Беларуская Служба

Не эканоміка, а геапалітыка дамінавала на сёлетнім саміце ў Давосе

23.01.2026 12:40
Галоўным героем форуму стаў Дональд Трамп, хоць прэм'ер Канады спрабаваў заняць яго месца і … трапіў у бяду.
Аўдыё
  • Сусветны эканамічны форум у Давосе
Прэзідэнт Дональд Трамп у ДавосеPAP/EPA/GIAN EHRENZELLER

Сусветны эканамічны форум, які праходзіў у швейцарскім Давосе 19-23 студзеня 2026 года прынёс хаця б часовае зняцце напружанасці вакол Грэнландыі і абʼяву аб трохбаковых перамовах з удзелам прадстаўнікоў ЗША, Украіны і Расіі. На палях мерапрыемства прэзідэнт Дональд Трамп заснаваў Савет міру, які павінен вырашаць глабальныя канфлікты, а Еўропа, хутчэй за ўсё, зразумела, што заканчваецца пэўная эпоха сусветнага парадку, пра што ў сваім выступе рэзка падкрэсліў прэм’ер Канады Марк Карні. Паводле часткі каментатараў, сёлетні Сусветны эканамічны форум у Давосе быў у першую чаргу форумам палітыкі і ўлады, а не форумам эканомікі.

Сапраўды сёлетні Сусветны эканамічны форум у Давосе прыцягнуў увагу ўсяго свету не столькі эканамічнымі, але перш за ўсё геапалітычнымі пытаннямі. Асаблівыя эмоцыі выклікала прысутнасць Дональда Трампа, у прыватнасці, яго скаргі на Еўропу і НАТА, патрабаванні да Грэнландыі і пагрозы прымянення эканамічных санкцый супраць часткі еўрапейскіх хаўруснікаў.

Аўтаномная тэрыторыя Даніі была галоўнай тэмай прамовы Дональда Трампа на Сусветным эканамічным форуме. Каментатары падкрэсліваюць адзін з нешматлікіх станоўчых для Еўропы элементаў маналога прэзідэнта ЗША – выключэнне магчымага выкарыстання сілы.

Праз некалькі гадзін, пасля сустрэчы з генсакратаром НАТА Маркам Рутэ, кіраўнік ЗША адмяніў рашэнне аб увядзенні супраць васьмі еўрапейскіх краінаў мытных санкцый. Ён таксама паведаміў, што былі распрацаваны «рамкі для будучага пагаднення» адносна Грэнландыі, падкрэсліваючы, што «ЗША атрымаюць усё, што хочуць, і што пагадненне будзе «доўгатэрміновым». Незразумела, што дакладна змяшчае рамачнае пагадненне і якая роля кіраўніка НАТА ў будучых перамовах. Дарэчы, гэтага пакуль не ведае нават дацкі ўрад, чыёй залежнай тэрыторыяй з’яўляецца Грэнландыя.

Аднак, паводле СМІ, змена пазіцыі прэзідэнта ЗША зʼяўляецца дыпламатычнай перамогай Марка Рутэ і відаць, прынамсі часова супакойвае трансатлантычны крызіс з-за выспы.

Можна давяраць прэзідэнту ЗША адносна яго заяваў аб тым, што ён «не будзе ўжываць празмернай сілы» па справе Грэнландыі, лічыць доктар Войцех Квяткоўскі (Wojciech Kwiatkowski) з Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага. Амерыканіст кажа, што жорсткая рыторыка адносна захопу вострава ЗША была часткай перамоваў, да якіх з самага пачатку ў Давосе заклікаў Дональд Трамп:

- Мы можам давяраць Амерыцы. Трамп заўсёды пачынае з найвышэйшай стаўкі – выстаўляючы часта абсурдныя патрабаванні. Аднак падчас перамоваў, да які ад пачатку ён імкнецца, прадставіць рэальныя прапановы; нейкую форму супрацоўніцтва з Даніяй і ЕС адносна здабычы і ваенных абʼектаў на выспе. Самае галоўнае, што гэта будзе палітыка выключэння Кітая з магчымасці эксплуатацыі Грэнландыі.

