Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Святлана Ціханоўская: Польшча — адзін з ключавых партнёраў дэмакратычнай Беларусі

03.08.2026 12:32
Міжнародны тэрор з боку Лукашэнкі, пашпарт Вольнай Беларусі, грошы на рэформы пасля змены ўлады ды іншыя ключавыя пытанні абмяркоўваем з лідаркай дэмакратычных сілаў Беларусі ў студыі Беларускай службы. Слухайце наша аўдыё.
Аўдыё
  • Міжнародны тэрор рэжыму, пашпарт Вольнай Беларусі, грошы на эканамічныя рэформы і шмат іншых ключавых пытанняў абмяркоўваем са Святланай Ціханоўскай у студыі Беларускай службы Польскага радыё

«Польшча адыгрывае важную ролю ў сістэме бяспекі Еўропы»

Колькі месяцаў таму Офіс Святланы Ціханоўскай пераехаў у Польшчу. Святлана пачала вучыць польскую мову і лічыць гэтую краіну сваім трэцім домам пасля Беларусі і Літвы. Але галоўнае, што ў яе з’явілася магчымасць працаваць афлайн са шматлікімі беларускімі ініцыятывамі, што існуюць тут.

Святлана упэўненая, што Польшча з’яўляецца вельмі важным партнёрам дэмакратычнай Беларусі

— Польшча адыгрывае адну з самых значных роляў, што тычыцца, напрыклад, бяспекі. Бо Польшча тая краіна, якая мяжуе з Беларуссю і Украінай. І краіны NАТО пачынаюцца тут, з Польшчы. І таму да Польшчы на міжнародным узроўні ў Брусэлі, канешне, прыслухоўваецца. Я б сказала, што Польшча фармуе палітыку, што тычыцца і Беларусі, і, магчыма, нават Украіны, бо ўсе разумеюць цяжкасці, з якімі прыйдзецца сутыкнуцца Еўропе, калі мы не адстаім ані незалежную Беларусь, ані Украіну. Таму моцная Польшча, моцнае грамадства, моцны ўрад вельмі важныя для таго, каб агучваць геапалітычны кантэкст нашага рэгіёну.

Польшча з'яўляецца адным з нашых ключавых партнёраў, партнёраў дэмакратычнай Беларусі і мы вельмі ўдзячныя за такую аб'яднаную пазіцыю як дзейснага ўрада, так і апазіцыйных структур. Мы супрацоўнічаем і з прэзідэнтам Наўроцкім, і з прэм'ер-міністрам Тускам, і міністрам Сікорскім, які  вельмі дбае пра беларускую сітуацыю. Тобок, што тычыцца знешняй палітыкі, тут усё зразумела і падтрымліваецца ўсімі  структурамі. Усе разумеюць, што рэжым Лукашэнкі працягвае тэрор ў Беларусі, спрабуе даць больш прасторы для Расеі, для эскалацыі і што Лукашэнку ніколі нельга будзе адцягнуць ад Пуціна.

Што тычыцца беларусаў у Беларусі, то гэта людзі, якія глядзяць у бок Еўропы, якія маюць еўрапейскія каштоўнасці, якія глядзяць на Польшчу як на прыклад. І беларусам у такі цяжкі момант трэба канешне, дапамагаць.

Мы глядзім на прыклад польскай салідарнасці, на тое, як Польшча змагалася за сваю незалежнасць і колькім ахвяравала. І палякі таксама разумеюць, чаму трэба дапамагаць беларусам, каб вярнуць незалежнасць і свабоду Беларусі.

Пытанні, якія патрабуюць вырашэння

На сёння існуе нямала пытанняў, якія трэба вырашаць як для беларусаў у эміграцыі, так і для беларусаў унутры краіны.

