Беларуская Служба

Змены ў Рамзаністане? Ці рыхтуецца Чачня да замены улады?

14.01.2026 19:27
Чачэнскі лідар прызначыў выканаўцам абавязкаў намесніка прэм'ер-міністра рэспублікі свайго старэйшага сына Ахмата, якому 20 гадоў.
Ramzan Kadyrow
Ramzan KadyrowPAP/ EPA/EVGENIA NOVOZHENINA / POOL

Мацей Фалькоўскі ў загалоўку аналізу для Цэнтра ўсходніх даследаванняў назваў Чачню «Рамзаністам». Артыкул быў апублікаваны больш за дзесяць гадоў таму — нават тады каўказскую рэспубліку можна было лічыць «дзяржавай Рамзана (Кадырава)». Сёння, паводле шматлікіх ацэнак, каля ста членаў яго сям'і працуюць на розных пасадах у мясцовых органах улады.

У 20 год – намеснік прэм'ер-міністра

У пачатку студзеня гэтага года адбылося чарговае гучнае прызначэнне. Чачэнскі лідар прызначыў выканаўцам абавязкаў намесніка прэм'ер-міністра рэспублікі свайго старэйшага сына Ахмата (у лістападзе яму споўнілася 20 гадоў, але ён ужо займаў міністэрскую пасаду; яго назвалі ў гонар дзеда: бацькі і папярэдніка Рамзана, якога забілі 9 мая 2004 года). Як гэта звычайна бывае ў такіх выпадках, узніклі здагадкі, што ў «Рамзаністане» наспявае пераемнасць, і ўладу возьме малады намінант.

Чуткі пра пагаршэнне здароўя Рамзана разрастаюцца

Цяперашні лідар, які карыстаўся тытулам прэзідэнта да 2011 года, а пазней быў вымушаны задаволіцца пасадай кіраўніка рэспублікі, яшчэ не стары. Яму споўніцца толькі пяцьдзясят гэтай восенню. Але чуткі пра яго дрэннае здароўе ходзяць ужо шмат гадоў. Паводле апазіцыйнай «Новай газеты», яму даўно паставілі дыягназ панкрэанекроз, а незвычайныя ацёкі нібыта сведчаць пра праблемы з ныркамі. Чуткі ўзмацніліся, калі ён, як чалавек, які любіць актыўнасць у сацыяльных сетках, раптоўна знік з поля зроку на некалькі тыдняў. Мінулым летам ён ледзь не патануў у моры падчас адпачынку ў Турцыі, пра што шырока паведамлялася ў СМІ.

Рамзан рыхтуе Ахмата

Ніхто з шматлікіх дзяцей Рамзана пакуль не дасягнуў узросту, каб афіцыйна ўзяць уладу, але чачэнскі лідар ведае, як пераадолець гэтую перашкоду. Калі ён пераняў уладу пасля бацькі, яму было менш за трыццаць гадоў, і некаторы час ён кіраваў з задняга сядзення. Аднак спачатку ў яго шлюбе нараджаліся толькі дзяўчаты, у якіх не было ніякіх шанцаў на лідарства на Паўночным Каўказе. Яго першая дачка Айшат (якой споўнілася 26 гадоў), ужо была намеснікам прэм'ер-міністра і міністрам культуры. Бацька давярае ёй — яна суправаджала яго ў няўдалым адпачынку ў Турцыі. Але ў будучыні яна можа быць толькі старэйшым, давераным дарадцам побач з адным з яе братоў. Браты ж толькі дарастаюць. Адам, якому паўтара месяца таму споўнілася 18 гадоў, ужо ўзначальвае Савет бяспекі Чачні і пачаў займаць важныя дзяржаўныя пасады ў шаснаццаць гадоў, доўгі час лічыўся найбольш прывілеяваным кандыдатам. Аднак Рамзан Кадыраў, магчыма, вырашыў, што два дадатковыя гады Ахмата былі на яго карысць.

Рамзан Кадыраў - «верны салдат Пуціна» і гэта пашырае яго паўнамоцтвы

Чачэнскі лідар займае пазіцыю, якая не мае сабе роўных ні ў аднаго іншага рэгіянальнага расійскага палітыка (фактычна, ён федэральны палітык). Ён ліквідаваў апазіцыю, яго службы дзейнічаюць па ўсёй Расіі і за яе межамі, ён падтрымлівае ўласныя кантакты з замежнымі краінамі і нават здольны ўплываць на палітыку Масквы (у 2017 годзе ён прымусіў МЗС Расіі змяніць курс і заняцца абаронай мусульманскага насельніцтва рохінджа ў М'янме). Ён таксама ўнёс карэктывы на чачэнскай мяжы, захапіўшы вёскі ў суседніх Інгушэціі і Дагестане. Усё гэта стала магчымым дзякуючы абароне, якую над ім усталяваў Уладзімір Пуцін, і сродкам, якія паступаюць з расійскага бюджэту. Рамзан Кадыраў называе сябе «верным салдатам Пуціна», але, напрыклад, яго адносіны з расійскімі праваахоўнымі органамі, часта вельмі праблематычныя. Аднак з гадамі ён стаў незаменным для Масквы — менавіта ён гарантуе мір і стабільнасць у Чачні, што ставіць Крэмль у нязручнае становішча прасіцеля.

Пакуль грошы з Масквы ідуць у Грозны ўлада Рамзана стабільная

Ніхто з дзяцей чачэнскага лідара, пакуль, не мае, бо не можа мець, пасады, параўнальнай з пасадай свайго бацькі або такой, якая гарантуе доўгатэрміновую ўладу. Рамзан, безумоўна, разлічвае на дапамогу сваіх верных таварышаў, калі сапраўды адбудзецца сітуацыя з пераемнасцю ўлады: прэм'ер-міністра Магамеда Даўдава па мянушцы «Лорд» і дэпутата Думы Адама Дэлімханава — абодва вельмі дасведчаныя і бязлітасныя гульцы, якія неаднаразова даказвалі яму сваю лаяльнасць. Але ці не паспрабуе ў такой сітуацыі адзін з вядучых расійскіх «сілавікоў» пасадзіць у Грозны свайго чалавека? Ці можна выключыць канфлікт паміж братамі і сёстрамі, які падтрымліваюць розныя групоўкі? Мы, пакуль, не даведаемся адказаў на гэтыя пытанні.

Аднак можна з упэўненасцю сказаць, што калі цэнтральная расійская ўлада не аслабне, а грошы працягнуць паступаць з Масквы, верагоднасць узнікнення цэнтрабежных тэндэнцый на Паўночным Каўказе будзе невялікай. Дагестанскі паэт Расул Гамзатаў аднойчы сказаў, што рэгіён увайшоў у склад Расіі не па сваёй волі і пакіне яе таксама такім жа чынам.

Войцех Гурэцкі

Планы Трампа адносна краін Цэнтральнай Азіі

14.11.2025 22:08
Краіны Цэнтральнай Азіі часам называюць «станамі», бо ўсе пяць іх назваў заканчваюцца на «стан»: Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. Гэта персідскае слова азначае проста «дзяржава».