Беларуская Служба

ЕС і НАТА – дзве асноўныя арганізацыі, якія ўзмацняюць бяспеку Польшчы – кіраўнік польскага МЗС

26.02.2026 12:18
Міністр Радаслаў Сікорскі ў сваёй прамове ў Сейме акрэсліў найважнейшыя мэты знешняй палітыкі Польшчы.
             2026
Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі прадставіў у Сейме прыярытэты знешняй палітыкі Польшчы на 2026 годPAP/Albert Zawada

Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі прадставіў у Сейме прыярытэты знешняй палітыкі Польшчы на 2026 год. Ключавыя пытанні, якія закраналіся падчас прамовы – гэта бяспека, трансатлантычныя адносіны, Еўрасаюз і вайна ва Украіне.

«Мы ёсць і будзем заставацца верным хаўруснікам Амерыкі, але мы не можам быць фраерамі», – сказаў Радаслаў Сікорскі. Ён дадаў, што Міністэрства замежных спраў з заклапочанасцю заўважае змену прыярытэтаў знешняй палітыкі ЗША. «Мы можам альбо прызнаць факты і адпаведна падрыхтавацца, альбо заплюшчыць вочы і вушы», – лічыць міністр.

Паводле яго, адносіны з ЗША пагоршыліся, што заўважае таксама польская грамадская думка:

- Калі напрыканцы студзеня цэнтр апытання спытаў у палякаў ці ЗША – гэта надзейны хаўруснік, 54% адказалі адмоўна. Супрацьлеглае меркаванне выказала толькі 35%. Ніякі дэмакратычны ўрад не можа ігнараваць такіх выразных грамадскіх настрояў. Сумневы наконт значэння адносінаў з ЗША непакояць, паколькі бяспеку Польшчы ўзмацняюць дзве асноўныя арганізацыі – ЕС і НАТА, якія не супернічаюць паміж самой, але дапаўняюць адна адну.

Таму міністр перасцярог перад ідэяй выхаду Польшчы з Еўрасаюза і нагадаў, што краіны ЕС з'яўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Польшчы, а гадавы абʼём усяго польскага экспарту ў цяперашні час складае амаль 350 мільярдаў еўра, з якіх амаль тры чвэрці прыпадае на краіны ЕС:

- Перавагі членства, гэта на многа больш, чым грашовыя пераводы. Еўрасаюз – гэта магутны гулец на міжнароднай арэне.

«Давайце не будзем тады шукаць ворагаў там, дзе ў нас ёсць хаўруснікі. Пагроза суверэнітэту і бяспецы Польшчы паступае з аднаго боку – з Усходу», – заявіў Радаслаў Сікорскі.

Ён таксама нагадаў, што Расія, нясе поўную адказнасць за вайну ва Украіне, а Уладзімір Пуцін не хоча міру, а капітуляцыі Украіны:

- Дзякуючы мужнасці салдат і ахвярнасці грамадзян, а таксама падтрымцы хаўруснікаў з усяго свету, у тым ліку Польшчы, Украіна надалей абараняецца. Усім, хто кажа, што дапамагаць Украіне нявыгадна ці не трэба, як кажу: Вы робіце памылку.

Калі Украіна прайграе, пагроза для Польшчы вырасце, папярэдзіў Радаслаў Сікорскі. Паводле яго, свабодная Украіна, якая з’яўляецца часткай Захаду – гэта шанец для Польшчы. Адначасова ён прызнаў, што Польшча ўсведамляе выклікі і праблемы, з якімі сутыкаецца сучасная Украіна, як, напрыклад, карупцыя.

У сваёй прамове Радаслаў Сікорскі таксама перасцярог перад спробамі вяртацца да «канцэрту дзяржаў», у міжнароднай палітыцы, падкрэсліваючы, што Польшча падтрымлівае «міжнародны парадак, заснаваны на палажэннях Статута Арганізацыі Абʼяднаных Нацый».

Кіраўнік польскай дыпламатыі таксама звярнуў увагу на неабходнасць павышэння ўстойлівасці польскага грамадства да анлайн-пагроз. «Салідарнасць у супрацьдзеянні дэзынфармацыі – наш калектыўны патрыятычны абавязак», – падкрэсліў:

- Кожны дзень у Польшчы адбываецца 2-3 тысячы кібератакаў. Большасць з іх удаецца прадухіліць. Тым не менш маштаб зʼявы непакоіць. Мэта ворага адназначная: напалохаць, падзяліць, пасварыць розныя групы паміж сабой, аслабіць давер да палітычнай улады.

- заявіў міністр Радаслаў Сікорскі.

Па пытанні пагрозы з боку Расіі прэзідэнт і Міністэрства замежных спраў гавораць у адзін голас, так Караль Наўроцкі пракаментаваў сённяшнюю прамову кіраўніка польскага МЗС:

- Гэта прагучала сёння ў прамове міністра Сікорскага. Дарэчы я паўтараю гэта цыклічна. Я рады, што міністр Сікорскі спаслаўся на тое, што я таксама казаў падчас маёй першай сустрэчы з прэзідэнтам ЗША, што Расію можна перамагчы – гэта на канкрэтных прыкладах з XX стагоддзя. Факт, што гэта сёння прагучала – станоўчая навіна ў кантэксце супольнага разумення пагрозаў Польшчы.

Караль Наўроцкі таксама дадаў, што ён згодны з міністрам Сікорскім у тым, што прысутнасць Польшчы ў G20 павінна быць пастаяннай.

Акрамя прэзідэнта больш чым гадзіннай прамовы кіраўніка польскага МЗС слухаў таксама прэм’ер Дональд Туск. «Моцная Польшча ў Еўропе», гэта яго выснова:

- Моцная Польшча, Польшча – лідар гэтай часткі Еўропы, Польшча ў аб’яднанай Еўропе, Польшча лаяльны партнёр ЗША, але не наіўны.

Пасля заканчэння прамовы запланаваныя парламенцкія дэбаты, падчас якіх словы Радаслава Сікорскага змогуць пракаментараваць палітыкі з усіх парламенцкіх фракцый і груп.

Нагадваем, праграмная прамова кіраўніка польскай дыпламатыі пачаткова планавалася на 11 лютага, але яна была адтэрмінаваная, паколькі прэзідэнт Караль Наўроцкі склікаў на гэты дзень пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі.

IAR/аз

Радаслаў Сікорскі ў Індыі прадставіць еўрапейскі погляд на вайну ва Украіне

17.01.2026 12:05
Бяспека і абарона, развіццё прамысловага партнёрства — асноўныя мэты візіту віцэ-прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага ў Індыю.

Радаслаў Сікорскі: Пераўзбраенне Еўропы адбываецца ў стратэгічнай гармоніі з ЗША

16.02.2026 12:40
Мюнхен сабраў сусветных лідараў, каб абмеркаваць вайну ва Украіне і адзінства Захаду перад новымі выклікамі.