Варта адзначыць, што гэта ўнікальная падзея ў традыцыях Прэзідэнта Рэспублікі Польшча, бо ён не сустракаецца ні з адной іншай нацыянальнай меншасцю ў Польшчы ў такім фармаце. Гэтую традыцыю распачаў папярэдні прэзідэнт Анджэй Дуда, а сёлета працягнуў прэзідэнт Караль Наўроцкі. Прэзідэнт запрасіў у Бельведэр беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў, былых палітычных зняволеных і лідараў беларускіх дэмакратычных сіл, у тым ліку лідарку Святлану Ціханоўскую.
Прэзідэнт Караль Наўроцкі прыгадаў супольнае мінулае польскага і беларускага народаў, і агульных нацыянальных герояў.
«Разам з вольнай беларускай нацыяй мы стварылі Рэч Паспалітую і Польскую Рэспубліку. Прадстаўнікі беларускага народа змагаліся ў польскіх паўстаннях, і герой Студзеньскага паўстання 1863 года Канстанцін Каліноўскі застаецца сімвалам гэтага змагання па сённяшні дзень, для нас – палякаў, і для вас – беларусаў.
Мы змагаліся супраць савецкай Расіі ў 1920 годзе, і генерал Булат-Балаховіч застаецца часткай польскай гісторыі і гісторыі беларускага народа і па сённяшні дзень. Той самы генерал у 1939 годзе разам з іншымі беларусамі, якія лічылі Другую Польскую Рэспубліку сваёй дзяржавай, абаранялі яе ад савецкіх і нямецкіх захопнікаў. Пасля 1945 года Польшча (як і Беларусь - рэд.) таксама не аднавіла сваёй незалежнасці, фактычна стаўшы савецкай калоніяй».
Прэзідэнт Наўроцкі казаў пра падабенства долі польскіх герояў у мінулым і сённяшніх беларускіх змагароў за свабоду айчыны і абяцаў падтрымку Польшчы.
«Нашыя змагары за свабоду былі зняволены, гінулі на вуліцах польскіх гарадоў. Рабочыя, якія таксама прагнулі свабоды, выходзілі на вуліцы камуністычнай Польшчы. Іх забівалі, гэта працягвалася аж да 1980-х гадоў. Як Прэзідэнт Рэспублікі Польшча, я хацеў падзякаваць усім свабодным беларусам за тое, што вы прайшлі свой цяжкі шлях, які патрабуе столькіх ахвяр, для многіх з вас – гэта зняволенне ў турмах рэжыму Лукашэнкі. Але вы на сваім доўгім шляху да незалежнасці і суверэнітэту, і на гэтым шляху Польшча ніколі вас не пакіне».
Прэзідэнт Наўроцкі перакананы, што гэтая традыцыя сустрэч Прэзідэнта Польшчы і беларускай дыяспары, важная для цяперашняй сацыяльнай і палітычнай сітуацыі, але яна таксама вельмі важная для будучыні польскага і беларускага народаў.
«Як гісторык па прафесіі, я глыбока перакананы, што ў бліжэйшыя гады, а магчыма, і ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі, мне цяжка прадказваць будучыню, але я веру, што менавіта дзякуючы гэтым сустрэчам паміж Прэзідэнтам Польшчы і беларускай супольнасцю, з лідарамі беларускай апазіцыі, але таксама і з палітвязнямі, мы рухаемся ў тым кірунку, якога мы ўсе жадаем.
Мы ўпэўнены, што адносіны паміж дзвюма незалежнымі, суверэннымі і самастойнымі дзяржавамі, Польшчай і Беларуссю, неабходныя дзеля агульнага дабра, для нашых грамадстваў і проста дзеля лепшага свету. Таму я разглядаю нашы сустрэчы як актуальную патрэбу, выразны сігнал таго, на чыім баку стаіць Прэзідэнт Польшчы, але таксама з вялікай надзеяй на суверэнную і незалежную Беларусь».
Прэзідэнт Польшчы запэўніў, што ў Польшчы існуе кансэнсус і кампраміс адносна пазіцыі палякаў, прэзідэнта Польшчы і польскага ўрада адносна незалежнасці і суверэнных памкненняў беларусаў.
«Я запэўніваю вас таксама, што ў дачыненні да пытання палітычных зняволеных рэжыму Лукашэнкі я на міжнароднай і дыпламатычнай арэнах дамагаўся вызвалення зняволеных» – падкрэсліў польскі прэзідэнт на святочна-навагодняй сустрэчы з беларусамі ў Бельведэры».
яс