Ацэньваючы ўсю прамову прэзідэнта ЗША ў Давосе, доктар Войцех Квяткоўскі адзначыў, што яна была тыповай для Дональда Трампа. Прэзідэнт ЗША моцна засяродзіўся на ўласных поспехах і хацеў прадставіць сябе ў найлепшым святле:

- Гэта не першая яго прамова з такім нарцысічным характарам; сканцэнтраваная на ім самім. Ейная мэта паказаць, што ён найвялікшы і найлепшы прэзідэнт. Больш за тое, падчас прамовы ён пастаянна параўноўваў сябе з Джорджам Вашынгтонам – першым прэзідэнтам ЗША.

Пасля таго, як Дональд Трамп абвясціў, што не будзе пачынаць ваенную аперацыю па акупацыі Грэнландыі, інвестары ўздыхнулі з палёгкай. У адказ на гэтыя словы быў зафіксаваны рост фондавых рынкаў і аднаўленне валютнага рынку.

Аднак палітыка Дональда Трампа падрывае давер да Амерыкі, кажа эканаміст Santander Bank Polska Гжэгаж Агонэк (Grzegorz Ogonek):

- Гэта выклікае пытанні ў доўгатэрміновай перспектыве. Ці ў сітуацыі, калі ЗША ажыццяўляюць варожыя дзеянні не трэба было б, напрыклад, абмежаваць рызыку, звязаную з амерыканскімі актывамі, напрыклад, пазбаўляцца ад амерыканскага доўгу і акцыяў амерыканскіх кампаній. Дарэчы, такое рашэнне аб’явіў дацкі пенсійны фонд.

Нагадваем, дацкі пенсійны фонд AkademikerPension абвясціў, што з-за занепакоенасці дэфіцытам бюджэту ЗША да канца студзеня 2026 года прадасць аблігацыі ЗША на суму 100 мільёнаў долараў. Такое рашэнне – выразны пасыл інвестарам па ўсім свеце, які нельга ігнараваць.

У сваю чаргу ў чацвер (22 студзеня), на палях форуму ў Давосе, амерыканскі прэзідэнт абвясціў аб стварэнні Рады міру, якую пажыццёва сам узначаліў. У склад Рады ўвайшлі дваццаць сусветных лідараў.

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі быў сярод лідараў, якія прысутнічалі на цырымоніі, але ўстаноўчага дакумента не падпісаў, падобным чынам, як, напрыклад, лідары Францыі і Вялікабрытаніі.

Большасць каментатараў асцярожна ставяцца да новай амерыканскай ініцыятывы. Войцех Масцібродзкі (Wojciech Mościbrodzki) з WSB Merito адзначае, што прэзідэнт Польшчы, параіўшыся з урадам, прыняў правільнае рашэнне і дыпламатычна адмовіўшыся пакуль што далучыцца да Рады:

- Мы не атрымалі б ніякага ўплыву на рашэнні згаданай Рады. Акрамя таго, нас паставілі б у адзін шэраг з краінамі, якія не маюць нічога агульнага з дэмакратыяй, як Саўдаўскага Аравія або Косава. Таму з пункту гледжання польскіх інтарэсаў, удзел у Радзе ніякіх пераваг нам не дае.

У сваю чаргу Кшыштаф Яворскі (Krzysztof Jaworski) з Інстытута міжнароднай бяспекі і развіцця, падкрэсліў, што першапачаткова Рада павінна была засяродзіцца выключна на дасягненні міру ў Сектары Газа. Пазней аказалася, што Дональд Трамп хоча вырашаць пытанні міру больш шырока, бо ён адмоўна ацэньвае працу цяперашніх міжнародных інстытутаў:

- У сувязі з гэтым Дональд Трамп імкнецца аслабіць тыя арганізацыі, якія, паводле яго, не прасоўваюць дастаткова ЗША і прычыняюцца да страты прывілеяванага становішча ЗША ў свеце. Паводле мяне, Рада міру ўпісваецца ў згаданую тэндэнцыю па стварэнні новых і аслабленні ролі старых арганізацый.

