Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Гэта выпрабавальная гадзіна для абодвух народаў!» Супольная заява польскіх і ўкраінскіх СМІ

23.06.2026 10:30
Падпісанты заявы заклікалі засяродзіцца сёння на агульнай задачы, якой з’яўляецца спыненне пагрозы з боку пуцінскай Расіі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Marek Studzinski/pixabay.com/CC0 Public Domain

— Мы ўсведамляем трагічныя моманты ў польска-ўкраінскай гісторыі, якія палітыкі выкарыстоўваюць у сваіх мэтах; аднак сёння наша агульная задача — спыніць пуцінскую Расію, — чытаем у супольнай заяве прадстаўнікоў польскіх і ўкраінскіх СМІ, якую публікуе «Gazeta Wyborcza».

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што крызіс у польска-ўкраінскіх адносінах выклікае ў іх сур'ёзную заклапочанасць. Яны нагадваюць, што «Украіна ўжо дванаццаць гадоў сутыкаецца са злачыннай агрэсіяй Пуціна, якая амаль пяць гадоў мае характар поўнамаштабнай вайны».

— Гэтая абарона мае сваю драматычную цану. Сотні тысяч украінцаў загінулі або былі параненыя, мільёны былі вымушаны пакінуць свае дамы, значная частка краіны акупаваная, а на гарады і вёскі штодня падаюць бомбы, — чытаем у заяве.

У ёй падкрэсліваецца, што «з першых гадзін расійскага ўварвання Польшча разам са сваімі еўрапейскімі хаўруснікамі спяшаецца на дапамогу Украіне, прадастаўляючы ваенную тэхніку, грошы, гуманітарную дапамогу і прымаючы амаль 2 мільёны ўкраінскіх бежанцаў».

У заяве ацэньваецца, што цяперашняя напружанасць негатыўна ўплывае як на стаўленне да ўкраінцаў, якія жывуць у Польшчы, так і на ўспрыманне палякаў ва ўкраінскім грамадстве.

— Гэта дадатковы выклік для палітыкаў, СМІ, грамадзянскай супольнасці і грамадзян абедзвюх нашых краін, — падкрэсліваецца ў паведамленні. — Мы ўсведамляем трагічныя моманты ў польска-ўкраінскай гісторыі, якія палітыкі выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Аднак сёння наша агульная задача — спыніць пуцінскую Расію. Час для сурʼёзных дыскусій пра мінулае, для прызнання грахоў і для прымірэння наступіць, калі Украіна — пры падтрымцы сваіх хаўруснікаў — пераможа агрэсара, — гаворыцца ў заяве.

У ёй таксама адзначаецца, што «гадамі Расія распаўсюджвае дэзінфармацыю ў масавых маштабах і спрабуе ўбіць клін паміж палякамі і ўкраінцамі», і, як гаворыцца, цяперашні крызіс у адносінах спрыяе гэтаму.

— Гэта цяжкі час для палякаў і ўкраінцаў. Нашы палітыкі павінны прадэманстраваць мудрасць і здаровы сэнс, шукаць паразумення і выйсця з крызісу. Нашыя грамадствы не павінны быць аб'ектамі маніпуляцый і павінны працягваць падтрымліваць адно аднаго. Дзеля агульнай будучыні, у якой Польшча і Украіна могуць разам адыгрываць ключавую ролю ў Еўрапейскім Саюзе, — падкрэсліваецца ў заяве.

Дакумент падпісалі СМІ з Польшчы і Украіны, у тым ліку журналісты выданняў: «Gazeta Wyborcza», «OKO.press», «Newsweek Polska», «Украінская праўда»( «Українська правда»), партал ye.ua і «Крэменчуцкі тэлеграф»( «Кременчуцький Телеграф»).

PAP/аз

Ці ў актуальнай геапалітычнай сітуацыі маральная рацыя самая важная?

22.06.2026 17:00
Эксперты абяркоўваюць крызіс у адносінах паміж Польшчай і Украінай ды пагрозы стратэгічнаму альянсу паміж дзяржавамі.