Беларуская Служба

Польшча пачала эвакуацыю сваіх грамадзян з ахопленага вайною Блізкага Усходу

05.03.2026 17:01
Для вяртання палякаў з «гарачых кропак» кіраўніцтва краіны накіравала ўрадавыя самалёты.
Аўдыё
  • Польшча пачала эвакуацыю сваіх грамадзян з ахопленага вайною Блізкага Усходу
     .  :  ,      .
Вяртанне сваіх кліентаў праводзяць таксама тураператары. На здымку: група турыстаў, якая вярнулася ў Познань з Аману. PAP/Art Service

Польшча пачала эвакуацыю сваіх грамадзян з ахопленага вайною Блізкага Усходу. Два самалёты Ваенна-паветраных сіл раніцай 5 сакавіка вылецелі з варшаўскага вайсковага аэрапорту ў Аман. Яны даставяць у Польшчу грамадзян, якія хочуць вярнуцца на радзіму з небяспечнага рэгіёну.

«Пачалася спецаперацыя па эвакуацыі палякаў. Самалёты ВПС Польшчы вылецелі для эвакуацыі польскіх грамадзян з Блізкага Усходу», — паведаміла Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы. У сераду міністр спорту і турызму паінфармаваў, што вайсковыя самалёты адправяцца ў Аман у чацвер раніцай.

Раней прэм'ер-міністр Дональд Туск паведаміў, што прынятае рашэнне аб выкарыстанні самалётаў ВПС Польшчы для вяртання палякаў з Блізкага Усходу і падаў адпаведны запыт прэзідэнту Каралю Наўроцкаму.

Прэзідэнт падпісаў рашэнне аб заангажаванні Войска Польскага для эвакуацыі грамадзян Польшчы, якія пражываюць у Саудаўскай Аравіі, Бахрэйне, Егіпце, Ізраілі, Катары, Кувейце, Амане і Абʼяднаных Арабскіх Эміратах. Згодна з гэтым рашэннем, з 5 па 31 сакавіка 2026 года ў эвакуацыі грамадзян Польшчы з краін Блізкага Усходу, асабліва тых, хто мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе, будзе задзейнічана да 150 салдат і афіцэраў.

Аперацыя праходзіць з выкарыстаннем пасажырскіх самалётаў ВПС Польшчы ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі ўстановамі, адказнымі за бяспеку польскіх грамадзян, і каардынуецца Аператыўным камандаваннем Узброеных сіл Польшчы.

Пра ўдзел двух самалётаў з вайсковымі экіпажамі ў эвакуацыі палякаў з Блізкага Усходу раней паведаміў віцэ-прэмʼер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Паводле яго, у місіі ўдзельнічаюць два спецыяльныя пасажырскія самалёты Boeing-737 з урадавага авіяпарку.

Суразмоўца Польскага радыё, намеснік міністра абароны Польшчы Станіслаў Узёнтэк сказаў, што дапамогу атрымаюць усе, хто захоча вярнуцца на радзіму.

— Мы дапаможам усім, каму гэтая дапамога будзе неабходная. Мы будзем выконваць свае задачы да канца. У чацвер два самалёты вылецелі ў Аман. Яны забяруць на борт перш за ўсё нашых грамадзян, якім неабходная неадкладная дапамога, напрыклад, медыцынская. Калі акажацца, што гэтага мала, то ў нас ёсць і іншыя самалёты, якія знаходзяцца ў рэжыме чакання. Гэты, напрыклад, ваенна-транспартныя «Геркулесы», якія гатовыя таксама эвакуяваць людзей, калі ўзнікне такая неабходнасць.

Намеснік міністра зазначыў, што пакуль рана гаварыць пра тэрмін правядзення аперацыі, бо ўсё залежыць ад некалькіх фактараў. У прыватнасці, ад таго, ці турыстычным аператарам удасца вярнуць чартарнымі рэйсамі кліентаў, якія цяпер знаходзяцца на адпачынку на Блізкім Усходзе.

— Гэта залежыць ад таго, ці атрымаецца тураператарам запусціць чартарныя рэйсы для перавозкі сваіх кліентаў, турыстаў, якія знаходзяцца на Блізкім Усходзе. Я думаю, што неўзабаве сітуацыя нармалізуецца, але, нягледзячы на далейшае развіццё падзей, мы падрыхтаваныя да эвакуацыі нашых грамадзян у доўгатэрміновай перспектыве.

Пра эвакуацыю з «гарачых кропак» грамадзян Польшчы таксама паведаміў віцэ-прэм’ер, міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі. Паводле яго слоў, з панядзелка з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў у Польшчу вылецелі чатыры рэйсы, з Амана — таксама чатыры. «Пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Ізраіль пакінулі амаль 300 чалавек, Іярданію — 800 чалавек. Яны атрымалі падтрымку польскіх консульскіх супрацоўнікаў», — паведаміў Сікорскі. Ён дадаў, што МЗС таксама аналізуе магчымасць падтрымкі пераезду палякаў у Саудаўскую Аравію з ААЭ і іншых краін, якія апынуліся ў цэнтры ваенных дзеянняў. Паводле Сікорскага, актуальна ў Катары знаходзіцца каля 180 палякаў, у Амане — 1 тыс. 428. «У Ізраілі засталося толькі некалькі чалавек, у Іарданіі амаль няма польскіх турыстаў, а ў Ліване — каля дзясятка, якія паступова выязджаюць», — паінфармаваў кіраўнік МЗС Польшчы.

вс

слухайце аўдыёфайл