The Economist апублікаваў інтэрвʼю з алігархам Андрэем Мельнічэнкам, у якім той заклікаў Захад дамовіцца з Расіяй. У адваротным выпадку, на думку алігарха прыніжаная Расія на перыферыі Захаду, у якасці сыравіннага прыдатку Кітая, можа або распасціся або пераўтварыцца ў «паўночнакарэйскую» крэпасць. Гэта кепскі сцэнар для Захаду, кажа Мельнічэнка, і замест гэтага прапануе пакінуць Расію «сувярэннай», то бок прадказальнай для знешняга свету.
Як успрымаць гэтыя заявы расійскія алігархі, як сведчанне росту незадаволенасці вайной сярод эліт, ці як інфармацыйную аперацыю ўплыву на заходніх палітыкаў з боку Крамля? Пра гэта мы запыталіся палітолага Паўла Усава.
— Андрэй Мельнічэнка — адзін з найбагацейшых расійскіх алігархаў, які да апошняга часу маўчаў, але ў Крамля ёсць пул алігархаў праз якіх яны намагаюцца дагрукацца да Захаду для фармавання палітычных падвалін для пачатку перамоваў.
Гаворка вядзецца пра тое, каб змусіць Захад скараціць падтрымку Украіны, а Кіеў пагадзіцца на расійскія ўмовы спынення вайны. Дзеля гэтага Крэмль палохае Захад ядзернай зброяй ды хаосам, кажа эксперт.
— Расія палохае тым, што можа выкарыстаць ядзерную зброю, таму нельга яе правакаваць і трэба дамаўляцца. Другі аргумент Крамля — аслабленне Расіі дазволіць умацавацца Кітаю. Цяпер з’явіўся трэці аргумент для маніпуляцыі заходнімі палітыкамі — гэта развал Расіі ды хаос, які стане большай праблемай для Захаду чым вайна. Менавіта на гэта звяртае ўвагу Мельнічэнка. Пры гэтым ён абвінавачвае Захад у развязванні вайны, бо той нібыта імкнуўся маргіналізаваць Расію, якая мусіла бараніцца. Гэта паўтарэнне слоў Дугіна. Чамусьці алігарх не бачыць праблемы ў тым, што замест інвестыцый у сваё развіццё, Расія выбрала агрэсію супраць Украіны, як форму адстойвання сваіх інтарэсаў. Па сутнасці, гэта дэкларацыя расійскіх эліт, якія выраслі на дзяржаўных рэсурсах і цяпер патрабуюць перамірʼя, каб захаваць пануючую сістэму і далей жыць заможна.
Чаму менавіта цяпер адзін з алігархаў перастаў маўчаць?
— Справа ў тым, што ўскладнілася сітуацыя на фронце для Расіі. Масква імкнецца як мага больш бамбіць Украіну, каб прымусіць Кіеў прыняць частку патрабаванняў, якія выстаўляе Крэмль. Але ў самой Расіі нарастаюць эканамічныя праблемы, шырыцца энергетычны крызіс. Паўстала пытанне ўжо пра вытрымаласць Расіі. Масква разумее неабходнасць хутчэйшага выхаду з вайны, але хоча выйсці на сваіх умовах, каб гэты выхад не выглядаў як параза. Адсюль зʼяўляюцца Мільнечэнкі ды Абрамовічы, якія спрабуюць падрыхтаваць мірныя перамовы, каб змусіць Захад прызнаць перамогу Расіі ў вайне.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч