Апошнім часам усе заклікі прэзідэнта ЗША застаюцца без адказу. «Міжнародная супольнасць зразумела, што саступаць Трампу бессэнсоўна», піша выданне, цытуючы словы прафесара Скота Эрба, амерыканскага эксперта па знешняй палітыцы.
У першую чаргу, Трамп страціў кантроль над вайной з Іранам, якую ён сам ініцыяваў, а да таго яго ўлада прыкметна слабее, і гэта адбываецца хуткімі тэмпамі.
Трамп відавочна хоча выйсці з вайны з Іранам, з-за вялікай рызыкі для сусветнай эканомікі і яго ўласнай папулярнасці. Ужо некалькі тыдняў амерыканскі прэзідэнт пастаянна паўтарае, як бліскуча і хутка нібыта прасоўваюцца мірныя перамовы. Аднак рэжым аяталаў правакуе і абвастрае сітуацыю, абстрэльваючы Кувейт і нават Ізраіль. Пасля 100 дзён вайны Тэгеран выглядае стратэгічна ўмацаваным, а заклікі Трампа ігнаруюцца.
Больш за тое, самы надзейны саюзнік Амерыкі — Ізраіль — больш не прыслухоўваецца да Трампа, піша выданне. Гэтаксама еўрапейскія краіны НАТА, якія раней адмовіліся падтрымаць ЗША ў канфлікце з Іранам. Еўрапейцы ўсё часцей адкрыта выступаюць супраць Трампа. Заўвагі прэм'ер-міністаркі Італіі Джорджыі Мелоні на нападкі Трампа на Папу — яскравы прыклад.
Апазіцыя палітыцы Трампа расце і ўнутры яго ўласнай партыі. Запланаваны фонд, прызначаны для «ўзнагароджання» прыхільнікаў Трампа — магчыма, нават для тых, хто штурмаваў Капітолій 6 студзеня 2021 года, — выклікаў бунт сярод рэспубліканцаў. Некаторыя кансерватары ўсё часцей галасуюць разам з дэмакратамі: напрыклад, за ініцыятыву абмежавання ваенных паўнамоцтваў Трампа ў канфлікце з Іранам або за павелічэнне ваеннай дапамогі Украіне.
— Трамп зараз уваходзіць у фазу «кульгавай качкі». Гэта азначае, што ён больш не можа разлічваць на падтрымку Кангрэса, як раней», – тлумачыць прафесар Скот Эрб. Унутранае незадавальненне вынікае з яго няўдач у вайне з Іранам і засяроджанасці Трампа на праектах, якія цешаць яго самалюбства, такіх як яго раскошная бальная зала і мерапрыемства UFC у Белым доме. Для краіны гэтыя намаганні хутчэй цяжар, чым карысць.
Папулярнасць Трампа ў апошніх апытаннях упала да рэкордна нізкага ўзроўню. Гэта яшчэ адзін папераджальны знак. Яго другі тэрмін, які быў заяўлены як рэвалюцыя MAGA, здаецца, зайшоў у тупік па ўсіх напрамках, адзначае выданне.
юл