Еўрапейская Камісія заявіла, што будзе адстойваць у Судзе ЕС рашэнне аб поўнай забароне імпарту расійскага газу. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Камісіі Анна-Кайса Ітконен, каментуючы намер Венгрыі і Славакіі абскардзіць новыя правілы, паведамляе energetyka24.com.
Краіны ЕС канчаткова зацвердзілі забарону ў панядзелак, 26 студзеня. Згодна з ёй, пастаўкі расійскага звадкаванага газу павінны спыніцца да канца 2026 года, а трубаправоднага газу — да 30 верасня 2027-га. Супраць рашэння прагаласавалі толькі Будапешт і Браціслава.
«Дзяржавы-члены маюць права аспрэчваць еўрапейскае заканадаўства ў Судзе ЕС. Мы, безумоўна, будзем абараняць пазіцыю Камісіі», — падкрэсліла Ітконен, дадаўшы, што Брусель працягне супрацоўніцтва з Венгрыяй і Славакіяй, дапамагаючы ім адмаўляцца ад расійскіх паставак.
Новыя правілы прадугледжваюць істотныя штрафы за іх парушэнне — да дзясяткаў мільёнаў еўра для кампаній. Да 1 сакавіка 2026 года краіны ЕС павінны падрыхтаваць нацыянальныя планы дыверсіфікацыі паставак газу. У выпадку надзвычайнай пагрозы бяспецы паставак Камісія зможа часова прыпыніць дзеянне забароны.
Рашэнне стала працягам курсу ЕС на энергетычную незалежнасць ад Расіі пасля яе поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.
эж