Беларуская Служба

У Расіі расце незадаволенасць Пуціным

20.04.2026 15:12
Z-блогеры ды зоркі Cацыяльных сетак выступілі з крытыкай апошніх рашэнняў Крамля. Ідзецца пра блакіроўку Інтэрнэту, рэпрэсіі супраць блогераў і ціск на малы і сярэдні бізнес.
Аўдыё
  • Z-блогеры ды зоркі Cацыяльных сетак выступілі з крытыкай Крамля
Ілюстрацыйнае фотаReuters

На пачатку мінулага тыдня папулярная расійская блогерка (12,9 мільёнаў падпісантаў у Instagram) Вікторыя Боня апублікавала зварот да Уладзіміра Пуціна, дзе раскрытыкавала сітуацыю ў Расіі. Гэта не адзіная інфлюэнсэрка з мільёнамі праглядаў, якая крытычна выказалася пра дзеянні Крамля. Пасты з крытыкай апублікавалі блогеркі Іда Галіч, Каця Гордан і Айза.

З крытыкай на ўладу таксама накінуліся і так званыя Z-блогеры. Яны незадаволеныя працяглай вайной, парадкамі ў войску ды блакіроўкай Telegram. Пуціна пачалі грэбліва называць «дзядулем», абвінавачваючы яго ў недзеяздольнасці.

Журналісты ды эксперты пачалі каментаваць гэта ў тэрмінах «Шоу-бізнес масава павысіў голас», «Пуціна адмяняюць свае», «Сістэма Пуціна дае першыя расколіны». Ці сапраўды мы маем дачыненне з развалам рэжыму, мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.

— На маю думку, пакуль рана казаць пра глыбінныя зрухі ды трэшчыны. Блогеры ды інфлюэнсэры — гэта проста рэзанансныя выказванні. Тым больш, што яны не крытыкуюць асабіста Уладзіміра Пуціна. Наадварот яны кажуць, што Пуціна ўсе любяць і падтрымліваюць, але яго падманваюць дарадцы. Нібыта вакол яго сабраліся некампетэнтныя асобы і людзі, якія не клапоцяцца пра лёс Расіі, а толькі крадуць. Яны заклікаюць Пуціна разабрацца. Гэта ўкладаецца ў ідэалагічныя схемы Крамля, бо дазваляе заняцца пошукам вінаватых: губернатараў ды іншых чыноўнікаў. Я думаю, гэта будзе выкарыстана, каб распачаць комплексныя чысткі ў асяроддзі расійскіх уладаў.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аудыёфайле

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі