Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Прэзідэнт Украіны хоча новага пачатку ў адносінах з Польшчай

20.07.2026 14:47
Кіеў агучыў крокі, накіраваныя на залагоджванне спрэчкі з Польшчай па пытанні Валынскай разні.
Аўдыё
  • Прымеренчыя ініцыятывы ў бок Польшчы ад прэзідэнта Украіны
Нарада ў прэзідэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага па пытаннях палітыкі на польскім напрамкуZelenskiy / Official

Уладзімір Зяленскі абвясціў пра адкрыццё архіваў ды дапамогу ў пошуку і эксгумацыі ахвяр. Эксперты лічаць, што Кіеў імкнецца да дээскалацыі ў адносінах з Варшавай.

Уладзімір Зяленскі напісаў у сацыяльных сетках, што для вырашэння гістарычнага канфлікту ён адкрые архівы, паспрыяе пошуку месцаў пахавання ахвяр Валынскай разні і зробіць крокі для паглыблення дыялогу паміж Кіевам і Варшавай. Распавядае карэспандэнт Польскага радыё ва Украіне Мацей Ястжэмбскі.

— Польшча падтрымала Украіну пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, мы ўдзячныя Польшчы, — напісаў Уладзімір Зяленскі.

Украінскі лідар паведаміў, што прыняў рашэнні, каб палепшыць адносіны з Польшчай. У сувязі з гэтым прэзідэнт агучыў, што будуць адкрытыя ўкраінскія архівы, дзе ёсць дакументы на тэму Валынскай разні, а таксама загадаў паскорыць дзеянні, накіраваныя на пошук, эксгумацыю ды пахаванне ахвяр Валынскай разні.

Гэта крок у напрамку дээскалацыі напружаных адносін, але трэба пачакаць канкрэтных прапаноў — так польскія палітыкі пракаментавалі заявы ўкраінскага прэзідэнта.
Гаворыць Міхал Вавэр з «Канфедэрацыі».

— Толькі калі пачнуць дзейнічаць прынцыпы, у згодзе з людской мараллю, што тычыцца пошуку ды эксгумацыі ахвяр.

Томаш Трэля з «Левых сіл».

— Я хачу верыць у добрыя намеры, але важныя не словы, а дзеянні.

Дарадца прэзідэнта Альвін Гаядур.

— Паглядзім, як цяпер будзе сябе паводзіць прэзідэнт Украіны.

Кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Аляксандр Алфёраў заявіў, што дазволы на далейшыя эксгумацыі ахвяр Валынскай разні будуць цяпер выдавацца неадкладна.

Гэта крок у правільным кірунку. Ушанаванне памяці ахвяр Валынскай разні з'яўляецца адной з умоў паляпшэння польска-ўкраінскіх адносін, падкрэсліў польскі віцэ-прэмʼер Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

— Тры рэчы павінны быць зроблены, каб адбылося паляпшэнне ў адносінах. Першае – прыняцце праўды пра падзеі на Валыні ў 1943-м годзе. Другое – ушанаванне памяці ды эксгумацыя. Гэта ўжо адбываецца, але трэба больш і хутчэй. Трэцяе – гэта прымірэнне. Пакуль мы бачым не радыкальныя змены, але адчувальныя змены ў стаўленні.

Таксама ўкраінскія эксперты пазітыўна ацэньваюць апошнія ініцыятывы прэзідэнта Зяленскага. Гаворыць аналітык Украінска-польскай медыя платформы Анатолій Курносаў.

— Гэта свядомы крок прэзідэнта Украіны, ягоныя ініцыятывы скіраваныя на дээскалацыю ў адносінах і паляпшэнне стасункаў як з прэзідэнтам Польшчы, так і з прэм’ерам.

Апошнім часам адносіны паміж Украінай і Польшчай пагоршыліся з-за гістарычнай справы — прызнання ды ўшанавання памяці ахвяр Валынскай разні ў 1943-м годзе. Польскі бок чакае ад Украіны прызнання генацыду і дапамогі ў пошуку ахвяр. Кіеў вырашыў аказаць садзеянне ў дадзеным пытанні.

Юры Ліхтаровіч