Беларуская Служба

Еўракамісія плануе скараціць бюракратыю

16.02.2026 12:22
3,9% работнікаў у ЕС занятыя выкананнем рэгулятарных патрабаванняў, і толькі 1,7% — даследаваннямі і распрацоўкамі.
Будынак Рады Еўрапейскага Саюза Фота: Беларуская служба Польскага радыё, https://www.polskieradio.pl/396

Менш бюракратыі — больш інвестыцый і канкурэнтаздольнасці. Пра такія намеры Бруселя паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna. Да канца 2029 года Еўрасаюз мае намер адмяніць састарэлыя і залішнія патрабаванні, якія стрымліваюць развіццё бізнесу.

Паводле прадстаўніка Еўракамісіі, гаворка ідзе пра найбуйнейшы за апошнія гады перагляд эканамічнага заканадаўства. Мэта — зняць з кампаній непатрэбныя абавязкі, стымуляваць інвестыцыі і паскорыць рост. «Мы прааналізуем кожны сектар і правядзём грунтоўную рэвізію заканадаўства», — адзначылі ў  Еўракамісіі. Колькасць выканаўчых і дэлегаваных актаў, запланаваных на 2026 год, плануецца скараціць на 30%.

У Еўракамісіі падкрэсліваюць: дублюючыя і залішнія рэгуляцыі павялічваюць выдаткі, адцягваюць рэсурсы ад інавацый і асабліва балюча б’юць па малым і сярэднім бізнесе. Паводле ацэнак, больш за 80% прадпрыемстваў могуць быць вызвалены ад цяжкіх справаздачных патрабаванняў. 

Аднак, як адзначае выданне, Брусель не справіцца без падтрымкі нацыянальных урадаў. Рэформы павінны ахапіць увесь ланцуг — ад прыняцця законаў да іх рэалізацыі на рэгіянальным і мясцовым узроўнях.

У справаздачы Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD) адзначаецца: 3,9% работнікаў у ЕС занятыя выкананнем рэгулятарных патрабаванняў, і толькі 1,7% — даследаваннямі і распрацоўкамі. Еўропе патрэбна больш людзей у лабараторыях, а не за перакладаннем паперак.

эж