— Ёсць, канешне і цяжкасці ў беларусаў, якія жывуць тут у Польшчы. Бо ёсць міграцыйныя пытанні, легалізацыйныя пытанні. Ёсць, напрыклад, пенсіянеры, якія апынуліся паміж небам і зямлёй, незразумела, як ім жыць, бо яны выгнаныя з краіны, а тут няма працоўнага стажу. Мы ў супрацы з адпаведнымі міністэрствамі ў Польшчы працуем над вырашэннем гэтых пытанняў. Але, калі з'яўляецца нейкая навіна, што стала больш адмоваў у прадастаўленні міжнароднай абароны, чым раней, канешне, гэта выклікае паніку сярод беларусаў. Бо рэпрэсіі дагэтуль працягваюцца, дагэтуль людзі вымушаныя з'язджаць, дагэтуль тэрарызуюць родных у Беларусі, якія таксама вымушаны з'язджаць. А яшчэ і КДБ распаўсюджвае інфармацыю, маўляў, Польшча больш не прымае.

Мы разумеем, увогуле эміграцыйная палітыка ва ўсёй Еўропе крыху змяняецца. Але ж беларусы — гэта не звычайныя эмігранты. Гэта людзі, якія бягуць ад рэпрэсій, ад рэжыму. Мы — вельмі законапаслухмяныя людзі. Хочам рабіць свой эканамічны ўнёсак у развіццё Польшчы і дапамагаць, як можам. Але ж падтрымаць беларусаў на гэтым шляху да пераменаў у нашай краіне вельмі-вельмі важна. Бо калі не вырашаныя самыя базавыя пытанні, немагчыма маральна нават аддаваць нейкія высілкі дзеля больш важнага.

Адна з галоўных праблем унутры краіны — атрыманне візаў, асабліва для родных тых, хто знаходзіцца тут у Польшчы. Калі мы кажам менавіта пра магчымасці людзей выязджаць, вандраваць, то, канешне, пытанне віз — адно з галоўных нявырашаных пытанняў. Разумею, што што Беларусь з-за дзеянняў Лукашэнкі — краіна-суагрэсар і не так шмат дыпламатаў засталося ў Беларусі... Але ўпэўнена, было б жаданне, то была б і магчымасць выдаваць больш візаў беларусам. Бачыць свет — гэта таксама такі ўнёсак у дэмакратыю, бо людзі бачаць, што адбываецца вакол і не толькі тое, што ім паказваюць у Беларусі, так скажам, з панскага пляча.

І канешне, мы заклікаем усе нашыя краіны-саюзніцы, каб яны знаходзілі магчымасць выдаваць больш візаў. Зараз у лідарах, скажам так, Германія, Італія, Венгрыя. Але мы ўдзячныя вельмі і Польшчы і Літве за такі асабісты падыход, калі там трэба чалавека эвакуяваць ці выдаць гуманітарную візу. Тобок Польшча робіць гэтыя намаганні.

І канешне мы заклікаем трымаць межы зачыненымі для рэжыму, але адчыненымі для людзей.

Пратэрмінаваныя пашпарты і пашпарт вольнай Беларусі

Чым далей, тым больш пытанне пратэрмінаваных пашпартоў становіцца актуальным для беларусаў у эміграцыі. Што робіцца ў гэтым кірунку?

— Мы разумеем, што гэта такі міжнародны тэрор з боку рэжыму, які пазбавіў людзей магчымасці мяняць пашпарты па-за межамі краіны. І канешне мы прапаноўваем альтэрнатыву беларускаму пашпарту. Мы стварылі свой пашпарт вольнай Беларусі, які абсалютна адпавядае усім еўрапейскім стандартам. І мы зараз крок за крокам рухаемся ў напрамку прызнання гэтага пашпарта. Гэта вельмі цяжкая працэдура, бо людзі ў выгнанні, сітуацыя нестандартная, і спатрэбіцца, канешне, палітычная воля, каб гэты пашпарт прызнаць. І чым больш такіх пашпартоў будзе на руках, тым больш будзе магчымасці гэты пашпарт прызнаць. Я разумею логіку, людзі не хочуць замаўляць пашпарт, бо, маўляў, што ён нам дасць зараз? А гэта ўсё ўзаемазвязана. У мяне тады няма аргументаў для таго, каб адстойваць яго прызнанне. 

