У краіне ліквідуюцца музеі памяці ахвяр ГУЛАГу, і адбываецца працэс адмены рашэнняў аб рэабілітацыі ахвяр сталінскага тэрору.
Нядаўна журналістам «Новай газеты» удалося даведацца, што з сярэдзіны 2022 года па 2024–2025 гады органы пракуратуры Расіі праверылі больш за 14 тысяч спраў, звязаных з ахвярамі савецкіх палітычных рэпрэсій. У выніку пракуроры дамагліся адмены рашэнняў аб рэабілітацыі больш чым 4000 чалавек.
Больш за тое, выданне высветліла, што два гады таму ўрад Расіі ўнёс радыкальныя змены ў канцэпцыю дзяржаўнай палітыкі па ўшанаванні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. З прэамбулы дакумента выдалілі згадкі пра «масавасць» сталінскіх рэпрэсій, пра пераследы па рэлігійных і сацыяльных прыкметах, і пра гвалтоўную калектывізацыю. Апроч таго, з абноўленай канцэпцыі зніклі прамыя асуджэнні савецкага тэрору. Затое ў новай рэдакцыі канцэпцыі гаворыцца пра тое, што хвалі рэабілітацыі ў 1950-х і 1990-х гадах «памылкова прывялі да абялення памагатых нацыстаў і здраднікаў Радзімы».
Гэта імклівае вяртанне да сталінізму ў Расіі, перакананы палітолаг Павел Усаў.
— Мы маем дачыненне з рэабілітацыяй сталінізму. Сталінская палітыка становіцца па сутнасці новым фундаментам ідэалогіі Расійскай Федэрацыі як у кантэксце адбудовы міфаў пра савецкае мінулае і магутнасць Савецкага Саюзу, так і фальсіфікацыі гісторыі і замоўчванне фактаў, што адбываліся ў СССР падчас сталінскага праўлення. Рэжым Сталіна становіцца падмуркам для сённяшняй унутранай мадэлі функцыянавання Расійскай Федэрацыі. У пуцінскага рэжыму засталося толькі адно апірышча — міфы з часоў ІІ Сусветнай вайны і пра моцнага правадыра Сталіна, які выратаваў Савецкі Саюз. Гэта назіраецца па тым стаўленні, якое Крэмль дэманструе да сталінскіх рэпрэсій. Гаворка ідзе пра выхваленне сталінскага тэрору.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле