Нідэрланды дасягнулі мяжы сваіх магчымасцей у плане прамой ваеннай дапамогі Украіне, заявіла міністр абароны краіны Дылан Ешыльгоз-Зегерыус падчас саміту НАТА ў Анкары. Ці гэта азначае, што Амстэрдам цалкам адмаўляецца ад дапамогі ўкраінцам?
— Як Нідэрланды, у нас больш няма магчымасцей; мы зрабілі ўсё, — сказала кіраўнічка Мінабароны Нідэрландаў, маючы на ўвазе цяперашні аб'ём падтрымкі ўкраінскай арміі.
Гэта тычыцца, у тым ліку, магчымасці прадастаўлення дадатковых ракет для комплексаў «Patriot», якія Украіна выкарыстоўвае для абароны гарадоў і інфраструктуры ад расійскіх ракетных нападаў.
Праблема не ў адсутнасці палітычнай волі, а хутчэй у абмежаваных запасах ваеннай тэхнікі, падкрэслівае выданне defense24.pl. Цягам больш чым трох гадоў вайны Нідэрланды перадалі значную частку сваіх даступных рэсурсаў, адначасова забяспечваючы абараназдольнасць уласнай арміі.
Згодна з дадзенымі, прадстаўленымі галандскімі ўладамі, з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, Амстэрдам выдзеліў Украіне прыблізна 9,1 мільярда еўра ваеннай дапамогі. Яшчэ 11,6 мільярда еўра запланавана на аперацыі па падтрымцы Кіева. Нідэрланды таксама абяцалі выдзеліць адзін мільярд еўра ў рамках праграмы «Спіс прыярытэтных патрабаванняў Украіны» (Prioritized Ukraine Requirements List, PURL), якая дазваляе краінам НАТА фінансаваць закупку амерыканскай зброі для Украіны.
Якую тэхніку Нідэрланды перадалі Украіне?
Адным з найважнейшых элементаў галандскай дапамогі была перадача баявых самалётаў F-16. Нідэрланды адыгралі ключавую ролю ў падрыхтоўцы ўкраінскіх пілотаў і тэхнікаў ддя эксплуатацыі заходніх самалётаў, што значна пашырыла магчымасці ўкраінскіх ВПС.
Амстэрдам таксама паставіў кампаненты сістэм супрацьпаветранай абароны «Patriot» і падтрымаў Украіну ў атрыманні боепрыпасаў для гэтых сістэм. Ва ўмовах расійскіх ракетных нападаў і нападаў беспілотнікаў — гэта была адна з найбольш стратэгічных формаў дапамогі.
Нідэрланды таксама ўдзельнічалі ў пастаўках цяжкай ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкаў Leopard 2 у супрацоўніцтве з іншымі еўрапейскімі краінамі, бронетранспарцёраў YPR-765, медыцынскіх аўтамабіляў, боепрыпасаў і рыштунку для жаўнераў.
У цяперашні час улады ў Амстэрдаме робяць стаўку на іншую мадэль падтрымкі. Замест таго, каб пастаўляць далейшыя буйныя партыі ўласнай зброі, яны хочуць інвеставаць у вытворчасць тэхнікі, сумесныя прамысловыя праекты і закупкі для Украіны.
Адным з прыкладаў зʼяўляецца праграма «Будуем з Украінай», у рамках якой украінскія беспілотныя сістэмы таксама павінны вырабляцца ў Нідэрландах.
Між тым, рашэнне галандскага міністра абароны звяртае ўвагу на больш шырокую праблему краін, якія падтрымліваюць Украіну: пасля перадачы значнай часткі ўласных рэсурсаў яны павінны знайсці баланс паміж працягам дапамогі Кіеву і аднаўленнем уласнага абарончага патэнцыялу, канстатуе выданне defense24.pl.
аз