучаных Штатаў з’яўляецца Кітай. І дыпламатычныя, і эканамічныя намаганні Вашынгтона скіраваныя на нейтралізацыю гэтага выкліку.

Аднак гэта не павінна было ісці ў пары з маргіналізацыяй Еўропы як ключавога саюзніка.  2025 год стаў першым годам, калі ад прэзідэнта ЗША і высокапастаўленых прадстаўнікоў амерыканскай адміністрацыі прагучалі заявы, што Еўропа — гэта нібыта састарэлая канцэпцыя, свет, які знаходзіцца на мяжы дэкадансу і заняпаду. Мы бачым праявы такога стаўлення і ў канкрэтных палітычных дзеяннях. Злучаныя Штаты вагаюцца і не могуць выразна вызначыцца ў сваёй пазіцыі адносна вайны паміж Расіяй і Украінай. Пры гэтым гаворка ідзе не пра звычайны канфлікт, а пра поўнамаштабную агрэсію Расійскай Федэрацыі, распачатую ў 2022 годзе.

Ці стаў мінулы год паспяховым для дыктатараў? Ці ўмацавалі такія фігуры, як Уладзімір Пуцін або Сі Цзіньпін, свае пазіцыі ў 2025 годзе?

— Так, гэты і папярэднія гады выразна дэманструюць тэндэнцыю ў сусветнай палітыцы. Гэта тэндэнцыя да ўлады моцных, харызматычных лідараў, якія абяцаюць кіраваць «цвёрдай рукой». У Еўропе мы таксама назіраем праявы гэтага трэнду. А калі гаварыць пра класічных аўтакратаў — лідараў Кітая і Расіі, — то сёння, вобразна кажучы, яны п’юць шампанскае. 2025 год быў паспяховым для Кітая на міжнароднай арэне, калі не ўлічваць нарастанне ўнутраных праблем.

Пекін выйграе дзякуючы палітыцы няпэўнасці і шматзначнасці. Расія ж паляпшае свой міжнародны імідж. Тое, што Злучаныя Штаты так неахвотна ідуць на жорсткае супрацьстаянне з РФ, пасылае сігнал свету: з пазіцыяй Масквы варта лічыцца. Пуцін, як сцвярджае сам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, — дальнабачны і моцны лідар, і нават «самая магутная асоба ў свеце», як часта называюць амерыканскага прэзідэнта, вымушаная з ім лічыцца.

Многія грамадзяне еўрапейскіх краін таксама адчуваюць запыт на палітыка, які быў бы гатовы кіраваць «цвёрдай рукой». Публіцысты і аналітыкі абмяркоўвалі гэта на працягу ўсяго года. Ці захаваецца  трэнд «павароту направа», які мы назіралі ў парламентах і ўрадах шэрагу еўрапейскіх дзяржаў?

— Баюся, што ў многіх краінах так званага Старога свету гэтая тэндэнцыя захаваецца. Палітычныя настроі цесна звязаныя з эканамічнай сітуацыяй. Дастаткова зірнуць на эканамічныя паказчыкі Вялікабрытаніі: яны нестабільныя і крохкія, узровень беспрацоўя расце і набывае трывожныя маштабы. Нядаўна беспрацоўе павялічылася і ў ЗША. Інфляцыю ўдалося стрымаць і знізіць да ўзроўню пачатку пандэміі COVID-19, але сітуацыю ўсё яшчэ цяжка назваць здавальняючай.

Старую Еўропу чакае рэцэсія. Шчыра кажучы, сёння няма простага і эфектыўнага механізму, які дазволіў бы лёгка перажыць гэты складаны перыяд. Асабліва складана кіраваць грамадскімі чаканнямі і сфарміраваць разуменне таго, што Еўрапейскі Саюз і Еўропа ў цэлым, нават ва ўмовах шматлікіх рызык, самі па сабе з’яўляюцца вялікім дасягненнем. Для такіх краін, як Польшча або дзяржавы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, сяброўства ў ЕС прынесла выключны эканамічны рост. Польшча ў гэтым сэнсе застаецца выключэннем, бо эканамічнае развіццё тут усё яшчэ працягваецца.

Як Польшча функцыянуе ў гэтым нестабільным свеце? У Варшаве — праамерыканскі прэзідэнт і праеўрапейскі ўрад і прэм’ер-міністр. Ці не з’яўляецца гэта своеасаблівым рэцэптам выжывання?

— Нам хацелася б у гэта верыць. Магчыма, гэта і ёсць пэўнае выйсце. Сёння Польшча вымушаная балансаваць паміж уласнымі доўгатэрміновымі эканамічнымі інтарэсамі і сяброўствам у супольнасці, заснаваным на агульных каштоўнасцях, якія ўсё яшчэ гарантуе Еўропа. Гэта наша рэальнасць: Еўропа падзеленая, барацьба інтарэсаў працягваецца, і ніколі нашы адносіны са Злучанымі Штатамі не былі бязвоблачнымі. Для Вашынгтона на першым месцы заўсёды стаяць уласныя інтарэсы.

Польшча, хутчэй за ўсё, і надалей будзе партнёрам другога плану ў параўнанні з краінамі, з якімі ЗША звязваюць асаблівыя чаканні. Месца Польшчы — у Еўропе, і мы павінны гэтага трымацца, нават калі балансаванне на тонкім лёдзе Атлантычнага акіяна становіцца ўсё больш складаным. Магчыма, падзел роляў паміж прэзідэнцкім лагерам, арыентаваным на бяспеку і Вашынгтон, і ўрадам, які карыстаецца даверам Бруселя, сапраўды з’яўляецца пэўным рэцэптам.

Нагадаем, госцяй Першага канала Польскага радыё была прафесарка Малгажата Захара-Шыманьская, даследчыца міжнародных адносін Ягелонскага ўніверсітэта.

эж