Беларуская Служба

Па словах нямецкага дыпламата, узмацненне Бундэсвера абуджае гістарычныя страхі ў суседзяў Германіі

12.06.2026 15:11
Уплыў ЗША ў Еўропе слабее, а Германія нарошчвае ўзбраенні.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: sxc.hu
Пераўзбраенне Германіі выклікае занепакоенасць у яе суседзяў. Пра гэта ў інтэрв'ю нямецкаму інфармацыйнаму агенцтву DPA заявіў былы міністр замежных спраў краіны Ёшка Фішэр (Joschka Fischer), аб чым піша "Defence24" са спасылкай на "Gazeta.pl". Паводле слоў былога міністра, узмацненне Бундэсвера абуджае гістарычныя страхі ў французаў, палякаў, галандцаў, бельгійцаў.
Асабліва пасля таго, як канцлер Германіі Фрыдрых Мерц (Friedrich Merz) абвясціў пра намер зрабіць нямецкую армію наймацнейшай арміяй Еўропы. Фішэр лічыць, што падобная рыторыка патрабуе большай асцярожнасці. Ён нагадаў, што пасля Другой сусветнай вайны бяспеку Еўропы гарантавала амерыканская прысутнасць. Паводле яго слоў, ЗША абаранялі не толькі Германію, але і Еўропу ад магчымых асцярог, звязаных з адраджэннем нямецкай ваеннай магутнасці.
Былы кіраўнік нямецкай дыпламатыі таксама спаслаўся на вядомую фразу першага генеральнага сакратара НАТА Лорда Ісмэя (Lord Ismay), які казаў, што альянс быў створаны, каб «трымаць рускіх па-за Еўропай, амерыканцаў — у Еўропе, а немцаў — пад кантролем». На думку Фішэра, сёння гэтая формула зноў становіцца актуальнай, бо ўплыў ЗША ў Еўропе слабее, а Германія нарошчвае ўзбраенні.
Асобную трывогу ў яго выклікае рост папулярнасці правай партыі «Альтэрнатыва для Германіі». На думку Фішэра, калі гэтая палітычная сіла атрымае яшчэ большы ўплыў, у суседніх краінах могуць узнікнуць пытанні адносна будучага курсу Германіі. Палітык падкрэслівае: краіна сапраўды павінна ўмацоўваць сваю абарону ва ўмовах новых пагроз, але рабіць гэта трэба без гучных заяў і ў цеснай каардынацыі з еўрапейскімі партнёрамі.
нг