Мы заўжды кажам, што каля паўмільёна беларусаў пакінулі краіну і хутка сотні тысяч людзей застануцца без пашпартоў. Але вось доказаў гэтаму няма. І нашы партнёры думаюць, можа і праблема невялікая. А яна вельмі вялікая.

Але ж, тым не менш, я вельмі ўдзячная Польшчы, Літве і некаторым іншым краінам за тое, што ёсць механізм, як абысці пратэрмінаваны беларускі пашпарт. Гэта пашпарты замежніка, гэта асобныя дырэктывы, як, напрыклад, у Германіі ці Партугаліі, каб выдавалі людзям дакументы ўжо на падставе пратэмінаваных пашпартоў. Але ж гэта ўсё вельмі кропкава. Нам, канешне, патрэбны сістэмны падыход. І я спадзяюся, што партнёры зразумеюць: нельга дазваляць дыктатарам дыктаваць свае ўмовы, мы зможам знайсці рашэнне гэтай праблеме і нам у гэтым дапамогуць. 

«Лукашэнка хоча ваыйсці сухім з вады»

Апошнім часам афіцыйны Мінск змяняе рыторыку адносна Польшчы. Ужо Польшча не такі вораг. З чым гэта звязана?

— Афіцыйны Мінск заўжды гуляў у гэтую гульню, і яны мяняюць сваю рыторыку ў залежнасці ад таго, адкуль вецер дзьме. З’яўляецца новая дынаміка ў рэгіёне. Мы бачым, наколькі моцная Польшча, наколькі Польшча прынцыповая ў сваіх падыходах да Беларусі, і гэта прымушае рэжым павярнуцца на 180 градусаў. І зараз ужо нечакана Польшча, не вораг, нечакана Польшча ўжо не хоча захапіць Беларусь. Але мы разумеем, што афіцыйнаму Мінску верыць нельга. Гэта сітуацыйная рыторыка.

Лукашэнка разумее, што ён загнаў і сябе, і ўсю нашу краіну ў вялікую залежнасць ад Расеі. А зараз Украіна так моцна сябе паводзіць, з'яўляецца новая дынаміка, усё можа змяніцца ў пэўны момант. І канешне ён хоча выйсці сухім з вады, ён хоча адчапіць свой карабельчык ад вайсковага карабля Расіі.

Ёсць праграма і грошы на першыя крокі

Сітуацыя ў рэгіёне мяняецца, ужо відавочна, што Расія прайграе вайну і для Беларусі можа адчыніцца вакно магчымасцяў. Ці гатовыя да гэтага дэмакратычныя сілы?

— Перш за ўсё хачу падкрэсліць, што акно магчымасцяў абавязкова адчыніцца і транзіт улады адбудзецца. І канешне мы ўжо зараз думаем пра постлукашэнкаўскую Беларусь. Мы разумеем, што вельмі важным будзе пытанне дабрабыту, развіцця. Мы ўжо працуем над эканамічнымі рэформамі. Мы таксама дамовіліся з Еўрасаюзам пра дапамогу на першапачатковым этапе у памеры 3 мільярдаў еўра. Але канешне гэтага будзе мала. Я ўпэўнена, што як толькі будуць зроблены першыя крокі па транзіту ўлады, свабодныя выбары, дэмакратызацыя, то, паверце, краіны Еўропы з вялікай ахвотай захочуць дапамагчы і падтрымаць Беларусь у гэты цяжкі перыяд.

