Беларуская Служба

«Лепш афіцыйны Мінск, чым нікога з Беларусі». Аглядальнік пра ўдзел ў магчымых мірных перамовах

22.06.2026 13:22
Лукашэнка спрабуе выкарыстаць новыя магчымасці ў дыялогу з Захадам і ЗША. Пры гэтым залежнасць Беларусі ад Расіі застаецца вельмі высокай.
Аўдыё
  • «Лепш афіцыйны Мінск, чым нікога з Беларусі». Аглядальнік пра ўдзел ў магчымых мірных перамовах
Aleksander Łukaszenka
Aleksander ŁukaszenkaIMAGO/Sergey Bobylev/Imago Stock and People/East News

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што атака дрона на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці была спробай справакаваць канфлікт паміж Беларуссю і Украінай. Паводле яго слоў, расследаванне працягваецца, ужо апытаныя ўсе сведкі, а вынікі будуць дакладзеныя Аляксандру Лукашэнку.

Інцыдэнт адбыўся на мінулым тыдні. У выніку атакі загінула жанчына, некалькі чалавек атрымалі раненні, пераважна дзеці. Украінскі бок адмаўляе сваю датычнасць да здарэння і называе яго расійскай правакацыяй. На гэтым фоне афіцыйная прапаганда разгарнула маштабную кампанію з абвінавачваннямі на адрас Украіны і Захаду.

Аднак палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу на іншы аспект гісторыі.

— Найперш гэта трагедыя ў чалавечым вымярэнні. Пацярпелі дзеці, загінула жанчына. А ўжо потым варта разбірацца ў палітычных акалічнасцях, — адзначае эксперт.

На яго думку, паказальнай стала рэакцыя самога Лукашэнкі. Нягледзячы на заяву пра верагоднае ўкраінскае паходжанне дрона, беларускі кіраўнік не стаў выступаць з жорсткімі абвінавачваннямі, як гэта зрабілі ў Маскве.

Аналітык мяркуе, што такая стрыманасць не выпадковая. Лукашэнка ўсё больш улічвае перспектыву заканчэння вайны і імкнецца захаваць магчымасці для аднаўлення адносін як з Украінай, так і з Захадам.

— Дыктатар ужо думае пра пасляваенныя перспектывы і пра тое, як убудавацца ў будучы мірны працэс, — кажа Класкоўскі.

Паводле аглядальніка, на пазіцыю Мінска ўплывае і ваенны фактар. Поспехі Украіны ў развіцці дронавай і ракетнай зброі прадэманстравалі ўразлівасць беларускай тэрыторыі ў выпадку адкрытага ўступлення краіны ў вайну.

Адначасова Лукашэнка спрабуе выкарыстаць новыя магчымасці ў дыялогу з Захадам і ЗША. Пры гэтым залежнасць Беларусі ад Расіі застаецца вельмі высокай. Тым не менш, лічыць Класкоўскі, афіцыйны Мінск усё больш зацікаўлены ў тым, каб не дапусціць далейшага ўцягвання краіны ў расійска-ўкраінскі канфлікт і захаваць прастору для палітычнага манеўру пасля яго завяршэння.

На думку Аляксандра Класкоўскага, для Мінска сёння прынцыпова важна не апынуцца ў сітуацыі, калі будучыню краіны будуць вызначаць без яе ўдзелу.

— Калі пачнуцца сур’ёзныя мірныя перамовы, то, канешне, малаверагодна, што за сталом апынуцца прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл. Рэальнасць такая, што гаворка можа ісці пра афіцыйны Мінск. І тут, як ні парадаксальна гэта можа прагучаць для многіх маіх аднадумцаў, лепш, каб Беларусь была прадстаўленая хаця б праз афіцыйныя ўлады, чым каб яе лёс зноў вырашалі без яе ўдзелу, як гэта ўжо неаднаразова было ў гісторыі.

Слухайце аўдыё!

эж