Запрашэнне Дональда Трампа, далучыцца да Рады міру прынялі, сярод іншага, прэмʼер-міністры Венгрыі і Турцыі, а таксама лідары Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Францыя, Нарвегія і Швецыя заявілі, што ў Радзе не будуць удзельнічаць.

Насуперак боязяў некаторых каментатараў, спрэчка вакол Грэнландыі не цалкам зняла з парадку дня пытанне аб спыненні вайны Расіі супраць Украіны. Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Віткаф, які сустрэўся з дэлегацыямі Украіны і Расіі ў Давосе, ацаніў, што ў перамовах быў дасягнуты «значны прагрэс».

У сваю Уладзімір Зяленскі, які ў кулуарах форуму сустрэўся з Дональдам Трампам, ахарактарызаваў размову як «добрую, плённую і змястоўную». Ён таксама абвясціў, што ў пятніцу і суботу ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах адбудуцца трохбаковыя перамовы паміж дэлегацыямі ЗША, Украіны і Расіі аб спыненні вайны. Адначасова адзначыў, што тэрытарыяльныя пытанні ўсё яшчэ застаюцца нявырашанымі.

Падчас свайго выступу на форуме, украінскі прэзідэнт раскрытыкаваў Еўропу за яе марудлівасць і адсутнасць рашучых дзеянняў супраць пагрозаў з боку Расіі. Ён сказаў, сярод іншага, што Еўропа баіцца распараджацца замарожанымі расійскімі актывамі, а расіяне экспартуюць падсанкцыйную нафту «пад яе носам».

Нягледзячы на тое, што прэзідэнт ЗША пакуль адмовіўся ад сваіх пагрозаў увядзення санкцыі ў выглядзе дадатковых мытных тарыфаў супраць часткі краін ЕС за падтрымку Грэнландыі, еўрапейскія лідары ў чацвер (23 студзяня) у вечары сустрэліся ў Бруселі, каб абмеркаваць трансатлантычныя адносіны. Паводле дыпламатаў ЕС, час усталяваць чырвоныя лініі ў адносінах з Дональдам Трампам. Пасля заканчэння сустрэчы, старшыня Еўракамісіі абвясціла аб павелічэнні фінансавай падтрымкі Грэнландыі ў рамках будучага доўгатэрміновага бюджэту ЕС.

Дарэчы пра змену стаўлення да ЗША гаварыў у Давосе прэмʼер Канады Марк Карні. У прамове, якую частка каментатараў назвала «дактрынай Карні», палітык пераконваў, што трэба адаптавацца да «постамерыканскага» свету, бо стары сусветны парадак разбураецца, а найбольш магутныя краіны выкарыстоўваюць эканамічную інтэграцыю як зброю, што прымушае меншыя краіны пагаджацца на патрабаванні мацнейшых партнёраў. У адказ Дональд Трамп адмяніў запрашэнне ў Раду міру, якое яму раней накіраваў.

аз

Нягледзячы на тое, што Трамп адмовіўся ад сваіх пагроз, ЕС абмяркоўвае магчымыя меры супраць ЗША

22.01.2026 09:20
«Мы на ростанях. Еўропа гатовая дзейнічаць, калі будзе такая неабходнасць».

У Давосе падпішуць мірны план па Украіне? Уладзімір Зяленскі ўжо ў Швейцарыі

22.01.2026 10:39
Уладзімір Зяленскі змяніў планы і адправіўся ў Давос на сустрэчу з Трампам.

Рада міру створаная на Давоскім форуме. Падчас цырымоніі быў падпісаны адпаведны дакумент

22.01.2026 13:22
Аб яе заснаванні абвясціў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які будзе старшынстваваць у радзе. 

Расія хоча аплаціць членства ў Радзе міру замарожанымі актывамі. «Гэта праблема для еўрапейскіх лідараў»

22.01.2026 15:16
Раду, створаную лідарам ЗША, варта разглядаць з шматграннай перспектывы.