Беларуская Служба

Трамп стаміўся ад вайны і заяўляе аб хуткім спыненні аперацыі

01.04.2026 15:03
Эксперт кажа, што гэта будзе паразай для ЗША ды значнае ўмацаванне пазіцыі Ірану ды Кітая ў рэгіёне. Пры гэтым, Еўропа можа вярнуцца да дыпламатыі ў адносінах з Тэгеранам.
Аўдыё
  • Эксперт пра заявы Трампа спыніць вайну з Іранам
Прэзідэнт ЗША Дональд ТрампReuters

Ізраільскія вайскоўцы нанеслі ўдары па больш чым 4000 цэлям у першы месяц вайны на Блізкім Усходзе. Ізраіль апублікаваў дадзеныя аб сваім ваенным удзеле ў вайне з Іранам. Са свайго боку, ЗША накіравалі на Блізкі Усход дадатковых марскіх пехацінцаў і салдат з 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі, што зʼяўляецца значным узмацненнем сіл вакол Ірану.

Пры гэтым у аўторак прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вайна з Іранам скончыцца на працягу двух-трох тыдняў — незалежна ад таго, ці атрымаецца заключыць здзелку з Тэгеранам на перамовах.

— Усё, што мне трэба зрабіць, — сысці з Ірану. Так хутка станецца. Нам трэба зрабіць разварот, таму што варʼята Хамэнеі ўжо няма сярод нас, ужо адбылася змена рэжыму. Мы змянілі адзін рэжым, цяпер зрынулі другі. Цяпер ля ўлады іншая група людзей, яны нашмат больш рацыянальныя і менш радыкальныя. Мы змянілі рэжым, і маем справу з больш рацыянальнымі людзьмі. Неверагодна, чаго мы дасягнулі. Мы моцна па ім ударылі, ліквідавалі мноства радыкалаў. Я думаю цягам двух, магчыма трох тыдняў мы іх моцна ўдарым, шмат іх ракетных магутнасцяў знішчана. Я думаю цягам двух трох тыдняў мы сыдзем.

Таксама дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа выказаў здагадку, што вайна ў Іране набліжаецца да канца. У інтэрвʼю Fox News ён заявіў, што амерыканскія войскі дасягаюць стратэгічных мэт.

— Мы ўжо бачым фінішную рысу. Гэта будзе не сёння, не заўтра, але яна набліжаецца. Мы дасягнём моманту, калі нашы ўзброеныя сілы дасягнуць усіх мэт гэтай місіі, і яны робяць гэта з незвычайнай эфектыўнасцю, што, на маю думку, увойдзе ў гісторыю як адна з найлепш выкананых ваенных аперацый сучаснасці.

Аднак гэтыя заявы ЗША — аднабаковыя, у Трампа няма варыянту «я стаміўся» у гэтай вайне, зазначае эксперт па Блізкаму Ўсходу выкладчык універсітэту Рэгінсбурга Сяргей Богдан.

— Такога варыянту няма, але Трамп не бачыць для сябе лепшай опцыі. Амерыканцы розныя рэчы спрабавалі: дэстабілізацыю, забойствы лідараў, спробы знішчаць інфраструктуру. Гэта не спрацавала, далей патрэбны ўвод войскаў. На гэта Трамп пайсці пакуль не можа, тым больш, што гэта выклікае спрэчкі ў руху MAGA.

Амерыканскі прэзідэнт заяўляе, што ў Іране адбылася змена рэжыму, The New York Times паведамляе, што ў Вашынгтоне разлічваюць на паразуменне са спікерам іранскага парламенту Махамадам Калібафам. Менавіта яго Трамп лічыць магчымым пасляваенным кіраўніком Ірану. Зусім іншага меркавання прытрымліваецца эксперт.

— Я бачу супрацьлеглую тэндэнцыю да ўмацавання больш радыкальных і рэвалюцыйных элементаў у іранскім кіраўніцтве. Забіты Вярхоўны лідар усё ж такі, шукаў магчымасці паразумення з Захадам. Такіх цяпер няма, згаданы Калібаф — гэта чалавек, які вядомы ў Іране рознымі радыкальнымі захадамі, які заяўляў пра тое, што «часам не да законаў», заклікаў да рэпрэсій.

Якія наступствы будзе мець аднабаковае завяршэнне ЗША аперацыі супраць Ірану для Блізкага Усходу?

— Іран будзе далей замацоўваць свае вайсковыя дасягненні іх фармалізацыяй у палітычным рэчышчы. Гэта значыць Тэгеран паспрабуе вярнуць страчаныя пазіцыі, у першую чаргу па Іраку. ЗША там губляе ўплывы, а іранскія растуць. Гэта значыць, што з боку Іраку не трэба больш баяцца нейкіх атак, ці ўмацавання апазіцыі. Яшчэ ім прасцей будзе кантраляваць Армуз без амерыканцаў. Ісламскай рэвалюцыі не пачнецца, але арабскія краіны пераарыентуюцца на Кітай і пачнуць пераглядаць свае інтарэсы.

Чаго варта спадзявацца Еўропе?

— Еўропе зноў варта паглядзець на тое, што спрабавалі рабіць у 2010-ых гг., то бок на пошук дыпламатычнай дамоўленасці з Іранам. Тады гэта быў шырокі кансэнсус, які зламаў Трамп. Яму казалі тады, што іншай альтэрнатывы няма. Гэтым разам ён пайшоў яшчэ далей. У Еўропы ёсць іншыя варыянты, ёй проста будзе вярнуцца да дыпламатычнага трэку.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч