Беларуская Служба

Эксперт: Хваляванні ў Іране носяць лакальны характар

07.01.2026 12:37
У сераду з’явілася інфармацыя, што пратэстоўцы ўзялі пад кантроль першыя гарады на захадзе краіны - Абданан і Малекшахі.
Аўдыё
  • Эксперт пра сітуацыю ў Іране
Людзі праходзяць міма рэкламнага шчыта з выявай былога Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі ІранаEPA/ABEDIN TAHERKENAREH Dostawca: PAP/EPA.

З канца снежня ў Іране працягваюцца пратэсты з-за росту інфляцыі і падзення курсу мясцовай валюты. Паведамляецца, што геаграфічны маштаб пратэстаў даволі шырокі: яны ахапілі 27 з 31 правінцыі Ірану і закранулі больш за 250 населеных пунктаў. У сераду Fox News паведаміў пра захоп паўстанцамі першых гарадоў на Захадзе краіны: Абданан і Малекшахі. Дзярждэпартамент ЗША напісаў на партале Х, што ўжо загінула прынамсі 29 пратэстоўцаў, больш за 1200 чалавек былі арыштаваныя.

Аднак рэвалюцыі ў Іране не будзе ў бліжэйшы час, у краіне няма палітычнай сілы, якая магла б стаць альтэрнатывай цяперашняму ўраду, перакананы ўсходазнаўца з Ягелонскага ўніверсітэту Марцін Кшыжаноўскі.

— Цяперашняя хваля пратэстаў не набірае сілу. Пратэсты слабеюць, магчыма надалей праз пару дзён усё вернецца да нормы.

Таксама іраніст палітолаг з Універсітэту Рэгінсбурга Сяргей Богдан зазначае, што ў Іране цяпер адбываюцца лакальныя беспарадкі, ён ня ўбачыў тэндэнцыю, каб яны перараслі ў агульнанацыянальны супраціў.

— Я не лічу, што яшчэ некалькі дзён таму пратэсты мелі нейкі сур’ёзны маштаб. Ёсць разрозненыя выступленні, якія па сваім абсягу нічым не нагадваюць тыя выступленні, што былі ў мінулыя дваццаць гадоў. Для мяне загадка, хто цяпер увогуле пратэстуе, апроч заходніх рэгіёнаў, дзе ёсць шмат моладзі.

На думку спецыяліста, у Іране цяпер засяроджаныя на тым, каб знайсці пераемніка для састарэлага Вярхоўнага лідара.

— Вельмі моцна на сітуацыю ў Іране ўплывае той факт, што Вярхоўны лідар краіны даволі сталага ўзросту, а некалькі відавочных кандыдатаў на гэтую пасаду – з імі нешта здарылася, апошні Раісі. На дадзены момант відавочнага пераемніка няма. Калі раптам Хамэнэі памірае, незразумела хто зойме яго месца. Гэта вялікі фактар нестабільнасці.

На фоне аперацыі ў Венесуэле прэзідэнт ЗША зноў пачаў пагражаць Ірану нападам, калі Тэгеран аднавіць сваю ядзерную праграму. Дональд Трамп казаў пра гэта, прымаючы прэм'ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нетаньяху ў Фларыдзе. Прэзідэнт ЗША сказаў, што чуў, што Іран зноў спрабуе ўзбагачаць уран.

— Іран спрабуе аднавіць сваю ядзерную праграму. Калі гэта будзе працягвацца, нам давядзецца яе знішчыць. Мы спадзяёмся, што гэтага не адбудзецца. Я чуў, што Іран хоча пагаднення. Калі так, то гэта вельмі мудра з іх боку. Мы маглі б дасягнуць пагаднення ў мінулы раз, калі атакавалі іх. Цяпер яны шкадуюць, што не дасягнулі пагаднення. Я думаю, што на гэты раз мы зможам дасягнуць пагаднення.

Сяргей Богдан распавёў, што ў Тэгеране цяпер пануе падыход – перасядзець Трампа і выпрацаваць прапанову для яго магчымага пераемніка ды ЕС.

— У Іране пануе спадзяванне, што трэба перасядзець час пакуль Трамп ва ўладзе і выкарыстаць гэты час, каб дамовіцца з апанентамі Трапма ў ЗША і з ЕС. Іран гэта спрабуе рабіць, прапануючы ЕС дапамогу ў вырашэнні пытання з Арменіяй, якой вельмі складана зрабіць геапалітычны разварот у бок Еўрасаюзу. Новы іранскі пасол у Арменіі адкрытым тэкстам казаў пра гарантыі Тэгерану, што ў Арменіі нічога не здарыцца ў звязку з разваротам і прапанаваў сабатаваць Зангезурскі калідор Трампа.

У Іране адбылася пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Гэта прывяло да дэманстрацыяў пратэсту і беспарадкаў. Аднак гэтыя падзеі носяць лакальны характар, кажуць эксперты. Не бачна таксама альтэрнатывы цяперашняму ўраду.

Юры Ліхтаровіч

Іран — гэта не Венесуэла, там сітуацыю не будзе так лёгка змяніць

06.01.2026 21:33
Калі б Іран быў гатоў да супрацоўніцтва з Захадам, ён мог бы стаць заможнай дзяржавай.