У нядзелю ў Балгарыі адбыліся парламенцкія выбары. Гэта былі восьмыя выбары за апошнія пяць гадоў. Папярэднія выбары адбыліся ў кастрычніку 2024 года, але не прывялі да доўгатэрміновых рашэнняў. Папярэднія пераможцы не змаглі сфармаваць стабільны ўрад.
Сёлета апытанні грамадскай думкі сведчылі, што лідарам выбарчай кампаніі стала новае палітычнае ўтварэнне — партыя «Прагрэсіўная Балгарыя» звязаная з прэзідэнтам Руменам Радзевым, які падаў у адстаўку на пачатку года, каб паўдзельнічаць у выбарах. За новую сілу гатовыя былі галасаваць каля 30 працэнтаў выбарцаў. Аднак, папярэднія вынікі выбараў сведчаць, «Прагрэсіўная Балгарыя» атрымае большасць у парламенце, здабываючы 44% галасоў. У парламент праходзяць яшчэ правацэнтрысцкая партыя ГЕРБ былога прэмʼер-міністра Бойка Барысава і кааліцыя «Працяг пераменаў – Дэмакратычная Балгарыя». Турэцкая партыя ДПС – Новы пачатак і прарасійская партыя «Возраждане» пакуль пад пытаннем.
Балгары, якія галасавалі, заявілі, што хочуць пераменаў, але выказвалі сумневы, што яны адбыдуцца.
— Мы хочам, каб усё прайшло як мага гладка. Мы хочам, каб дэмакратыя пераважала паўсюль. Мы хочам стабільнага кіраўніцтва ў Балгарыі, лепшага жыцця для маладых і для старых людзей. Мы хочам спыніць карупцыю. З таго, што я бачу, гэта не будуць апошнія выбары.
Паводле дадзеных экзіт-полаў і няпоўных вынікаў галасавання, партыя «Прагрэсіўная Балгарыя» атрымае большасць у парламенце, каб кіраваць самастойна. З аднаго боку, гэта аднаўляе стабільнасць на мясцовай палітычнай сцэне, але з іншага боку, выклікае пытанні аб палітыцы новага балгарскага ўрада, напрыклад, адносна падтрымкі Украіны, зазначае журналіст Польскага радыё Пётр Пентка.
— Выбарчыя апытанні і апрацаваныя галасы з 70% выбарчых участкаў даюць партыі былога прэзідэнта Румена Радзева больш за 45% падтрымкі. Пры прапарцыйным прадстаўніцтве гэта азначае, што «Прагрэсіўная Балгарыя» будзе мець больш за 130 з 240 месцаў у новым Нацыянальным сходзе. У Балгарыі апошні раз адна партыя мела прамую большасць у 1997 годзе. Будучы прэзідэнтам, Румен Радзеў выступаў супраць падтрымкі Украіны і заклікаў да перамоваў з Расіяй. Балгарыя зʼяўляецца буйным вытворцам боепрыпасаў, і недахоп паставак з гэтай крыніцы стане значнай стратай для Украіны.
На думку эксперта па міжнародных справах Адама Балцера, балгарскае грамадства падтрымала прарасійскага палітыка, бо расчараванае ўнутранай сітуацыяй.
— Яго папулярнасць стала вынікам моцнага расчаравання балгараў што да ўнутранай сітуацыі ў краіне. Балгарыя з’яўляецца найбольш скарумпаванай краінай у ЕС разам з Венгрыяй. За апошнія гады сітуацыя толькі пагоршылася.
Парламенцкія выбары ў Балгарыі, хутчэй за ўсё, не прывядуць да істотных змен у міжнароднай палітыцы краіны, лічыць Даніэль Бацькоўскі з Беластоцкага ўніверсітэта.
— Еўраскепсіс мае натуральны характар ды прысутны ва ўсёй Еўропе. Гэта тычыцца дыскусіі пра прыроду ЕС, то бок выбару Еўропы, якая падтрымлівае дзяржавы, і структурамі еўракратаў, якія будуюць ЕС для чыноўнікаў. Гэтыя канцэпцыі сёння падзяляе бездань. Дадзенае пытанне будуць уздымаць усе партыі ў Еўропе. На маю думку, сярод лідараў урадаў будзе шмат еўраскептыкаў і надалей.
Даніэль Бацькоўскі перакананы, што, нягледзячы на чаканую еўраскептычную пазіцыю пераможцы, Балгарыя не павернецца супраць Украіны, таму што ў яе інтарэсах забяспечыць сваю бяспеку, і яна не можа разлічваць на Расію.
— Незалежна ад таго, што адбудзецца ў палітыцы, істотных змен на міжнароднай арэне не будзе, — падсумаваў эксперт па міжнародных адносінах.
Юры Ліхтаровіч