З Беларусі прыходзяць паведамленні пра тое, што ў сацыяльных сетках ды лакальных чатах актывізаваліся намаганні Расіян па вербаванні беларусаў на вайну ва Украіну. Больш за тое, паведамляецца, што ў некаторых беларускіх гарадах усё часцей бачныя вынікі гэтага рэкрутынгу, напрыклад, у Магілёве, на мясцовых могілках з'яўляецца ўсё болей і болей магіл са сцягамі РФ і розных вайсковых фармаванняў (вагнераўцы/ВДВ). На днях пад абстрэл у Расіі трапіў аўтобус з беларускімі дзецьмі. Гэта магла быць расійская правакацыя, пра якія раней папярэджвалі ўкраінскія эксперты.
Украінскі вайсковы аналітык Змітро Снегяроў распавёў у размове з Польскім радыё, што Беларусь апынулася ў апошнія месяцы ў цэнтры ўвагі расійскіх спецслужбаў. Расіяне актывізавалі высілкі, каб уцягнуць Беларусь у вайну. У тым ліку эксперт папярэдзіў пра магчымыя правакацыі з расійскага боку.
— Паводле звестак украінскага боку, колькасць грамадзян Беларусі, якія ўжо ваююць у шэрагах акупацыйнай арміі, складае больш за тысячу чалавек. Украінская разведка паведамляе дадзеныя аб стратах. Гэта 314 грамадзян Беларусі, якія загінулі падчас актыўнай фазы баявых дзеянняў ва Украіне.
З чым звязана актывізацыя вербавання грамадзян Беларусі з расійскага боку?
— Па-першае, са стратамі самога расійскага боку, якія перавышаюць магчымасці папаўнення асабовага складу. Паводле звестак украінскіх і заходніх спецслужбаў, страты расійскіх акупантаў, а гаворка ідзе пра правераныя, гэта значыць пацверджаныя дадзеныя, – ад 31 да 35 тысяч. У той час як паводле афіцыйных расійскіх дадзеных, якія агучваў Мядзведзеў і былі заявы Шайгу, папаўненне расійскай арміі знаходзіцца на ўзроўні да 30 тысяч. Гэта значыць, назіраецца дысбаланс страт і магчымасцяў папаўнення асабовага складу.
Расіяне выкарыстоўваюць шэраг інструментаў для папаўнення арміі, у тым ліку імкнуцца ўцягнуць беларусаў у вайну, кажа эксперт.
— Першы інструмент – найманне вайскоўцаў на кантракты, другі, – так званы спецкантынгент К, гэта расійскія зняволеныя, якія, згодна з указам расійскага дыктатара, маюць магчымасць падпісаць пагадненне з Міністэрствам абароны краіны-акупанта. Адпаведна, найбольшую колькасць прадстаўляюць грамадзяне Украіны з акупаваных рэгіёнаў Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцей. Там мабілізацыя мае татальны характар, ад 18 да 65 гадоў. Для вашага разумення, ва Украіне, дзе магчымасці мабілізацыйных рэзерваў значна меншыя, чым у Расіі, мабілізацыйны ўзрост – 25-60 гадоў. Трэці інструмент – гэта замежныя найміты. Да гэтай катэгорыі адносяцца таксама грамадзяне Беларусі. У цяперашні час, паводле звестак Міністэрства абароны Украіны, у акупацыйных войсках ваюе да 30 тысяч замежнікаў, і, дарэчы, па колькасці грамадзян, якія ваююць непасрэдна ў шэрагах акупацыйнай арміі, Беларусь займае першае месца сярод краін, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне праз працэсы набору.
Якія дзейнічаюць каналы рэкрутынгу?
— Ёсць прамыя каналы праз заключэнне кантрактаў. Гэта тычыцца, дарэчы, як непасрэдна грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Беларусі, так і, адпаведна, грамадзян Беларусі, якія працуюць або пражываюць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Прычым, заўважу, што найміцтва забаронена беларускім заканадаўствам. Але, на жаль, улады Беларусі фактычна заплюшчваюць вочы на факты ўдзелу грамадзян Беларусі ў вайне з Украінай. Другі па распаўсюджанасці – гэта, адпаведна, так званыя працоўныя кантракты. Гэта значыць, калі грамадзян Беларусі завабліваюць дастаткова вялікай зарплатай на будаўнічыя работы, але яны фактычна аказваюцца ў зоне баявых дзеянняў. Гэта значыць, па сутнасці, гаворка ідзе пра другі варыянт, гэта прымусовы характар прыцягнення грамадзян Беларусі.
Эксперт зазначае, што колькасць так званых будаўнікоў з Беларусі на акупаваных тэрыторыях Луганскай і Данецкай абласцей за апошнія паўгода значна павялічылася. Паводле розных ацэнак, прыкладна на 40%. Адным з важных аргументаў намання выступаюць грошы, дадае эксперт.
