Беларуская Служба

Польшча імкнецца ўзяць большую адказнасць за бяспеку рэгіёну

06.05.2026 15:09
У Варшаве пачалася найбуйнейшая ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе канферэнцыя «Defence24 Days», прысвечаная абароне і бяспецы.
Аўдыё
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Paweł Supernak

Гэта вядучае мерапрыемства для абароннага сектару галін прамысловасці, звязаных з бяспекай грамадзян, бізнесу і дзяржаўнай адміністрацыі.

Сярод галоўных тэмаў, што абмяркоўваліся, было пытанне адносін НАТА і ЕС, і таксама як забяспечыць бяспеку ў Еўропе. Менавіта гэтыя пытанні гучалі асабліва востра, беручы пад увагу заявы кіраўніцтва ЗША аб вывадзе амерыканскіх войск з Еўропы, і нядаўніх выказванняў прэмʼер-міністра Польшчы Дональда Туска, што НАТА распадаецца. Раней на Захадзе Альянс быў асновай мыслення пра бяспеку. Як цяпер Еўропе будаваць сваю абарону, як запоўніць прабел, які застанецца пасля зыходу ЗША.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі зазначыў, што няма падставаў для панікі, трэба разбудоўваць здольнасць адстрашвання Расіі.

— У заяве прэмʼер-міністра гаворыцца, што мы павінны зрабіць усё магчымае, каб захаваць НАТА і яго здольнасць адстрашвання. На працягу першых 10 гадоў сяброўства Польшчы ў Альянсе нас нават не ўключалі ў планы на выпадак надзвычайных сітуацый. Толькі прэзідэнт Абама загадаў НАТА распрацаваць такі план для ўсходняга флангу. 15 гадоў таму мы прасілі дзве механізаваныя брыгады. Яны ў нас з’явіліся толькі пасля расійскага ўварвання ва Украіну. У Польшчы зараз каля 10 тысяч вайскоўцаў НАТА. Еўропа падвоіла выдаткі на абарону з моманту прыходу першы раз Трампа да ўлады. Летась мы абяцалі падвоіць выдаткі, што будзе азначаць, што Еўропа будзе мець прыкладна такі ж бюджэт, як і ЗША сёння. Пры гэтым нашыя задачы значна сціплейшыя, чым у Амерыкі. У нас няма глабальнай імперыі. Нам проста трэба стрымліваць Пуціна. Таму нам не варта панікаваць, але і не ігнараваць пагрозу. Мы павінны проста зрабіць тое, што абяцалі, калі мы ўсё зробім да канца дзесяцігоддзя, мы паўстрымаем Пуціна.

Галоўным элементам стрымання ды адстрашвання Крамля ў Польшчы лічаць Войска Польскае ў хаўрусе з іншымі еўрапейскімі краінамі. Пра гэта казаў начальнік Генеральнага штабу Войска Польскага, генерал Веслаў Кукула.

— Факты, а не настроі ў сацыяльных сетках, вызначаць сапраўдную сілу, ролю і значнасць альянсу. Мы яго частка. Гэты Альянс, хоць і далёкі ад дасканаласці, але выканаў сваю ролю падчас Халоднай вайны і тады, калі мы сталі яго членам, і ў эпоху, якую мы называлі Альянсам 2.0. Цяпер фармуецца Альянс 3.0, які вяртаецца да сваіх каранёў і аднаўляе свой патэнцыял. Сіла НАТА — гэта сума сілы ўсіх яго членаў без выключэння, і наша роля ў Альянсе 3.0 будзе фундаментальна пераацэнена ў бок апоры бяспекі на ўсходнім флангу Альянсу. Таму ў 2025 годзе Генеральны штаб Узброеных Сіл Польшчы завяршыў распрацоўку новай праграмы развіцця ўзброеных сіл, якая вызначае працэс нашага развіцця і трансфармацыі ўзброеных сіл да 2039 года. Яна ўжо ўлічвае гэтыя ўмовы. Рэалізацыя праграмы дазволіць Польскаму войску памножыць моц Польшчы, захоўваючы здольнасць стрымліваць нашага ворага і ствараючы ўмовы для бяспечнага развіцця краіны.

Адным з інструментаў рэалізацыі праграмы пераўзбраення будзе Еўрапейскі крэдытны механізм SAFE, да якога Польшча далучаецца як адна з першых краін у ЕС, насуперак моцнай крытыцы з боку апазіцыі. Пра гэта распавяла ўрадавы паўнамоцны прадстаўнік па Інструменту ўмацавання еўрапейскай бяспекі Магдалена Собковяк-Чарнецкая.

— І я не дазволю нікому пераканаць палякаў, што траціць грошы на бяспеку — гэта дрэнна, што зараз не час інвеставаць вялікія сродкі ў бяспеку. Усё зусім наадварот. Крытычныя лозунгі, якія лунаюць, — гэта чыстая дэзінфармацыя, якая ёсць элементам гібрыднай вайны. Што адбываецца падчас гібрыднай вайны? Вядома, ж гэта спроба разгойдаць лодку і пераканаць грамадзян, што інвестыцыі ў бяспеку сёння няправільныя або недарэчныя. Еўропа нарэшце бярэ на сябе адказнасць за ўласную бяспеку па польскай ініцыятыве. У нас цяпер надзвычай важны момант. З’явілася акно магчымасцяў для сумесных праектах узбраення. Альбо мы зробім гэта зараз, альбо гэтае акно магчымасцяў зачыніцца.

Другім інструментам умацавання бяспекі Польшча называе партнёрства, на што звярнуў увагу дзяржаўны сакратар у Міністэрстве дзяржаўных актываў Кшыштаф Галота.

— Ніхто не можа быць цяпер выспай, у тым ліку дзяржавы, таму ў нас ёсць саюзы. Мы будуем партнёрскія адносіны, якія павінны ўмацаваць нас у Еўропе, якія таксама павінны ўмацаваць нас унутры Паўночнаатлантычнага альянсу, якія павінны гарантаваць, што мы не будзем дубляваць адны і тыя ж рашэнні, а хутчэй шукаць сінергію. Але партнёр — гэта не пра тое, каб абвесціць на канферэнцыі. Партнёрства  гэта тое, што на стале перамоваў і што напісана ў кантрактах. Дзеянні, а не словы. Мы хочам умацаваць сваю моц, але дзеля рэгіянальнай стабільнасці. Па меры росту нашай эканомікі і бяспекі мы павінны браць на сябе большую адказнасць за іншых, за рэгіён. Для гэтага патрэбна моцная армія, і для гэтага патрэбна моцная абаронная прамысловасць.

Падчас канферэнцыі адбылося падпісанне некалькіх кантрактаў у рамках развіцця абароннага патэнцыялу Польшчы. Размова пра інвестыцыі ў сучасныя сістэмы ўзбраення, падрыхтоўку кадраў і ваенную інфраструктуру.

Юры Ліхтаровіч