Кіроўная партыя Арменіі перамагла на парламенцкіх выбарах. Паводле дадзеных з выбарчых участкаў, партыя «Грамадзянская дамова» атрымала амаль 50% галасоў.
Партыя прэмʼер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна перамагла на парламенцкіх выбарах, атрымаўшы 49,81% галасоў, абвясціла ў панядзелак Цэнтральная выбарчая камісія пасля падліку ўсіх галасоў. Сам Пашынян запосціў рылс пераможцы і напісаў: «Добрай раніцы, добрага дня і люблю вас усіх».
Прарасійская партыя «Моцная Арменія» заняла другое месца, набраўшы 23,2% працэнтаў галасоў. «Армянскі блок» — трэцяе з 9,94%, партыя «Квітнеючая Арменія», якая атрымала 4% галасоў, таксама ўвойдзе ў парламент Арменіі.
Пашынян перамог на выбарах у Арменіі, нягледзячы на пагрозы Крамля. Незадоўга да выбараў Расея забараніла імпарт з Арменіі цэлага шэрагу тавараў, а Пуцін намякнуў Ерэвану на «ўкраінскі сцэнар».
Яўка склала 58,97%, што з'яўляецца высокім паказчыкам для Арменіі.
Сусветныя СМІ назвалі гэтыя выбары паваротным момантам у знешняй палітыцы Арменіі, адзначаючы курс на збліжэнне з Захадам. Палітолаг Павал Усаў перакананы, што цяперашняя перамога стане выпрабаваннем для Нікола Пашыняна.
— Нягледзячы на арганізаваную ўладамі мабілізацыю сваіх прыхільнікаў, з боку Пашыняна была актыўная кампанія, але мы бачым, што Расія захоўвае свае ўплывы. Пакуль яны не набралі патрэбную колькасць галасоў, каб адсунуць Пашыняна. Але інфармацыйныя ўплывы, прысутнасць прарасійскіх палітыкаў вельмі высокая ў Арменіі. Масква будзе працягваць у гэтай краіне ладзіць гібрыдныя аперацыі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле