— Я ахвотна пераняў б іранскую нафту і без праблем змог бы захапіць экспартны цэнтр на востраве Харк з нафтавым тэрміналам – крыніцай 90 працэнтаў экспарту іранскай нафты, але «некаторыя дурні ў ЗША» пытаюцца: «Чаму вы гэта робіце?», — заявіў Дональд Трамп у інтэрв'ю Financial Times, якое цытуе агенцтва PAP.
Між тым, прэзідэнт ЗША ўмацоўвае амерыканскія войскі на Блізкім Усходзе. У пятніцу ў рэгіён прыбыло каля 3,5 тысячы вайскоўцаў, у тым ліку больш за 2 тысячы марскіх пехацінцаў, а прыкладна столькі ж знаходзіцца ў дарозе. Акрамя таго, тысячы жаўнераў з 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі таксама атрымалі загад адправіцца на Блізкі Усход.
Аднак на думку часткі каментатараў, напад на востраў Харк быў бы рызыкоўным, паколькі такі крок, хутчэй за ўсё, павялічыў бы, як колькасць ахвяраў па амерыканскім баку, так кошт і працягласць вайны.
— Можа мы захопім востраў Харк, а можа і не. У нас ёсць шмат варыянтаў, — сказаў Дональд Трамп, дадаўшы, што захоп вострава азначаў бы, што амерыканцам давядзецца «застацца там на нейкі час».
Між тым, у апошнія дні вайна з Іранам абвастрылася. У пятніцу ў выніку нападу на авіябазу ў Саудаўскай Аравіі былі параненыя 12 амерыканскіх вайскоўцаў. Таксама быў пашкоджаны амерыканскі разведвальны самалёт E-3 Sentry, коштам у 270 мільёнаў долараў. У сваю чаргу паўстанцы хуці ў Емене пагражаюць новай фазай эскалацыі, запусціўшы балістычную ракету па Ізраілі.
Аднак, нягледзячы на пагрозы захопу іранскай нафты, Дональд Трамп запэўнівае, што перамовы паміж ЗША і Іранам, якія праводзяцца пры пасярэдніцтве пакістанскіх «пасланцоў», прасоўваюцца станоўча. Нагадаем, прэзідэнт ЗША вызначыў крайні тэрмін — 6 красавіка, калі Іран павінен прыняць пагадненне аб спыненні вайны, у іншым выпадку амерыканцы адновяць напады на яго энергетычны сектар.
Дональд Трамп таксама заявіў, што ў Іране ўжо адбылася «змена рэжыму» пасля таго, як былы вярхоўны лідар аятала Алі Хаменеі і шматлікія іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі, у тым ліку, новы вярхоўны лідар Маджтаба Хаменеі (сын Алі Хаменеі – рэд.) былі забітыя ў пачатку вайны і ў наступных нападах.
Між тым, улады ў Тэгеране паслядоўна абвяргаюць гэтую інфармацыю, нагадвае Financial Times.
PAP/аз