Мы зараз працуем і з бізнесам. Выдатнае геаграфічнае становішча Беларусі, працавітыя законапаслухмяныя людзі — для інвестараў гэта будзе рай І пра гэта трэба размаўляць ужо зараз. Трэба будзе пазбаўляцца ад залежнасці ў сферы энергарэсурсаў ад Расіі. Пра гэта таксама думаем. І я не магу зараз сказаць беларусам, што пасля перамен усё будзе адразу цудоўна. Бо рэформы могуць быць недзе балючыя, недзе нечаканыя, недзе незразумелыя людзям. Але ж будзе задача новага ўрада, каб тлумачыць, дзеля чаго гэта робіцца, што гэта ўсё для беларусаў.

Хачу сказаць, што канешне інвестыцыі, бізнес — гэта ўсё добра, але ж самае галоўнае — гэта людзі. Трэба ствараць такія ўмовы, каб у людзей была ахвота вярнуцца. І не толькі дзеля матэрыяльнага, але і дзеля разумення, што ты аднаўляеш, адбудоўваеш краіну. Я думаю, што гэта будзе таксама вялікім матыватарам для шмат каго.

Адкрыць для сябе недыктатарскую Беларусь

Якой можа быць новая вольная Беларусь? Якой яе бачыць Святлана Ціханоўская?

— Хацела б бачыць Беларусь, дзе людзі разумеюць, што краіна пра іх клапоціцца. Адчуваюць, што яны ў бяспецы, што краіна іх любіць, што яны ёй патрэбны. Вось гэта адчуванне гонару за сваю краіну, якая, магчыма, будзе ў цяжкім стане, але будзе аднаўляцца. Людзі будуць хацець укладвацца ў гэтую краіну. Будуць адчуваць нацыянальны гонар.

Гэта будзе краіна, дзе ёсць паспяховыя бізнесоўцы, дзе крэатыўныя людзі маюць магчымасці, каб рэалізоўваць усе свае праекты. Краіна, якая становіцца прывабнай для турызму. Людзі едуць, каб адчуць нашую гісторыю, каб адкрыць для сябе, што ж такое новая, недыктатарская Беларусь.

«Не чытаць гэты бруд і жыць з болем тысячаў людзей»

Амаль кожны крок Святланы Ціханоўскай суправаджаецца шквалам хейту ў інтэрнэце. Хамскім і часта несправядлівым. Не кожны чалавек можа гэта вытрымаць і не спыніць сваю працу. Як з гэтым спраўляцца? І што на самай справе было самым цяжкім за гэтыя шэсць гадоў?

— Я навучылася не звяртаць на гэта ўвагі, навучылася не чытаць гэты бруд. Што тычыцца гэбэшных ботаў, гэта ўсё зразумела, ужо нават не прапускаеш праз праз сябе, гэта ўвогуле не кранае. А што тычыцца, скажам так, свабодных беларусаў, сярод іх ёсць людзі, якія дрэнна да мяне ставяцца, а то і ненавідзяць. Я вось заўжды думаю: «Ну калі у цябе такія пачуцці да мяне, мы ж сустракаемся, перасякаемся, дык падыйдзі, давай пагаворым. Давай высветлім, што не так». Але ж чамусьці, калі сутыкаемся ў прыватным жыцці, то людзі проста не хочуць размаўляць і міла ўсміхаюцца. А калі крытыка канструктыўная, мы заўсёды прыслухоўваемся, глядзім, дзе не дапрацавалі.

Самае цяжкае было жыць з болем тысячаў закатаваных людзей. Мне здаецца, што толькі ад пачатку 2026 года я неяк пачала дыхаць, мне стала лягчэй несці гэты цяжар на плячах. Ты адчуваеш кожны дзень боль за людзей і нават на хвілінку не можаш пазбавіцца гэтага болю. І толькі зараз, калі ідзе, хоць і даволі павольна, працэс вызваленняў, (спадзяюся, што будуць вызваленні і ў бліжэйшай будучыні),  толькі зараз я плечы расправіла. Але боль нікуды не падзеўся, мне проста стала крышачку лягчэй дыхаць.

Падрыхтавала Аксана Колб