Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі абвясціў пра намер ініцыяваць агульнанацыянальны рэферэндум адносна кліматычнай палітыкі Еўрасаюза. Пра гэта паведамляе energetyka24.com.
Паводле прэзідэнта, палякам прапануюць адказаць на пытанне: «Ці падтрымліваеце вы рэалізацыю кліматычнай палітыкі ЕС, якая прывяла да росту кошту жыцця грамадзян, цэн на энергію, вядзення бізнесу і сельскай гаспадаркі?»
Ініцыятыва ўжо выклікала крытыку экспертаў. Яны адзначаюць, што пытанне сфармулявана з загадзя закладзеным адказам і носіць палітычны характар. Акрамя таго, юрысты звяртаюць увагу: нават у выпадку адмоўнага выніку галасавання незразумела, якія прававыя наступствы гэта будзе мець для Польшчы, бо краіна абавязаная выконваць еўрапейскае заканадаўства.
Аналітыкі нагадваюць, што высокія цэны на электраэнергію звязаныя не толькі з кліматычнай палітыкай ЕС, але і са старой вугальнай энергасістэмай Польшчы, дарагім імпартам паліва і недастатковымі інвестыцыямі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі.
Пры гэтым, паводле апытанняў, значная частка палякаў падтрымлівае развіццё аднаўляльнай энергетыкі і лічыць кліматычныя змены сур’ёзнай пагрозай.
эж