Прозвішча ўпаўнаважанага філіяла «Інстытута Пілецкага» ў Швейцарыі згадваецца ў журналісцкім расследаванні «Pandora Papers». Гаворка ідзе пра яго бізнес — кантакты з уплывовымі расіянамі. Справу расследавала Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW). Паводле экспертаў, культурныя ўстановы становяцца натуральнымі мішэнямі для аперацый уплыву, паведамляе «Rzeczpospolita».
Зарэгістраваны ў Швейцарыі «Pilecki-Institut» (Schweiz) — гэта кампанія, якая прасоўвае польскую культуру і гісторыю, а таксама кіруе гатэлем «Schwanen» у Раперсвіле, які набыло Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.
Паводле газеты, у пачатку чэрвеня члена праўлення кампаніі Моніку Юрго замяніў Губерт Г. Замаро. Згодна з мясцовым заканадаўствам, кампанія была абавязана прызначыць прадстаўніка, які пражывае ў Швейцарыі.
«Juris Finanz AG» была абраная на падставе цаны, патэнцыялу і наяўнасці сертыфікатаў па барацьбе з адмываннем грошай (AML).
Выканаўца абавязкаў дырэктара «Інстытута Пілецкага» Караль Мадай падкрэсліў, што перад выбарам кампаніі былі правераныя санкцыйныя спісы Швейцарыі, Еўрапейскага Саюза і Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі — фірма ў іх не была ўключана.
Прадстаўніком «Juris Finanz AG» ў «Pilecki-Institut» быў прызначаны гендырэктар доктар Грацыян Педроя. Пасля публікацыі дадзеных у Нацыянальным судовым рэестры (KRS) Інстытут выявіў артыкул з журналісцкага расследавання «Pandora Papers» аб магчымых мінулых здзелках Педроі з расійскімі суб’ектамі, у тым ліку кампаніяй былога міністра энергетыкі Ігара Юсуфава і алігарха Канстанціна Галашчапава.
«Інстытут Пілецкага» запатрабаваў тлумачэнняў ад Грацыяна Педроі і змены прадстаўніка «Juris Finanz AG».
У каментары для газеты «Rzeczpospolita» Педроя заявіў, што нацыянальнасць кліентаў не ўплывае на яго працу, што ён выконвае правілы і санкцыі па барацьбе з адмываннем грошай, і што ён не супрацоўнічае з суб’ектамі, якія парушаюць законы.
Пра справу «Інстытут Пілецкага» паведаміў Агенцтву ўнутранай бяспекі і папрасіў заключэнне аб магчымасці далейшага супрацоўніцтва з юрыдычнай фірмай.
Караль Мадай, якога цытуе «Rzeczpospolita», падкрэсліў, што гэтыя захады былі зроблены для абароны інтарэсаў Польшчы, а ўся сітуацыя дэманструе маштаб расійскіх уплываў у розных грамадскіх сферах.
аз