Новыя субмарыны набываюцца ў рамках праграмы Orka («Касатка») і стануць першай падобнай закупкай для Ваенна-марскіх сіл Польшчы за апошнія 40 гадоў. Чакаецца, што яны паступяць на ўзбраенне ў 2031 годзе. Іх прыкладны кошт складае да 20 млрд злотых (больш за 4 млрд 672 млн еўра).
Кантракт быў падпісаны на борце фрэгата ORP Kościuszko у прысутнасці прэм’ер-міністраў Польшчы і Швецыі. Чакаецца, што першая падводная лодка паступіць на службу пад бела-чырвоным сцягам у 2030 годзе, дзве наступныя – годам пазней. Згодна з кантрактам, Польшча атрымае тры падводныя лодкі тыпу A26 класа Blekinge, якія шведская кампанія Saab Kockums будуе для Ваенна-марскіх сіл Швецыі.
Намеснік начальніка Агенства ўзбраення Мінабароны Польшчы брыгадны генерал Міхал Марціняк (справа) і старшыня праўлення SAAB Мікаэль Ёхансан падпісваюць кантракт. PAP/Marcin Gadomski
Акрамя таго, у Гдыні была падпісаная дадатковая дамова аб перадачы Польшчы ў арэнду мадэрнізаванай падводнай лодкі тыпу A1. Яе польскія ВМС будуць выкарыстоўваць для падрыхтоўкі падводнікаў для службы на A26.
Кантракт прадугледжвае не толькі будаўніцтва і пастаўку падводных лодак, але і тэхнічную падтрымку эксплуатацыі, падрыхтоўку персаналу, а таксама інфраструктуры, неабходнай для іх уводу на службу.
Апошняя субмарына была прынята на ўзбраенне польскіх ВМС 40 гадоў таму. На дадзены момант ORP Orzeł («Арол») – адзіная падводная лодка, якая застаецца сёння ў складзе польскага флоту. Яна была пабудаваная ў Савецкім Саюзе і ўведзеная ў строй у 1986 годзе. Гэта падлодка праекту 877 «Палтус». Іх таксама называюць «Варшавянка», бо першапачаткова імі планавалася ўзброіць ВМС краін Варшаўскага дагавору.
Новыя шведскія падлодкі будуць аснашчаныя спецыяльным абсталяваннем, якое дае магчымасць знаходзіцца пад вадой на працягу 18 сутак без неабходнасці ўсплываць для зарадкі акумулятараў. Аўтаномнасць плавання складае 45 сутак.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. PAP/Marcin Gadomski
Віцэ-прэм’ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш нагадаў, што праграма «Касатка» – гэта праект польскай арміі, які зацягнуўся на 30 гадоў.
— З намі – матросы атраду падводных лодак, якія цягам апошніх гадоў працавалі на тое, каб Польшча магла мець падводныя сілы. Гэта – героі сённяшніх дзён, героі нашай бяспекі. Сёння мы пачулі, што шматлікія падводнікі чакалі гэтага моманту, і гэта сапраўды так, бо праграма «Касатка» працягвалася 30 гадоў, і толькі сёння яна наблізілася да канца.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заўважыў, што польска-шведскі кантракт будзе служыць перш за ўсё будучым пакаленням.
— У падарунку ад спадара прэм’ера я атрымаў для маіх унукаў і ўнучак шведскія кнігі на польскай мове, для наймалодшай – «Піпі Доўгаяпанчоха». Дзякуй за падарунак! Ён сімвалічны, бо гэта сведчанне таго, што мы думаем пра бяспеку будучых пакаленняў, пра нашых дзяцей і ўнукаў, і пра тое, каб Балтыка была бяспечным рэгіёнам.
Камандор-паручнік (капітан другога рангу –рэд.) у адстаўцы Максімільян Дура, які ў ВМС Польшчы праслужыў 26 гадоў, гаворыць, што шведскія падводныя лодкі прыстасаваныя для аператыўных задач у плыткім Балтыйскім моры.
— Падводныя лодкі на Балтыцы павінны быць прыстасаваныя для аператыўнай дзейнасці ў ім, а шведскія падлодкі ідэальна для гэтага падрыхтаваныя. У ваенна-марскіх сіл з падводнымі лодкамі нашмат больш магчымасцей, чым без іх.
Супрацоўніцтва паміж Варшавай і Стакгольмам не абмяжоўваецца закупкай падлодак. У Гдыні таксама было падпісана пагадненне аб набыцці Швецыяй у Польшчы судна тыпу Ratownik («Ратавальнік»).
Гэтае судна стане найбуйнейшым выратавальным караблём свайго класа. На борце будзе аснаджаная верталётная пляцоўка, а ў склад абсталявання ўвойдуць падводныя апараты, гідралагічнае абсталяванне і супрацьпажарныя сістэмы.
Падводныя лодкі тыпу A26 – гэта найноўшая серыя шведскіх неатамных малапрыкметных падводных лодак пятага пакалення. Праект распрацаваны спецыяльна для ВМС Швецыі, аднак арыентаваны і на экспарт. Адмысловая канструкцыя корпуса і гумовае гукапаглынальнае пакрыццё зводзяць да мінімуму акустычную прыкметнасць падлодкі. Яна ўстойлівая да гідралакатараў і практычна незаўважальная для супрацьлодкавай абароны.
Субмарыны абсталяваныя рухавікамі Стырлінга. Гэта дазваляе лодцы знаходзіцца пад вадой без усплывання да некалькіх тыдняў, не выкарыстоўваючы атмасфернага кіслароду. У насавой частцы лодкі размешчаны спецыяльны шматмэтавы партал. Ён прызначаны для хуткага выпуску і прыёму баявых вадалазаў, а таксама дыстанцыйна кіраваных падводных апаратаў і аўтаномных дронаў. Узбраенне ўключае ў сябе традыцыйныя тарпедныя апараты, а таксама магчымасць усталявання вертыкальных пускавых установак для крылатых ракет. Экіпаж – ад 17 да 26 чалавек.
A26 Blekinge. Крыніца: Saab
У рамках тэндару праграмы «Касатка» Польшчы прапанавалі свае падводныя лодкі Германія, Францыя, Швецыя, Італія, Паўднёвая Карэя і Іспанія.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл