Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля больш як паўгода ваганняў нарэшце даў «зялёнае святло» ініцыятыве аб узмацненні санкцый супраць Расіі. Пра гэта ў сераду, 7 студзеня, паведаміў рэспубліканскі сенатар Ліндсі Грэм, аўтар законапраекта, які прадугледжвае як новыя абмежаванні супраць Масквы, так і высокія мыты на тавары з краін, што закупляюць расійскую нафту. Галасаванне ў Сенаце можа адбыцца ўжо на наступным тыдні, пішуць на партале forsal.pl.
Паводле Грэма, згода была атрымана падчас сустрэчы з прэзідэнтам. Сенатар адзначыў, што цяпер надышоў спрыяльны момант для рашучых дзеянняў, бо Украіна ідзе на кампрамісы дзеля міру, у той час як расійскі лідар, «толькі гаворыць, працягваючы забіваць нявінных».
Законпраект доўгі час знаходзіўся ў так званай «лядоўні» Кангрэса. Нягледзячы на падтрымку 85 са 100 сенатараў, яго разгляд быў заблакаваны з-за адсутнасці выразнай пазіцыі Белага дома. Раней Грэм і іншыя рэспубліканцы неаднаразова заяўлялі пра падтрымку з боку Трампа, аднак прэзідэнт пасля змяняў сваё меркаванне.
Дакумент прадугледжвае дадатковыя санкцыі супраць расійскіх нафтавых кампаній, банкаўскага сектара і так званага флоту ценяў, а таксама ўвядзенне мытаў да 500% на тавары з краін, якія набываюць расійскія энергарэсурсы. Закон можа стаць магутным інструментам ціску на Кітай, Індыю і Бразілію.
Паралельна ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША разглядаецца альтэрнатыўны, але падобны санкцыйны пакет. Аднак яшчэ да абвяшчэння рашэння Дональда Трампа некаторыя дэмакраты выказвалі скептыцызм адносна яго прыняцця, але цяпер палітычная сітуацыя можа істотна змяніцца.
эж