Газета Rzeczpospolita публікуе вынікі апытання, у якім палякаў спыталі, як Польшча павінна паводзіць сябе ў выпадку адкрытага ўзброенага канфлікту паміж ЗША і Іранам. Даследаванне правяла лабараторыя United Surveys by IBRiS для партала Wirtualna Polska. У ім прынялі ўдзел 1000 чалавек.
Кожны другі паляк хоча захавання нейтралітэту ў вайне ЗША з Іранам
З апытання вынікае, што крыху больш за палову палякаў – 50,3 працэнта рэспандэнтаў – лічаць, што Польшча павінна захоўваць нейтралітэт у канфлікце ЗША з Іранам. 27,3 працэнта апытаных мяркуюць, што Варшава павінна падтрымаць ЗША, але без прыцягнення польскага войска да дзеянняў супраць Ірана. У сваю чаргу, 0,2 працэнта ўдзельнікаў апытання лічаць, што Польшча павінна цалкам падтрымаць амерыканскія дзеянні, уключаючы магчымую ваенную падтрымку аперацый ЗША.
9,5 працэнта апытаных прытрымліваюцца пазіцыі, што Польшча павінна асудзіць ваенныя дзеянні, накіраваныя супраць Ірана. 12,7 працэнта рэспандэнтаў абралі адказ «не ведаю, цяжка сказаць».
Іншую пазіцыю прапануюць прыхільнікі ўрада і апазіцыі
Сярод выбаршчыкаў урадавай кааліцыі нейтралітэт рэкамендуюць 59 працэнтаў, 14 працэнтаў лічаць, што Польшча павінна асудзіць ваенныя дзеянні, а 21 працэнт – што яна павінна падтрымаць ЗША.
У сваю чаргу, сярод выбаршчыкаў правых сіл: ПіС (PiS) і «Канфедэрацыі» 37 працэнтаў лічаць, што Польшча павінна падтрымаць ЗША, 51 працэнт – што яна павінна захоўваць нейтралітэт, а 5 працэнтаў – што яна павінна асудзіць Злучаныя Штаты.
яс