«Стаць у праломе мура» – гэта інтэрв’ю з Зянонам Пазняком, якое больш за дзесяць гадоў таму запісалі журналісты Павал Мажэйка і Дзмітрый Гурневіч. Колішні лідар Беларускага народнага фронту распавядае ў кнізе пра паўстагоддзя беларускай гісторыі, да якой ён меў дачыненне. Пытанні датычаць і дзяцінства, і маладосці, і дарослага жыцця. Журналісты пыталі таксама пра штодзённасць, побытавыя рэчы і адносіны між людзьмі.
Прэзентацыя кнігі, якую Зянон Пазьняк выдаў за ўласныя сродкі, адбылася ў хабе «Новая Зямля» ў Беластоку і прыцягнула дзясяткі беларускіх эмігрантаў. Сам аўтар – сёння лідар Нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь» – быў прыемна здзіўлены атмасферай сустрэчы.
Зянон Пазняк: Я адчуваю сябе сярод сваіх людзей, бо ў эміграцыі, а большая частка майго жыцця прайшла ў Штатах. Вельмі важна чуць сваю мову і быць са сваімі людзьмі. Гэта вельмі важна, бо мы разумеем адно аднаго нават тады, калі маўчым. Ментальнасць – гэта надзвычай істотна. Таму тут вельмі добра, як быццам я ў Беларусь вярнуўся.
Яраслаў Іванюк: «Пралом мура» – гэта дзе? Што гэта?
Зянон Пазняк: У інтэрв’ю хлопцы задавалі шмат усялякіх пытанняў – пра сям’ю, пра род, пра стаўленне да шляхты, пра стаўленне да рэлігіі. Усё там апісана. Хто будзе чытаць – будзе ведаць.
Яраслаў Іванюк: Ёсць і пра смерць, і пра дэмакратыю.
Зянон Пазняк: Так. Там яны задавалі пытанні наконт шляхты: адкуль ідзе род. Я ім трошкі пра гэта распавядаў, але сам адносіўся да ўсяго гэтага крыху скептычна.
Але я ведаю па сямейных традыцыях – шмат што мне расказвала маці. Наш род адносіўся да шляхты, бо Пазнякі адносяцца да розных гербаў. І сама назва «Пазняк» – гэта назва шляхецкага гербу. «Пазняк» альбо «Стралец» называецца, альбо «Скоры стрэл» – па-рознаму. Гэта шляхціч, прабіты стралой.
Але наша ашмянская галіна належала да гербу «Грымала». Гэта такі герб – рыцар з мячом у руцэ стаіць у праломе сцяны і не пускае ворагаў. Калі праламалі сцяну, нехта павінен стаяць адзін, потым другі яго замяняе, трэці – каб не пусціць ворага. Вось гэты герб – рыцар у праломе сцяны. Я ім пра гэта расказаў. І Павал Мажэйка прыдумаў назву «Стаць у праломе мура». Ну, цудоўна – так і будзе.
Яраслаў Іванюк: Прэзентуючы сваю кнігу, вы засяродзіліся ў асноўным на вайне і пасляваенных гадах Савецкай Беларусі. Гэта гісторыя з 1940-х гадоў. Чаму вы на гэтым засяродзіліся?
Зянон Пазняк: Таму што я быў сведкам таго жыцця, пра якое распавядаю, пра якое пішу. І ў гэтым я бачу яго каштоўнасць, таму што я гавару пра такія рэчы, якіх ніхто не ведае, асабліва сучасныя пакаленні. Я быў знаёмы з многімі людзьмі: выбітнымі палітыкамі, пісьменнікамі, паэтамі. Я заўсёды быў актыўным чалавекам: грамадскім, палітычным, пачынаючы са школы.
Бо яшчэ ў школе я змагаўся за мову з усімі маскалямі, якія хацелі перавесці навучанне на рускую мову. Таму я шмат што ведаю, шмат што прайшло перад маімі вачыма, тым больш у рэальнай палітыцы, калі я быў у Вярхоўным Савеце. Кіраўніком апазіцыі я з’яўляюся фактычна ўжо 40 гадоў.
З Зянонам Пазняком размаўляў Яраслаў Іванюк
размова цалкам – слухайце аўдыёфайл