Беларуская Служба

Радаслаў Сікорскі: Пагрозу з боку Расіі трэба ўспрымаць сур’ёзна, але без панікі

20.03.2026 13:18
Сікорскі папярэдзіў, што намеры Крамля застаюцца небяспечнымі, звяртаючы ўвагу на гібрыдныя пагрозы ў Еўропе, у тым ліку ў Польшчы
Радаслаў СікорскіPAP/Albert Zawada

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрв’ю італьянскай газеце La Repubblica заявіў, што пагрозу з боку Расіі трэба ўспрымаць сур’ёзна, але без панікі. Паводле дыпламата, у вайне супраць Украіны Расія паступова слабее, а яе рэсурсы вычэрпваюцца.

Радаслаў Сікорскі адзначыў, што ў кароткатэрміновай перспектыве Масква сапраўды атрымлівае выгаду ад канфлікту на Блізкім Усходзе праз рост коштаў на нафту. Аднак палітык падкрэсліў, што краіны Персідскай затокі і Ізраіль разумеюць: Расія з’яўляецца саюзнікам Ірана, пастаўляе яму зброю і перадае разведвальныя звесткі.

Паводле ацэнкі польскага міністра, на фронце Украіна цяпер адваёўвае больш тэрыторый, чым губляе. Каб захапіць астатнюю частку Данбаса, Расіі спатрэбілася б не менш як паўтара года і сотні тысяч новых ахвяр. Пры гэтым для маштабнай вайны неабходная значная колькасная перавага, якой у Расіі няма нават у супрацьстаянні з Украінай.

Разам з тым Сікорскі папярэдзіў, што намеры Крамля застаюцца небяспечнымі, звяртаючы ўвагу на гібрыдныя пагрозы ў Еўропе, у тым ліку ў Польшчы, а таксама на дзейнасць расійскіх «эскадронаў смерці» за мяжой. Міністр падкрэсліў, што Еўропа павінна ўмацоўваць абарончыя магчымасці і развіваць супрацоўніцтва з ЗША, у тым ліку праз вытворчасць узбраенняў на еўрапейскай тэрыторыі.

Дыпламат таксама рэзка раскрытыкаваў прэм'ера Віктара Орбана за блакаванне крэдыту ЕС для Украіны ў памеры 90 млрд еўра, назваўшы гэта «скандальным» крокам. На думку паляка, права вета ў Еўрасаюзе часта выкарыстоўваецца супраць агульных інтарэсаў  Супольнасці.

эж