— Фінансавая падтрымка складае прыблізна да 126 тысяч беларускіх рублёў на момант падпісання кантракту. Гэта значыць, яны ўлічваюць даволі сурʼёзныя сацыяльныя праблемы непасрэдна ў Беларусі і спрабуюць прыцягнуць пэўную колькасць грамадзян Рэспублікі Беларусь праз так званыя падʼёмныя, адпаведна, прамое выплачванне фінансавай падтрымкі. І толькі потым, пасля падпісання кантракту, фінансавая падтрымка складае прыблізна да 260 тысяч расійскіх рублёў у месяц. Варта адзначыць, што тыя беларусы, якія падпісалі кантракт непасрэдна з Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі, выкарыстоўваюцца, як правіла, у якасці штурмавікоў.
З чым гэта звязана?
— Таму што, фактычна, за кошт грамадзян Беларусі расіяне спрабуюць знізіць страты сярод асабістага складу непасрэдна грамадзян Расійскай Федэрацыі. Гэта значыць, каб не псаваць статыстыку, бо беларус загінуў, яго пахаваюць у лепшым выпадку альбо на акупаваных тэрыторыях, альбо, адпаведна, непасрэдна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, гэта ніякім чынам не паўплывае на грамадскія настроі адносна колькасці страт расійскай арміі непасрэдна на тэрыторыі самой Расійскай Федэрацыі. Прычым варта адзначыць, што тэрмін падрыхтоўкі да так званага баявога згладжвання складае максімум два тыдні. Гэта значыць, чалавек практычна не атрымлівае навыкаў рэальных баявых дзеянняў, няма так званых гарызантальных сувязяў, каардынацыі паміж падраздзяленнямі. Фактычна, гэта гарматнае мяса. І апошнія выпадкі гібелі грамадзян Рэспублікі Беларусь, пра якія вядома.
Больш за тое, у апошнія месяцы Расійская Федэрацыя спрабуе выкарыстаць фактар прысутнасці грамадзян Рэспублікі Беларусь у шэрагах уласнай арміі як элемент інфармацыйна-палітычных кампаній, зазначае адмысловец.
— Гэта значыць, паказаць, што Беларусь ужо ўцягнутая ў актыўную фазу баявых дзеянняў ва Украіне. Гэта найбольш небяспечны момант, калі Расійская Федэрацыя будзе спрабаваць стварыць адпаведныя інфармацыйныя падставы для непасрэднага ўцягвання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у агрэсію супраць Украіны. У апошнія месяцы гэта планы Расійскай Федэрацыі па дэстабілізацыі сітуацыі на тэрыторыі Беларусі і спроба непасрэднага ўцягвання арміі Рэспублікі Беларусь у актыўную фазу баявых дзеянняў супраць Украіны. Пра выкарыстанне Беларусі як непасрэднага плацдарма для ўварвання гаворка не ідзе, але мы бачым спробы ўцягвання арміі. У якасці элементаў інфармацыйнай кампаніі будуць выкарыстоўвацца беларускія добраахвотнікі.
Ва Украіне кажуць, пра тое, што расіяне рыхтуюць правакацыі, каб уцягнуць Беларусь у вайну.
— Ужо ёсць аператыўная інфармацыя, што рыхтуюцца адпаведныя відэаматэрыялы, у якіх удзельнічаюць грамадзяне Беларусі, але нібыта салдаты рэгулярнай арміі, у прыватнасці, гаворка ідзе пра брыгады спецыяльнага прызначэння, месца пастаяннай дыслакацыі – Марʼіна Горка. Гэтую інфармацыю трэба паведаміць загадзя, бо з боку Расійскай Федэрацыі рыхтуецца шэраг інфармацыйных правакацый адносна нібыта прысутнасці падраздзяленняў Арміі Рэспублікі Беларусь на перадавой.
Украінскі аналітык зазначыў, што ў дзеяннях расійскіх спецслужбаў за апошнія два месяцы бачныя намаганні па ўцягванні Беларусі ў вайну. Беларусь зараз знаходзіцца ў цэнтры ўвагі расійскіх спецслужбаў. Размова была запісана да трагедыі ў Бранскай вобласці, дзе дрон атакаваў аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Беларусі. У Расіі адразу заявілі заявілі, што аўтобус быў уражаны ўкраінскім дронам. Ва ўкраінскім Генштабе заявілі, што ў момант інцыдэнту ўкраінскія дроны не дзейнічалі ў Бранскай вобласці, а абвінавачанні Масквы назвалі інфармацыйнай правакацыяй Крамля. Гэта сугучна з тым пра што папярэджваў эксперт.
Юры Ліхтаровіч