Аб’яднаныя Арабскія Эміраты імкнуцца далучыцца да міжнароднай групы, якая павінна гарантаваць бяспеку суднаходства і разблакаваць Армузскую пратоку, паведамляе Financial Times. Гэты ключавы маршрут, праз які транспартуецца каля пятай часткі сусветных паставак нафты і газу, быў перакрыты Іранам у першыя дні вайны на Блізкім Усходзе.
Паводле выдання, ААЭ заклікаюць дзясяткі краін стварыць «Сілы бяспекі Армузу» для абароны суднаў ад іранскіх нападаў. Эміраты адзначаюць, што самі неаднаразова падвяргаліся атакам з боку Ірана. Аднак шэраг саюзнікаў ЗША пакуль не гатовыя накіроўваць свае караблі ў рэгіён, нягледзячы на заклік Вашынгтона забяспечыць свабоду марской навігацыі.
Францыя правяла перамовы прыкладна з 35 краінамі наконт магчымай місіі, але падкрэслівае, што яе рэалізацыя магчымая толькі пасля завяршэння баявых дзеянняў.
Блакаванне Іранам пратокі ўжо прывяло да рэзкага росту цэн на энергарэсурсы і ўзмацніла рызыкі глабальнай інфляцыі.
Адначасова ААЭ і Бахрэйн працуюць над рэзалюцыяй Рады Бяспекі ААН, якая магла б даць міжнародны мандат такой місіі, хаця існуе верагоднасць вета з боку Расіі і Кітая.
эж