Польшча ўсё часцей успрымаецца ў Германіі як раўнапраўны і ўплывовы партнёр. Менавіта гэта стала галоўнай тэмай дыскусіі ў нямецкім Бундэстагу, паведамляе партал Business Insider Polska.
Удзельнікі дэбатаў адзначалі, што эканамічны рост і ўзмацненне абароннага патэнцыялу Польшчы змянілі баланс у польска-нямецкіх адносінах. Упаўнаважаны ўрада ФРГ па супрацоўніцтве з Польшчай Кнут Абрагам заявіў, што праз 35 гадоў пасля падпісання дамовы аб добрасуседстве Германія «бачыць нешта, што ўражвае».
— Гэта сучасная, добра арганізаваная, упэўненая ў сабе і моцная краіна, — сказаў палітык.
Паводле яго, Польшча ўжо з'яўляецца пятым найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Германіі, апярэджваючы, між іншым, Вялікабрытанію.
— Час, калі Польшчу ўспрымалі як малодшага партнёра, скончыўся, — падкрэсліў Абрагам.
Прадстаўнікі розных фракцый таксама звярталі ўвагу на тое, што польская эканоміка застаецца адной з самых дынамічных у Еўрасаюзе. Дэпутат ад AfD Аляксандр Вольф адзначыў, што Польшча — «адна з нямногіх эканомік ЕС, якія не знаходзяцца ў стагнацыі», а таксама назваў яе адным з найбольш надзейных саюзнікаў ЗША ў Еўропе.
З вуснаў немцаў гучала і самакрытыка. Дэпутатка ад "Левай партыі" Яніна Бётгер прызнала, што нямецкі погляд на Польшчу доўгі час характарызаваўся «недахопам цікавасці», а эканамічная перавага Германіі часта ператваралася ў «культурную пыху».
Падчас дэбатаў прагучалі таксама прапановы пашырыць чыгуначнае злучэнне паміж краінамі, стварыць сумесную парламенцкую асамблею і фонд падтрымкі жывых польскіх ахвяр нацысцкіх злачынстваў.
эж